Артыкул будзе распаўсюджвацца на здзелкі з нерухомасцю і замежнагандлёвыя аперацыі.
Беларускі бізнэс нарэшце вывучыў змены, унесеныя ў Падатковы кодэкс краіны, і выявіў, што акрамя прыемнага зніжэння стаўкі падатку на прыбытак і магчымасці пераносу страт 2011 года на бягучы перыяд дакумент змяшчае іншыя нормы, цалкам адпаведныя каманднай мадэлі кіравання эканомікай краіны.
У прыватнасці размова ідзе пра новы артыкул 30(1), што дапаўняе адзін з самых «рынкавых» законаў і адначасна ўносіць істотныя карэктывы ў трактоўку такіх тэрмінаў, як «рынкавы кошт» і «эксклюзіўны дылер/трэйдар/рэсэлер/пастаўшчык».
З 1 студзеня 2012 падатковыя органы атрымалі права на праверку ўсіх угодаў, у якіх цана на 20% адрозніваецца ад сапраўдных рынкавых, на думку падатковых органаў, цэн на ідэнтычныя тавары. Што такое правільны рынкавы кошт і крытэры ідэнтычнасці тавараў, закон дазваляе вызначаць менавіта падатковым органам.
У выпадку выяўлення такога разыходжання, якога суб’ект не зможа растлумачыць неабходнымі дакументамі, даследаваннямі і іншай доказнай базай, падатковыя органы прымусяць такое прадпрыемства пералічыць падатак на прыбытак зыходзячы з «правільных» цэнаў з усімі наступствамі
«Калі кошт на тавар, выкарыстаны плацельшчыкам для вызначэння падатковай базы па падатку на прыбытак, адхіляецца ад рынкавых цэнаў на ідэнтычныя (аднастайныя) тавары больш чым на 20%, у мэтах вызначэння неабходнасці карэктавання падатковай базы па падатку на прыбытак падатковы орган ажыццяўляе супастаўленне ўмоваў аналізаванай угоды з інфармацыяй аб рынкавых цэнах на ідэнтычныя (аднастайныя) тавары, якой ён валодае і якая адпавядае патрабаванням гэтага артыкула. Пры адсутнасці такой інфармацыі падатковым органам пры вызначэннi падатковай базы па падатку на прыбытак выкарыстоўваюцца метады, усталяваныя гэтым артыкулам.
Калі пасля супастаўлення цэн, выкарыстаных плацельшчыкам па ўгодах, з рынкавымі цэнамі будуць выяўленыя адхіленні ў бок павелічэння падатковай базы па падатку на прыбытак, разлічанай падатковым органам, у параўнанні з падатковай базай па падатку на прыбытак, адлюстраванай плацельшчыкам у падатковай дэкларацыі (разліку), у выніку чаго ў бюджэт быў недаплачаны падатак на прыбытак, падатковы орган мае права вынесцi рашэнне аб карэктаванні падатковай базы па падатку на прыбытак і пераразліку падатку на прыбытак такім чынам, як калі б вынікі гэтай угоды (угодаў) былі адлюстраваныя плацельшчыкам зыходзячы з рынкавых коштаў на адпаведныя тавары», — гаворыцца ў згаданым артыкуле.
Гэта значыць, можна прывесці проста прыклад. Суб’ект гаспадарання купляе кампутар, сабраны з якасных і, адпаведна, больш дарагіх камплектавальнікаў. Прыходзіць падатковая праверка, глядзіць цану, якая ў дадзеным выпадку можа адрознівацца ад ідэнтычных тавараў, сабраных з кітайскага браку, больш чым у 2 разы, і робіць пераразлік падатковай базы па падатку на прыбытак, натуральна, на карысць бюджэту. Калі ж суб’ект гаспадарання набыў тавар са зніжкай больш чым у 20%, то падатковыя органы могуць схадзіць «у госці» да прадаўца тавару.
І хоць у артыкуле Падатковага кодэкса напісана, што падатковыя органы павінныя ўлічваць такія фактары, як сезонныя ваганні попыту на тавары, страта якасці або іншыя спажывецкія ўласцівасці, заканчэнне тэрміну прыдатнасці або рэалізацыі тавараў, маркетынгавую палітыку пры прасоўванні на рынкі новых тавараў, гэта нічога не змяняе, бо
падатковыя органы атрымалі інструмент уздзеяння на непажаданы бізнэс і гэтым інструментам можна круціць у любы бок як дышлем.
Яшчэ адна навіна ў беларускай эканоміцы — кантроль над угодамі з адным і тым жа вонкавым контрагентам, якія перавышаюць у сукупнасці суму 20 млрд рублёў на працягу аднаго падатковага перыяду.
«Падатковыя органы ў ходзе праверкі (за выключэннем камеральнай) маюць права правяраць адпаведнасць падатковай базы па падатку на прыбытак, акрэсленай і адлюстраванай плацельшчыкам у падатковай дэкларацыі (разліку) па падатку на прыбытак на падставе прымененых ім цэн, падатковай базе па падатку на прыбытак, вызначанай падатковым органам з улікам рынкавых коштаў, у выпадках… ажыццяўлення замежнагандлёвай дзейнасці, калі кошт угоды (угодаў) з адной асобай перавышае на працягу аднаго каляндарнага года 20 мільярдаў беларускіх рублёў на дату набыцця або на дату рэалізацыі тавару», — гаворыцца ў дакуменце.
Гэта значыць, гаворка ідзе ўсяго пра суму 2,4 млн даляраў. Сэнс такога абмежавання можна растлумачыць толькі тым, што беларускія суб’екты гаспадарання, якія займаюцца актыўным імпартам ва ўмовах дэфіцыту валюты і акрэсленых «партыяй і ўрадам» задач па выхадзе на дадатнае сальда замежнага гандлю, увядуць самаабмежаванне дзеля таго, каб пазбегнуць павышанай увагі з боку падатковых органаў. Бо нават калі з бухгалтэрыяй усё ў парадку (што ў прынцыпе немагчыма ў краіне для народа) любая праверка ўносіць пэўны дыскамфорт у дзейнасць любога прадпрыемства.
Зрэшты, той факт, што ні адзін чыноўнік або дэпутат не згадваў пра артыкул 30(1) падчас абмеркавання законапраекта, сведчыць, што ўсе заявы і каментары беларускіх чыноўнікаў аб тым, што краіна паступальна рухаецца ў бок удасканалення рынкавых адносінаў, з’яўляюцца ўсяго толькі адкрытым піярам так званага інвестыцыйнага іміджу краіны,
у той час як на практыцы любы закон у адну хвіліну пры маўклівай згодзе «народных абраннікаў» можна адаптаваць пад патрэбы дзейнага рэжыму.
Любыя каментары прадстаўнікоў МПЗ, Мінфіна, Мінэканомікі і г.д. на дадзеную тэму з аргументацыяй, што заканадаўчыя змены былі прынятыя дзеля барацьбы з нядобрасумленнымі падаткаплацельшчыкамі і карупцыяй, не вытрымліваюць крытыкі,
бо ў распараджэнні беларускіх уладаў на сённяшні дзень ёсць і без таго занадта разнастайны інструментарый для вядзення пераможнай вайны з так званым злом. У дадзеным канкрэтным выпадку — з зачаткамі рынкавай эканомікі.
Каментары