Архіў

Генрых Сьвятаволіч. 350 гадоў таму пад Лоевам

№ 13 (134) 1999 г.


 

Генрых СЬВЯТАВОЛІЧ

350 гадоў таму пад Лоевам

 

Казацкая вайна, распачатая ў 1648-м ва Ўкраіне Багданам Хмяльніцкім, ахапіла, як вядома, і паўднёвыя ды ўсходнія паветы Беларусі, куды ўкраінскі гетман засылаў унівэрсалы і сваіх людзей. Пасьля цяжкага першага году змаганьня Хмяльніцкі рыхтаваўся да рэваншу. Каб «разабрацца з палякамі», армію Вялiкага Княства яму найважней было затрымаць у Беларусi, дзеля чаго тут зноў раздзімалася полымя вайны.

Гетман Януш Радзівіл, які за зіму здолеў утаймаваць паўстанцаў у Беларусі, вясною таксама энэргічна рыхтаваўся да працягу дзеяньняў. На лета ён сабраў да 6 тысяч жаўнераў пад Рэчыцай і стаў шыхавацца да маршу на Ўкраіну. Не дапускаючы яго да супольных дзеяньняў з палякамi (каб «бавіўся ў сваім краі!»), Хмяльніцкі ў чэрвені накіраваў у Беларусь трохтысячны загон Галоты, а следам — палкоўніка Галавацкага. Пад Загальлем, на Прыпяці, Галота атакаваў харугвы Валовіча, але, хоць сілы меў нашмат перасяжныя, пацярпеў паразу і сам загінуў у сечы. А Галавацкі натрапіў на засаду пад Рэчыцай і скончыў тым жа.

Тады, каб паправіць становішча, Хмяльніцкі сьпешна паслаў 12 тысячаў на чале з Пабадайлам да Лоева, загадаўшы заблякаваць пераправу праз Дняпро. Той спаліў Лоеў і пасьпеў добра ўмацавацца на левым беразе ракі. А Радзівіл ужо пакінуў Рэчыцу і стаў кіравацца проста на Кіеў. Плянаваў пераходзіць праз Дняпро ніжэй Лоева, захапіўшы пераправу ўдарамі з двух бакоў. Аднак перад самым пачаткам апэрацыі выведнікі данесьлі, што Хмяльніцкі выслаў супраць Януша свайго любімага палкоўніка Міхаіла Крычэўскага на чале 15 тысячаў казакоў!

У адно імгненьне сытуацыя радыкальна зьмянілася. Адмовіўшыся атакаваць пераправу, князь Януш загадаў умацаваць абоз і стаў рыхтавацца да бітвы. Тысячу коньнікаў на чале з Адамам Паўловічам накіраваў на ўмацаваньне Рэчыцы, а другую тысячу з Самулем Камароўскім адправіў «на шаты» — вызначыць дакладнае месцазнаходжаньне Крычэўскага. Але Крычэўскі дзейнічаў настолькі імкліва, што ўжо раніцай 31 ліпеня зусім нечакана зьявіўся пад Лоевам і адразу ж атакаваў лягер Радзівіла.

Першая казацкая атака на абоз была адбітая пяхотай з ручной зброі, дзякуючы чаму Радзівіл пасьпеў расставіць свае харугвы (па цэнтры — кавалерыю, па бакох — пяхоту і драгунаў) ды кінуць іх у контратаку. Гусары Невяроўскага моцна паціснулі правае крыло казацкай арміі, аднак прасунуліся задалёка, так што ў іх тыл сталі заходзіць казакі з процілеглага флянгу.

Яшчэ невядома, чым скончылася б сеча, каб не шчасьлівы для Радзівіла і нечаканы для Крычэўскага ўдар вершнікаў Паўловіча, які вяртаўся з Рэчыцы і, здалёк учуўшы бітву, наляцеў на непрыяцеля збоку. Адначасова правае крыло казакоў было атакаванае гусарамі Вінцэнта Гасеўскага. Ня вытрымаўшы шалёнага ціску з двух бакоў, чаркасы адступілі да густога лесу і заселі там, хуценька стварыўшы ўмацаваны лягер.

Радзівіл тым часам расправіўся зь людзьмі Пабадайлы, а потым зноў узяўся за Крычэўскага. Да начной цемры працягваліся атакі на ягоныя акопы, а ўначы казакі ўцяклі зь месца бітвы, кінуўшы на насілах свайго цяжка параненага камандзіра.

То была поўная перамога 5-тысячнай арміі князя Радзівіла над прынамсі ўтрая большымі сіламі славутага палкоўніка ў самай значнай бітве тых гадоў у Беларусі. Войска Крычэўскага перастала існаваць (толькі забітых чаркасаў у дзевятнаццаці курганах пахавалі ажно 7 тысячаў), табары былі захопленыя, а сам зьняволены палкоўнік памёр у абозе гетмана.

Гэты лоеўскі трыюмф палявога гетмана, бяспрыкладны ў той бязьлітаснай вайне, уславіўся потым на карцінах і шпалерах, аб чым парупіўся сам Януш. Бляскам перамогі па вялікім рахунку ён быў абавязаны тым ваенным ведам, якія пасьпеў здабыць на Захадзе.

Застаецца дадаць, што ў Лоеўскай сечы беларусы біліся па абодва бакі: з Крычэўскім былі тыя, хто ўцёк у Запароскае войска, ды ўзбунтаваныя палескія сяляне, а з Радзівілам — шляхта і жаўнеры, набраныя ў беларускіх паветах. Дапамагалі яму і мяшчане ды аддзелы валюнтарыюшаў зь мясцовага люду. На знакавым узроўні Лоеў можна ўважаць за сымбаль расколу і грамадзянскае вайны.


Каментары

Цяпер чытаюць

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве3

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

Памерла Ірына Быкава, удава Васіля Быкава7

Гомель у гэтыя дні стаў сталіцай снегавога мастацтва ФОТЫ

Чаму Мерц так стрымана рэагуе на Трампаў замах на Грэнландыю? Бо Германія найбольш залежная ад ЗША6

Новы трэнд у планіроўцы памяшканняў: санвузлы ўнутры пакояў за рассоўнымі сценамі ці нават без іх9

Трамп расказаў пра новую гукавую зброю, дзякуючы якой захапілі Мадура2

«Дразды» перазапісалі сваю знакамітую песню «Хата бацькоў» на рускай мове20

Зяленскі заўтра паедзе ў Давос, каб сустрэцца з Трампам

У Мінску зрабілі выставу да юбілею Ясеніна і паклікалі на адкрыццё Бязрукава4

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай39

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве3

«Сядзеў ужо 50 сутак, затрымалі яго дзяўчыну і брата». Сукамернік расказаў пра радыёаматара, арыштаванага за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць