Літаратура11

Тры мяхі дзядзькі Рыгора

У серыі «Кнігарня «Наша Ніва» выйшла кніга гутарак з Барадуліным. Піша аўтар Сяргей Шапран.

Яшчэ на пачатку 2008 года Аляксандра Дынько прапанавала падрыхтаваць для «нашаніўскай» серыі кнігу гутарак з Рыгорам Барадуліным. Я, вядома, пагадзіўся, хоць, безумоўна, прапанова гэтая была не толькі ганаровай, але і дужа адказнай. Згоду даў і Рыгор Іванавіч. І вось цяпер я вельмі ўдзячны і «Нашай Ніве», і выдавецтву Ігара Логвінава за тое, што справа была даведзеная да лагічнага фіналу — кніга нарэшце з’явілася.

Першая гутарка менавіта для гэтай кнігі датуецца кастрычнікам 2008 года (хоць у яе ўвайшлі і ранейшыя нашы гутаркі з Барадуліным — пачынаючы ад 1999 года),
гаварылі мы пяць гадзін запар. Аднак у далейшым сустрэчы адбываліся зрэдчас і былі не такія працяглыя, перш за ўсё з-за стану здароўя Рыгора Іванавіча. Мабыць, яшчэ і таму, што сам ён не надта верыў, што нешта з такой задумы можа атрымацца. Пакуль летам 2010 года не прачытаў чарнавыя накіды да кнігі. Ухваліўшы зробленае, Барадулін згадзіўся на працяг размоў, якія ў кастрычніку-снежні адбываліся ўжо рэгулярна. Так і сабралася гэта кніга — па сутнасці, адна вялікая гутарка пра мінулае, сённяшні час і будучыню. Гутарка даўжынёю ў адзінаццаць гадоў.

Размова ішла не толькі пра чалавечы і творчы лёс народнага паэта Беларусі, але і пра родную Ушаччыну, пра маму Акуліну Андрэеўну і самых блізкіх сяброў: Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева. І ў непарыўнай сувязі з гэтым — пра літаратуру, пра родную мову і пра краіну, у якой Барадулін даўно адчувае сябе, па ўласным вызначэнні, іншакраінцам.
Назва кнігі («Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным»), дарэчы, невыпадковая — ад самага пачатку хацелася падкрэсліць, што
тут поруч з сур’ёзнымі тэкстамі прысутнічаюць і жартоўныя тэмы,
бо такі характар ў дзядзькі Рыгора, такая ўжо яго паэзія — разам з высокім словам ужываюцца і эпіграмы і вушацкія «прыбабунькі».

Вялікай патрэбы ў такой кнізе магло б не быць, калі б Рыгор Іванавіч напісаў свае ўспаміны ці праз усё жыццё вёў дзённік.
Аднак яго ўспаміны носяць даволі эпізадычны характар і прысвечаны ў бальшыні выпадкаў вядомейшым беларускім пісьменнікам: Васілю Быкаву, Уладзіміру Караткевічу, Пімену Панчанку, Пятрусю Броўку, Міхасю Стральцову, Анатолю Вялюгіну… Так, там ёсць знакавыя асобы, але — мала самога Барадуліна. Дзённікаў дзядзька Рыгор мэтанакіравана, наколькі ведаю, таксама не вёў — дзённікавыя запісы рабіліся ім часу ад часу. А вось
у гэтай кнізе мы паспрабавалі разам з Рыгорам Іванавічам падсумаваць нейкія, на шчасце, яшчэ не канчатковыя вынікі яго жыцця — жыцця творчага і жыцця чалавечага.
Да таго ж мяне вельмі цікавіў сённяшні настрой Барадуліна: з якімі думкамі-турботамі прачынаецца і кладзецца спаць адзін з найвялікшых беларускіх паэтаў? Чаму ім апаноўвае душэўны неспакой і часам нават адчай? З якім пачуццём глядзіць ён на мінулае і ці бачыць падставы для аптымізму ў будучым? Пра што шкадуе і на што спадзяецца? Бясспрэчна, адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна паспрабаваць знайсці ў паэзіі Барадуліна, і там яны сапраўды ёсць, але адказы ўсё ж далёка не на ўсе гэтыя пытанні. Увогуле, я б ахарактарызаваў «Тры мяхі», як кароткі аўтабіяграфічны жыццяпіс Барадуліна, а, з іншага боку, гэта ў нечым і своеасаблівы аўтарскі каментар да яго ўласнага лёсу і творчасці. То бок
гэта такая кніга, якой у барадулінскай бібліяграфіі дасюль яшчэ не было.

Я больш за дваццаць гадоў займаўся журналістыкай і працаваў пераважна ў жанры інтэрв’ю. На вялікі жаль, у журналістыцы існуе такое паняцце — інфармацыйная нагода. То бок калі няма нейкай нагоды, дык і інтэрв’ю нібыта не варта рабіць. Таму неаднойчы атрымлівалася, што і хочацца гутарку зрабіць, але хто яе надрукуе? Толькі да чарговага юбілею. Аднак паміж юбілеямі, як вядома, здараюцца пяцігадовыя перапынкі, гэта нібыта такі «мёртвы сезон», калі чалавека ўзгадваюць толькі зрэдчас. Па-другое, для газетнага інтэрв’ю не пра ўсё будзеш пытацца хоць бы таму, што ты абмежаваны ў памерах публікацыі. У выпадку ж з «Трыма мяхамі» ніякай абмежаванасці не было,

я спытаў дзядзьку Рыгора літаральна пра ўсё, пра што ў той час мне хацелася ў яго запытацца.

Фігуры такога маштабу, як Рыгор Барадулін, вартыя таго, каб любое іх слова — паэтычнае ці публіцыстычнае — было надрукаваным. А час ужо сам расставіць усё па сваіх месцах — ці будзе гэтае слова Барадуліна, гэтая яго кніга запатрабаванай, ці яна застанецца толькі ў сённяшнім, 2012 годзе.

* * *

Прэзентацыя кнігі Сяргея Шапрана «Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным» адбудзецца 10 мая (чацвер) у кнігарні «Логвінаў» (пр. Незалежнасці, 37а). Пачатак, а 19-й.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу17

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу

Усе навіны →
Усе навіны

У Рызе выявілі групу расейскіх інфарматараў з ліку грамадзян Латвіі, два з іх паспелі з'ехаць у Беларусь3

Трамп заявіў, што больш не абавязаны думаць пра мір, бо яму не ўручылі Нобелеўскую прэмію міру23

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША85

Асудзілі 33‑гадовую бухгалтарку з Брэста — імаверна, па справе Гаюна

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці ДТЗ у Грозным: загінуў кіроўца аўто, у які ўехаў картэж Адама Кадырава8

ДТЗ на МКАД: таксоўка ўрэзалася ў дарожную тэхніку, пацярпелі двое дзяцей

Якія гістарычныя аб’екты ў Мінску адрэстаўруюць у наступныя гады1

Аварыя на цепламагістралі ў Мінску — жыхары пяці раёнаў могуць застацца з халоднымі батарэямі4

Больш за 20 чалавек загінулі на поўдні Іспаніі ў чыгуначнай катастрофе5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу17

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць