Меркаванні66

Кананізацыя Сямашкі

Піша Сяргей Абламейка.

Камэнтары чытачоў да майго папярэдняга тэксту пра кананізацыю мітрапаліта Іосіфа Сямашкі дазваляюць зрабіць дзьве высновы.

Па-першае, многія камэнтатары сваімі пастамі паказалі, што не зусім зразумелі майго тэксту і мэты яго напісаньня. Я прывёў там некалькі малавядомых гістарычных фактаў і прапанаваў новую трактоўку некаторых гістарычных падзеяў зусім не для таго, каб заклікаць некага пераходзіць у каталіцтва ці уніяцтва. Зусім не, крый Божа! Хай усе ходзяць у тыя храмы, куды іх вядзе іх сумленьне.

Гістарычныя факты пра хістаньне нашых продкаў і нашай царквы паміж Канстантынопалем і Рымам, згадкі пра сем уніяў XV–XVI стагодзьдзяў спатрэбіліся мне для таго, каб паказаць, якой неадназначнай была наша гісторыя і як яна ня ўпісваецца ў схему, распрацаваную ў ХІХ стагодзьдзі гісторыкамі Расейскай імпэрыі. Веданьне сапраўднай беларускай царкоўнай гісторыі, на маю думку, павінна выклікаць у людзей павагу да ўсяго, што з намі адбывалася, і да ўсіх тых, хто сёньня зьяўляецца прыхільнікам таго ці іншага пэрыяду гэтай гісторыі. Усе мы беларусы, а нашы прыярытэты і перавагі маюць пад сабой гістарычныя падставы. Гэта ўсё — наша пакутная і шматаблічная гісторыя, гэта ўсё — наша Беларусь і мы самі, яе дзеці.

Па-другое,

зьмест палемікі пад папярэднім блогам зноў паказаў, наколькі моцна нас усіх трымае канфэсійны падыход да гісторыі.
Наогул, канфэсійная сытуацыя ў краіне значна больш важная і значна больш уплывае на нас, чым мы гэта заўважаем і разумеем. Гэта, відаць, сапраўдны праклён Беларусі — яе царкоўная гісторыя.

І як тут зноў і зноў ня думаць пра кананізацыю мітрапаліта літоўскага Іосіфа Сямашкі. Я лічу, што галоўная і найтрагічнейшая «заслуга» гэтага царкоўнага дзеяча ў тым, што беларусы сёньня думаюць, што ходзяць у праваслаўныя цэрквы, хоць, насамрэч, яны ходзяць у цэрквы расейскія…

Нашу гуманітарыю, нашу сьвядомасьць і нават мараль наўсьцяж працінае канфэсійнасьць. Тое вынікла з нашай трагічнай гісторыі, і мы сёньня такія слабыя і маніпуляваныя больш моцнымі суседзямі таму, што ня можам гэтай канфэсійнасьці пазбыцца і замяніць яе на адзіна правільны нацыянальны падыход да ўсяго. Падыход інтэграваны і ўсёдаравальны — усё, што з намі было, усё наша.

А ў выніку адсутнасьці такога падыходу і нашай духоўнай несамастойнасьці адбываюцца фатальныя для народнай маралі рэчы. Мараль наогул — ці не самае важнае, што народу для нацыянальнага існаваньня і нацыянальнага імунітэту патрэбна. Многія знакавыя і сымбалічныя рэчы, што з намі адбываюцца і якія сьведчаць пра няўхільны скон нашай народнай душы і самога нашага народу, маюць найперш маральнае вымярэньне.

Кананізацыю Сямашкі адзін мой праскі сябар назваў чарговай «лініяй Сталіна» ці чарговай вуліцай Суворава, і ён мае абсалютную рацыю. Сапраўды, вуліцы Суворава ў беларускіх гарадах, помнікі Леніну, лінія Сталіна, вандалізм у Курапатах і сама цяперашняя палітычная сыстэма ў краіне — усё гэта найперш праблемы маральнага і духоўнага стану народу. І кананізацыя мітрапаліта Сямашкі — гэта, у прынцыпе, яшчэ адна вуліца Суворава ці яшчэ адна Лінія Сталіна. Але ёсьць адно «але», адна папраўка, і сфармуляваць яе можна так: СПАЧАТКУ БЫЎ СЯМАШКА, А ПАСЬЛЯ ЗЬЯВІЛАСЯ ЎСЁ АСТАТНЯЕ. Калі б не было Сямашкі, не было б і лініі Сталіна, і вуліцы Суворава ў нашых гарадах ужо даўно пазьнікалі б, і цяперашняй улады ў Беларусі магло б ніколі ня быць. Сямашка — галоўны антыгерой беларускай гісторыі ХІХ стагодзьдзя і галоўны герой Расеі таго часу, гэта менавіта ён, а не Мураўёў-вешальнік зрабіў найболей для перамогі «русского дела в Западном крае»…

А маленькіх «лініяў Сталіна» (або вуліцаў Суворава etc.) у Беларусі ўсё болей і болей.

Адну зь іх у лютым 2012 году я знайшоў на Вайсковых могілках у цэнтры Менску.

У 2010 годзе ў сталіцы Беларусі пачалася адбудова царквы Сьвятога Духа на Пляцы Волі. Царква гэтая была храмам двух уніяцкіх базыльянскіх манастыроў, муры якіх шчасьліва захаваліся побач з царквой да нашых дзён, прычым, адзін зь іх, жаночы, зьяўляецца найстарэйшым мураваным будынкам сёньняшняга Менску — яго аснова сягае ў XVI стагодзьдзе. У 1936 годзе перабудаваная ў ХІХ стагодзьдзі на расейскі праваслаўны катэдральны сабор Сьвятадухаўка была ўзарваная. Выбух ня толькі разбурыў сьцены, але і пашкодзіў некаторыя пахавальныя крыпты ў лёхах царквы. І вось калі ў 2010 годзе будаўнікі раскапалі падмуркі Сьвятадухаўкі, яны знайшлі і шэраг чалавечых парэшткаў. Да таго ж, будаўнікі разбурылі і непашкоджаныя пахавальныя крыпты ў падмурках, дзе знайшлося і адно нятленнае цела ў царкоўным аблачэньні. Бедныя менскія грэка-католікі прасілі ўлады, каб людзкія парэшткі аддалі ім для належнага ўшанаваньня і перапахаваньня, служылі ля будаўнічай пляцоўкі малебны — нічога не дапамагло. Улады круцілі-муцілі, абяцалі вярнуць косьці ў царкву і нават аднавіць крыпту ў лёхах новазбудаванай копіі храму, але ўрэшце нятленнае цела аказалася ў Акадэміі навук «для вывучэньня», а косьці бязь сьледу зьніклі.

Зрэшты, у 2011 годзе яны знайшліся. Аказалася, што праваслаўныя (!) сьвятары пахавалі іх у брацкай магіле на вайсковых могілках у Менску. На маленькай непрыкметнай магіле паставілі крыж зь дзікім, як на маё разуменьне, надпісам:

«Здесь покоятся останки христиан, обретенные при строительстве концертного зала детской филармонии на пл. Свободы в Минске».

Крыж той за год ужо двойчы ламалі, ляжыць ён зламаны і цяпер… Нехта ўсё ня можа супакоіцца. Відаць, канфэсійны падыход не дае.

А насамрэч падзея, якую я апісаў, — страшная.
Яна паказвае ў якой маральнай прорве знаходзіцца беларускае грамадзтва ў выніку канфэсійнага падыходу да сваёй гісторыі. Заснавальніцай базыльянскага манастыра ў Менску была дачка вялікага канцлера літоўскага, стваральніка Статуту 1588 году Лява Сапегі Кацярына Сапяжанка, яна была першай ігуменьняй менскіх базыльянак і ў царкве Сьвятога Духа была пахаваная. Таксама ў царкве Сьвятога Духа ў палове XVIІ стагодзьдзя супакоіўся і фундатар царквы, кіеўскі уніяцкі мітрапаліт Антоні Сялява. Гэта — выдатныя асобы і пэрсанажы беларускай гісторыі без увагі на іх канфэсійную прыналежнасьць, і калі б нават падазрэньне было на тое, што іх парэшткі могуць аказацца сярод адкапаных касьцей, іх трэба было б належным чынам ушанаваць. А тут ніякага падазрэньня — гэта дакладны гістарычны факт, што ігуменьня Кацярына Сапяжанка і кіеўскі мітрапаліт Антоні Сялява былі пахаваныя ў гэтай царкве. І вось іх парэшткі апаганеныя і ананімна пахаваныя ў брацкай магіле пад цынічным надпісам…

Насамрэч, выкіданьне мошчаў са Сьвятадухаўкі — гэта гвалт над нашымі духоўнымі каранямі. Парэшткі беларускіх дзеячоў — ігуменьні Кацярыны Сапяжанкі, мітрапаліта Антонія Сялявы (як і сотняў іншых, розных веравызнаньняў, якія былі апаганеныя або яшчэ будуць апаганеныя) — былі і ёсьць сапраўдным духоўным карэньнем нацыі, мэтафізычным сховішчам нашага нацыянальнага духу, яго апірышчам. Нацыянальны дух нябачна і неадчувальна бруіўся і бруіцца адтуль, з-пад зямлі, і падмацоўвае жывы арганізм нашага народу. Такім містычным духоўным апірышчам і крыніцай духу зьяўляюцца наогул ўсе старажытныя муры нашых гарадоў і мястэчак. Таму ворагі заўсёды дратавалі і дратуюць ня толькі гісторыю, памяць і матэрыяльныя яе ўвасабленьні, але і магілы продкаў, могілкі. У 2010 годзе растапталі і апаганілі яшчэ адну містычную крыніцу народнага духу ў падмурках менскай Сьвятадухаўкі.

І тут (зноў кажу) ня важна, да якой канфэсіі належалі выдатныя дзеячы нашай гісторыі, магілы якіх былі апаганеныя ў апісаны вышэй спосаб. Такой самай жорсткай маральнай ацэнкі заслугоўваў бы і факт апаганьваньня магілы некага з праваслаўных ці пратэстанцкіх дзеячоў нашай гісторыі.

Адзіна слушны і адзіна правільны падыход да гісторыі нам ў ХІХ стагодзьдзі падмянілі падыходам канфэсійным. І сёньня ўжо не разабрацца, дзе, што і як перакручана ў беларускіх галовах, нават у лепшых зь іх. Сёньня я магу адназначна сьцьвярджаць, што ня можа існаваць праваслаўнай дзяржавы «Беларусь» зь беларускай дзяржаўнай мовай. Як яе сёньня і няма. Многія і многія людзі, лепшыя людзі Беларусі, кандыдаты і дактары навук, не разумеюць, што ня можа ўжо ў прынцыпе быць праваслаўнай Беларусі, а можа быць толькі праваслаўны расейскамоўны Паўночна-Заходні край. Праваслаўная Баўгарыя магчымая, праваслаўныя Сэрбія, Румынія і Расея магчымыя, а вось Беларусь — не. Беларусь можа быць толькі шматканфэсійнай. І толькі тады — маральнай.

Я ўсё ж веру, што некалі і наша краіна стане маральнаю, што некалі і ў нас пачнуць паважаць ня толькі большасьці, але і меншасьці.

Вядома, маліцца да Сямашкі таму, хто гэтага хоча, не забароніш.
Людзі маюць на гэта поўнае права. Але, на маю думку, ушаноўваць Сямашку ў Беларусі, а тым больш маліцца да яго, можа толькі той, у каго нелюбоў да іншай канфэсіі большая за любоў да свайго народу і да сваёй радзімы. А гэта ўжо — фанатызм, які ня мае нічога агульнага з хрысьціянскай маральлю, або — СЬВЯДОМЫ ПАЛІТЫЧНЫ ВЫБАР.

Неяк цяжка ўявіць беларускамоўнага беларуса перад абразом з выявай мітрапаліта Іосіфа…

Каментары6

Цяпер чытаюць

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак22

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Усе навіны →
Усе навіны

Праз пагрозу дронаў перастаў хадзіць аўтобус з Навазыбкава ў Гомель1

БелАЗ выпрабоўвае самазвал з аўтаномным кіраваннем. Сам ён пад Лунінцам, а кіруюць ім з Мінска2

20‑гадовага забойцу ўкраінскай дэпутаткі Ірыны Фарыён асудзілі на пажыццёвае зняволенне4

«Магілёўліфтмаш» выпусціць ліфт для хмарачосаў3

Беларус пад Мінскам на чатырох сотках вырасціў тону батату

Скандал на фотаконкурсе мікравыяваў Nikon: пераможцу западозрылі ў выкарыстанні штучнага інтэлекту

За 146 парушэнняў і два ДТЗ — тры месяцы без правоў. У Мінску са скрыпам пакаралі кіроўцу Bentley8

Кубракоў заявіў, што наркадылеры перакідваюць наркотыкі з Польшчы ў Беларусь з дапамогай метэазондаў14

Стала вядома пра смерць доўгажыхаркі Марыі Канановіч з Валожыншчыны, якой па пашпарце быў 121 год7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак22

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць