Меркаванні4242

Міма Танка, альбо Непрачытаны верш

Піша Сяргей Ваганаў.

На мінулым тыдні Вадзім Гігін, галоўны спец па рэдагаванні «беларускай думкі» ў патрэбны ўладзе бок, нарадзіў думку, здавалася б, нечаканую. «На мой погляд, — сказаў Гігін, — Танк варты манумента ў Мінску, роўнага помнікам Купалу, Коласу і Багдановічу». Нагадаўшы пра набліжэнне 100-годдзя паэта, Гігін у якасці доказу гэтай бясспрэчнай вартасці выказаўся так: «...Ён жа быў сапраўдным песняром вызваленчай барацьбы народа Заходняй Беларусі».

Апошні раз пра «песняра вызваленчай барацьбы» я чуў недзе ў 6-м ці 7-м класе. Калі адлічыць ад танкаўскага 100-годдзя, атрымаецца 1954 ці 1955 год.

...Нарач, ланцуг высачэзных таполяў, што збягаюць з высокага ўзгорка да вады, за ім — руіны былога яхт-клуба Пілсудскага, ад якіх нават у хмарны дзень праз бягучыя па вадзе цені аблокаў відно было аж да «сіняга», як тутэйшыя пазначалі колер глыбіні, нарачанскае дно... Ну а далей, на ўзгорку, нават вышэйшым за «пілсудскі» — тры хаціны, яшчэ не пацямнелыя ад часу, моцна ўчапіліся ў наднарачанскую вышыню...

Гэтыя тры хаціны — першае, што я бачыў, прачнуўшыся, праз акенца Мацеевай хаты на ўскрайку Купы. Хата тулілася да самага возера, яно ці не плёскалася ў тое акенца, даруючы праз счарнелае шкло сваё неверагодна сіняе святло...

Раз на тыдзень я садзіўся на Мацееў ровар з заезджанымі тоўстымі коламі і пёрся, налягаючы на скрыпучыя педалі, да невялічкай крамы па хлеб міма тых трох хацін, углядаючыся ў жыццё за плотам. Адным на ўсіх, дарэчы. Паміж хатамі плота не было.

Вось Танк, нахіліўшыся над нізенькімі дрэўцамі саду, беліць іх вапнай, Куляшоў, прыгладжваючы валасы, чытае на лаўцы кніжку, прытрымліваючы старонкі ад ветру, а сівы Лынькоў у цяльняшцы нешта майструе ў лодачным рухавіку...

Я так хацеў прачытаць Танку ягоны верш пра Нарач, дзеля чаго вывучыў яго на памяць: «Люблю твае, Нарач, затокі і тоні...»

Не ўдалося... Не адважыўся... Толькі міма...

Ці не прайшла міма Танка Беларусь?

З уладай і яе намаганнямі зрабіць з песняроў Беларусі песняроў рэжыму ўсё ясна. Гэта яна ўслед папярэднікам з іхняй меліярацыяй, хімізацыяй ды курортнай зонай амаль канчаткова раструшчыла Нарач з наваколлем, ператварыўшы іх у смярдзючую квадрацыкламі «зону» для сафары. Знішчыла, па сутнасці, жывы помнік Паэту, а зараз клапоціцца аб помніку «песняру вызваленчай барацьбы»...

Але чаму антылукашэнкаўская, незалежніцкая Беларусь прайшла міма? Асабліва тая яе частка, якая ўзводзіць платы паміж пакаленнямі і па-бальшавіцку трушчыць пад сабой гістарычную глебу, вышукваючы, падобна патолагаанатамам, у волатаў беларускага духу нешта прыкра савецкае, нібыта здрадніцкае... Як быццам у тыя, савецкія часы, у Беларусі панавалі толькі нейкія пачварныя прыблуды, а беларусаў з іх болем і радасцю, стратамі і здабыткамі, з іх мужнасцю і неверагоднай цярплівасцю быццам бы і не было...

...Аднойчы я ўбачыў, як да берага набліжаецца нешта яскрава аранжавае, зусім нязвыклае для нарачанскіх колераў. У невялічкай гумавай лодцы сядзеў светлавалосы хлопчык і ляпаў абе-дзвюма рукамі па вадзе. «Дай пакатацца!» — узрадаваўся я таму, што не прыйдзецца больш цягаць па пяску цяжкі Мацееў човен. Хлопчык моўчкі адвярнуў ад берага і хуценька заляпаў у бок трох хацін...

Пяць гадоў таму Максімка, а цяпер Максім Яўгенавіч, узгадаў, расказваючы пра бацьку ў адным з інтэрв’ю, што ён завяшчаў

«...не называць яго імем ні вуліц, ні ўстаноў. І не ставіць помнікаў, не вешаць мемарыяльных дошак. А на пахаванні не несці ордэнаў…». І пахаваць сябе папрасіў на сціплых вясковых могілках на радзіме.

Нехта можа палічыць, што за гэтым завяшчаннем хаваецца нейкая крыўда на звар’яцелы час. Мне ж здаецца, што ён так любіў Беларусь, да такой глыбіні яе «сіняга», што наўпрост прасіў не перашкаджаць яму ў гэтай любові...

А той непрачытаны верш, дарэчы, напісаны ў 1937-м...

Глядзець таксама:

Грош цана

Чорны пакет

Дразды праўлення

Невядомая гісторыя

Забаронцы Айчыны

Каментары42

Цяпер чытаюць

Уіткаф і Кушнер ацанілі сустрэчу ў Кіеве. Зяленскі падарыў ім футболкі з надпісам «Київський режим»5

Уіткаф і Кушнер ацанілі сустрэчу ў Кіеве. Зяленскі падарыў ім футболкі з надпісам «Київський режим»

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін прызнаўся Уіткафу і Кушнеру, што яму камфортна з імі працаваць8

Больш за двое сутак у дарозе. Беларуска расказала, як з'ездзіла ў аўтобусны тур у Грузію7

Да канца месяца мінскія вуліцы загадалі вызваліць ад аўтахламу4

У Брэсцкай крэпасці збіраюцца аднавіць мост на Пагранічны востраў. Так будзе прасцей турыстам5

Мінскія ўлады расказалі, як будуць змагацца з «акіянам аўтамабіляў» у дварах13

Ва Уздзенскім раёне на гіганцкай патэльні за раз прыгатавалі 150 кілаграмаў смажанай бульбы ФОТЫ7

У Мядзеле мужчына паставіў на паркоўку замест машыны табурэтку4

Прэзідэнт Сербіі Вучыч замест поўнай адстаўкі збіраецца перасесці ў крэсла прэм'ера2

Канцэрн Volkswagen скароціць 50 тысяч працоўных месцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Уіткаф і Кушнер ацанілі сустрэчу ў Кіеве. Зяленскі падарыў ім футболкі з надпісам «Київський режим»5

Уіткаф і Кушнер ацанілі сустрэчу ў Кіеве. Зяленскі падарыў ім футболкі з надпісам «Київський режим»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць