Архіў

Міхал Залескі. Хлеб у абмен на волю

№ 24 (181), 12 — 19 чэрвеня 2000 г.


 

пазытывы

Хлеб у абмен на волю

 

Для эканаміста ўсе людзі — спажыўцы, частка якіх займаецца вытворчасьцю. На ўсё зробленае ёсьць пэўны попыт. На высокія абцасы — няўстойлівы, а на хлеб — амаль нязьменны. Ёсьць попыт штучны, напрыклад, на цацкі-тамагочы ці паслугі прэзыдэнта.

На год патрэбна чалавеку прыкладна тона ежы. Альбо сам лаві, зьбірай, гадуй, альбо купляй. Гэта, так бы мовіць, тэорыя.

Каб убачыць беларускую практыку вытворчасьці ежы, ваш карэспандэнт, чалавек выключна гарадзкі, накіраваўся ў аддаленыя раёны краіны. Сумнае бачыў з вакон машыны: прыгожыя дзеўкі лыткі падарожнікам дэманструюць, калгасныя статкі паменелі.

Але як дабраўся да месца, у Мядзельскі раён, усё аказалася ня так змрочна. Шкада, што сёньняшні ўзровень дэмакратыі робіць неэтычным паведамленьне, да каго канкрэтна дабраўся, бо задзяўбуць добрых людзей. Убачыў жа звычайную капіталістычную сельскую гаспадарку і гаспадароў, якіх вельмі не задавальняе ўпартае выкарыстаньне ў краіне аграрнай палітыкі КПСС.

У іх вельмі прыгожыя палі. Відаць, што будзе ўраджай някепскі. У іх мноства тлустых сьвіньняў і вялікіх кароваў. Яны маюць новыя гаспадарчыя будынкі і будуюць яшчэ. Сёлета, як і летась, у іх будзе добрае сена. Яны зараз гуртом прадаюць бульбу. Жывуць сабе.

Калгасьнікі крадуць саджанцы ў іхных садах, труцяць рыбу ў сажалках, падкошваюць іхную канюшыну і падзарабляюць у іх падзённа (ня рвацца ж век разам з гэнымі дурнямі).

Яны не злуюць на калгасьнікаў. Кажуць, трэба ратаваць рэшткі сялянства. Яны самі сяляне, а таму разумеюць, што жыць як набяжыць доўга не атрымліваецца.

І так ужо да прорвы прыпёрліся ленінскім шляхам. Паводле рацыянальных нормаў спажываньня, разьлічаных за часоў разьвітага сацыялізму і харчовай праграмы, кожны сацчалавек меўся зьесьці за год 170 кг бульбы, 405 л малака і 82 кг мяса. Г.зн. бульбы харчовай трэба на Беларусь 1700 тыс.т, а г.зв. «сельскагаспадарчыя прадпрыемствы» летась атрымалі 775 тыс.т, зь якіх палову пагнаілі потым за зіму. Грамадзяне тым часам накапалі 6716.0 тыс.т.

Малака трэба на Беларусь 4050 тыс.т, а нашыя буйныя сацыялістычныя гаспадаркі выдушылі са сваіх безымянных КРС 2800,4 тыс.т. Тымчасам бабулям зь дзядулямі рагулі аддзячылі за клопат… З айчыннай статыстыкі вядома, што ўва ўсіх катэгорыях гаспадарак было закуплена за год малака 2620,8 тыс.т, што складае 42% ад узроўню 1990 году. Нездарма марыць вярнуцца туды Галоўны Аграрый: закупі 6240 тыс.т. малака, і выбараў ня трэба: на руках у палац занясуць.

А дзе ўзяць мяса 820 тыс.т, калі дзяржзакупкі склалі 552 тыс.т за 1999 год? Гэта ж 35% ад узроўню 1990 г. Дзе-дзе — у вёсцы. Там ё ў людзей.

Памятаеце, спрачаліся, што галоўнае — сьцяг бел-чырвона-белы ці танная кілбаса. Няма ні кілбасы, ні сьцяга. Воляй Бацькаўшчыны гандлююць зь першым-лепшым. А ўсё чаму: людзям зямлю аддаць нельга, а па 100 000 даляраў штогод пёрці ў кожны калгас — можна, грошы ёсьць.

Іншая рэч, што попыту на ежу не адменіш. Таму ажыве вёска, дай ёй толькі волю. Мала сялян засталося, але і тых, што ёсьць, хопіць. Вунь, з вышэйшай сельскагаспадарчай адукацыяй больш як 100 000 чалавек, а проста разумных дык і ня злічыш.

Вось каб ім волю хто даў… 

Міхал Залескі


Каментары

Цяпер чытаюць

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей5

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне атакавалі два ўкраінскія пошукава-выратавальныя судны

У Кеніі зноў пабачылі «прывіда лесу», які баяліся, што ўжо знік

Пасля дажджу над Мінскам паднялася незвычайная вясёлка ФОТАФАКТ1

У Арменіі ЦВК адмовілася здымаць з выбараў галоўны прарасійскі блок8

«Навошта нам вёскі па тры чалавекі?» Пётра Пятроўскі прапануе звозіць пенсіянераў з малых вёсак у аграгарадкі20

«Цуды апакаліптычнага свету». На Данбасе птушкі віюць гнёзды з дронавага оптавалакна4

Дзмітрый Калдун паказаў сваё лецішча пад Мінскам. Ён змагаецца за свой газон з градкамі жонкі9

«За год можна зарабіць на кватэру ў Мінску». Беларуска расказала, як паехала працаваць у горад будучыні17

У Гродзенскім заапарку стары воўк памёр, дачакаўшыся ваўчанят сабе на замену5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей5

Дзядок расказаў, як паводзіў бы сябе ў сённяшняй Беларусі і што будзе далей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць