Архіў

ВОДГУКІ

№ 3 (212), 15 — 22 студзеня 2001 г.


 ВОДГУКІ

 

Заўвагі да артыкулу Сяргея Паўлоўскага “Таварыства мёртвых паэтаў” (“НН” ад 20 лістапада 2000 г., № 47).

1. Спачатку мушу ўдакладніць, што 29 кастрычніка 1937 г. энкавэдысты расстралялі не 14 паэтаў, а 9: Анатоля Вольнага (Ажгірэя), Алеся Дудара (Далідовіча), Майсея Кульбака, Юрку Лявоннага (Леаніда Юркевіча), Валер’я Маракова, Зяму Піваварава, Ізі Харыка, Міхася Чарота (не 20 кастрычніка, як даецца ў артыкуле), Арона Юдэльсона. Лічба 14 узятая (вылічаная) аўтарам з апошняга даведніка “Беларускія пісьменьнікі”, тады як больш дакладныя зьвесткі прыводзяцца ў маёй леташняй кнізе «Вынішчэньне».

Літаратараў наагул зьнішчана 20. Акрамя пералічаных вышэй, гэта крытыкі — Якаў Бранштэйн, Хацкель Дунец, Саламон Левін, Пятро Хатулёў, празаікі — Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Васіль Сташэўскі, журналісты — Павал Шастакоў, Віктар Вайноў (Войнаў), публіцыст Язэп Каранеўскі. Усяго ў тую крывавую ноч каты забілі больш за сто чалавек, у асноўным прадстаўнікоў інтэлігенцыі.

Хоць, ясная рэч, з гледзішча трагедыі ўсіх гэтых літаратараў, безумоўна, можна мэтафарычна назваць паэтамі.

 

2. У наступную ноч (30 кастрычніка 1937 г.) энкавэдысты расстралялі журналіста Прохара Іспраўнікава, акадэміка АН БССР, сябра ЦВК Івана Пятровіча (Янку Нёманскага), паэтаў Тодара Кляшторнага і Юлія Таўбіна. Ізноў жа адсылаю да кнігі «Вынішчэньне».

 

3. Цытата з артыкулу: “Усе расстраляныя паэты верылі ў камунізм і ў тое, што раю на зямлі не збудуеш без ахвяраў”.

З гэтым нельга пагадзіцца.

А) Паэт Зьмітрок Астапенка (дарэчы, і аўтар першага беларускага навукова-фантастычнага раману) на пачатку 30-х разам зь сябрамі-паэтамі Віктарам Казлоўскім (у канцы 30-х псыхічна захварэў), Сяргеем Дарожным (загінуў у канцлягеры на Далёкім Усходзе), Юліем Таўбіным, Сяргеем Астрэйкам (расстраляны ў канцлягеры недзе ля Чалябінску) і некаторымі іншымі “прослушивали по радио (у 1932 г. – Л.М.) заграничные передачи белогвардейских эмигрантов…” (паводле сьведчаньня энкавэдыстаў) і валодалі даволі поўнай інфармацыяй аб падзеях у дзяржаве. Разумею, што крыніцы з архіваў НКВД ні ў якім разе ня мусяць цалкам брацца на веру, асабліва абвінаваўчыя заключэньні. Тым ня менш, няма падставаў меркаваць, што яны заўжды былі надуманыя.

Б) Як піша ўва ўспамінах Міхась Кавыль і як мне расказвалі Павал Пруднікаў і Франц Гінтаўт, паэты Мікола Гваздоў і Сяргей Мурзо, крытык Пятро Хатулёў і яго сябры рыхтаваліся зьбегчы ў Польшчу (і нават выяжджалі ўлетку 1934 г. у Койданаўскі раён, каб агледзець магчымае месца пераходу мяжы). А студэнты “рассадника нацдема” паэты Язэп Лешчанка (Міхась Кавыль) і Сяргей Астрэйка, празаік Лукаш Калюга, будучы біёляг і пісьменьнік Франц Гінтаўт, крытык і літаратуразнаўца Ўладзімер Сядура былі сьведкамі расстрэлу энкавэдыстамі каля Камароўкі невядомых ахвяраў.

В) З архіву КГБ можна таксама даведацца, што паэт Валеры Маракоў рыхтаваўся аказаць пры арышце ўзброенае супраціўленьне: набыў рэвальвэр у знаёмага вайскоўца, які ад’яжджаў служыць у Расею. Але плянам не наканавана было збыцца: яго арыштавалі, калі вяртаўся дадому зь вёскі, дзе настаўнічаў, у часе школьных канікулаў.

Г) Аднаму з самых маладых сярод расстраляных у тыя дні літаратараў Юлію Таўбіну было 26 гадоў. Як выявілася зусім нядаўна, паэту ўдалося накіраваць нашчадкам ліст “з таго сьвету”. Незадоўга да арышту Юлі Таўбін паслаў у Ленінградзкае аддзяленьне выдавецтва “Художественная литература” падборку перакладаў на расейскую мову вершаў Альфрэда Гаўсмана, якія потым трапілі ў зборнік “Антология новой английской поэзии” (выйшаў праз 20 дзён пасьля расстрэлу паэта). Пераклад верша англійскага паэта “Законы Бога и людей” гучыць своеасаблівым пасланьнем нашчадкам, хоць прызнаю, што гэта маё суб’ектыўнае дапушчэньне.

 

…Себе другой избрал я путь —

Они хотят меня вернуть.

Но я, хуля законы их,

Им не навязывал своих.

...

Они грозят — иди назад,

Не то — тюрьма, петля и ад.

Как не робеть мне! Суд их скор.

Могу ль вступить в неравный спор?

...

А нам на Марс не улететь

С тобой, душа моя… Так впредь

Смирись и следовать сумей

Законам Бога и людей…

 

Прыведзены ў артыкуле С.Паўлоўскага ўрывак з “наіўнага верша” быў напісаны Ю.Таўбіным у 16 гадоў, калі ён (разам з А.Куляшовым, З.Астапенкам, П.Левановічам) вучыўся у Мсьціслаўскім пэдтэхнікуме.

 

4. Цытата з артыкулу: “Такім чынам, матывацыі масавага расстрэлу паэтаў трэба шукаць у Саюзе пісьменьнікаў. Нашыя вершатворцы сталі ахвярамі свайго цэху”.

З 540—570 літаратараў, якія выступалі ў беларускім друку ў 1920—30-я гады ХХ ст., бальшавікі рэпрэсавалі ня менш як 440—460 (80%), а калі ўлічваць аўтараў, якія былі вымушаны пакінуць Бацькаўшчыну і па сутнасьці перасталі ўдзельнічаць у літаратурным жыцьці, рэпрэсіі зазналі ня менш за 500 літаратараў (90%). Дык ці мог цэх цалкам зьнішчыць сам сябе?

Няма чалавека – няма толькі адной праблемы. Няма паэтаў – няма памяці – няма гісторыі – няма народу! Забіваючы пісьменьнікаў, энкавэдысты вынішчалі інтэлектуальную моц нацыі, яе карані, гісторыю. Вось гэтая гісторыя і была мэтай “крумкачоў”. Дакладней, каб не было ў нас той гісторыі, каб не было самога народу…

 

5. Цытата з артыкулу: “Выжыў і пазьбегнуў рэпрэсіяў толькі той, хто ў цэх, у тусоўку не ўваходзіў. Скажам, Янка Журба…”

Скажам, Эдзі Агняцьвет, А.Астрэйка, В.Барысёнак, П.Броўка, Л.Бэндэ, Зьмітрок Бядуля, В.Вольскі-Зэйдэль, П.Глебка, К.Губарэвіч, І.Гурскі, П.Кавалёў, М.Клімковіч, Кандрат Крапіва, А.Куляшоў, Янка Купала, А.Кучар, Я.Ліманоўскі, М.Лынькоў, Янка Маўр, М.Модэль, Р.Мурашка, Я.Рамановіч, Я.Садоўскі, М.Цэлеш, Я.Шарахоўскі, А.Якімовіч у “тусоўку” ўваходзілі, але ж таксама пазьбеглі рэпрэсіяў. А “нашанівец” Янка Журба выжыў не таму, што пакінуў Менск (бо, калі ён яго пакідаў, амаль усіх, “каго трэба”, ужо арыштавалі), а таму, што быў сьляпы. Наагул, хворых чэкісты не чапалі (паэты В.Казлоўскі, І.Плаўнік (брат Бядулі), Юрка Віцьбіч).

 

6. “У тым самым кастрычніку расстралялі” ня толькі Лукаша Калюгу (“празаіка з задаткамі генія”, як пра яго пісаў Ніл Гілевіч; дарэчы, 2 кастрычніка ён быў не расстраляны, а асуджаны да сьмяротнай кары, расстралялі ж пісьменьніка 5 кастрычніка) і Генрыха Жарскага. У той час чэкісты забілі і славутага тэатральнага дзеяча Флярыяна Ждановіча, былога наркама асьветы Антона Баліцкага, публіцыстаў Мікалая Верамей-Пабядзінскага, Сямёна Клінцэвіча.

“Пазьней, у розныя дні сьнежня расстраляюць” ня толькі паэта і перакладчыка Ігната Дварчаніна, драматурга Дзьмітрыя Курдзіна і прафэсара БДУ, любімца студэнтаў Міхайлу Піятуховіча, але і мовазнаўцу Сьцяпана Некрашэвіча, краязнаўцу і літаратурнага крытыка Мікалая Касьпяровіча, гісторыкаў Васіля Дружчыца і Івана Віткоўскага, паэта Аляксандра Вазілу, фальклярыста Антона Грыневіча, публіцыста Аляксандра Цьвікевіча…

 

7. Паэт, “певец комсомола” і сябар ЦВК БССР, Андрэй Александровіч не “аддзелаецца ссылкай”, а трапіць у адзін з нарыльскіх канцлягераў, і хоць і на самой справе “вернецца ў Менск ужо ў 1947-м” (нішто сабе “ўжо” – пасьля 10 гадоў катаржных работ!), аднак праз год будзе зноў арыштаваны і этапаваны ў Краснаярскі край. Пасьля вызваленьня (у 1955 г.) пражыве на волі толькі некалькі гадоў (як, урэшце, і літаратурныя крытыкі Сьцяпан Баркоўскі і Мікола Аляхновіч, паэт Язэп Пушча).

 

8. Трохі пра ўдарную энкавэдысцкую тройку: Клімковіч – Бэндэ – Кучар.

Амаль на кожнага арыштаванага (нярэдка па падказцы Бэндэ) НКВД запытваў характарыстыку і агляд творчасьці. Характарыстыку (у якой “нацдэм” было ня самым горшым словам) даваў Клімковіч. Агляды (у якіх усё перакручвалася з ног на галаву) пісаў Кучар.

Леанід Маракоў

 

Пра помнік Геніюш

У “Нашай Ніве” за 4 сьнежня 2000 г. была зьмешчаная публікацыя С.Астраўцова “Помнік Геніюш схавалі ў падвале”, у якой аўтар расказваў пра прэзэнтацыю ў гарадзенскім клюбе “Паходня” выбраных твораў паэткі, што летась пабачылі сьвет у “Беларускім кнігазборы”. На жаль, у артыкуле маецца недакладнасьць. Помнік Л.Геніюш і цяпер знаходзіцца ў Саюзе Пісьменьнікаў. Але не ў падвале, а ў кабінэце намесьніка старшыні Саюзу Пісьменьнікаў, адкуль яго нікуды не выносілі. А шкада. Бо рабіўся помнік не для ўпрыгожваньня інтэр’еру. Мінулым летам, падчас юбілею Л.Геніюш, помнік меўся адправіцца са згоды аўтара (сп. Міхась Інькоў) і дабрадзеяў, на чые сродкі ствараўся (сп. Міхась Чарняўскі), на радзіму паэткі ў Гудзевічы. Дырэктар Гудзевіцкага літаратурна-этнаграфічнага музэю сп.Алесь Белакоз з радасьцю быў гатовы прыняць помнік і зрыхтаваў для яго адпаведнае месца. Аднак арганізатар вырабу помніка сп.Анатоль Белы пакуль не дазволіў Л.Геніюш паехаць у Гудзевічы, да магілаў сваіх продкаў – ён марыць, каб помнік быў пастаўлены ў яго на радзіме ў Старых Дарогах ля музэю, заснаванага сп.Белым. Так помнік і застаўся пад апекай сп.В.Іпатавай. Выкажу спадзеў, што прысутнасьць Л.Геніюш дапаможа в.а. старшыні пісьменьніцкай суполкі супрацьстаяць рознай псэўдалітаратурнай навалачы і антыбеларускім сілам, што апошнім часам актывізаваліся на Фрунзэ, 5.

Міхась Скобла

 

Пра беларускага Сярожку

Прачытаў я артыкул спадара Адамовіча пра эміграцыю і задумаўся. Чаму мы гэтак любім судзіць людзей? Хто даў права паважанаму спадару вырашаць, хто лепшы і хто горшы?

Я б, напэўна, і не напісаў бы нічога, але я пазнаў аднаго з герояў артыкулу - «Беларускага Сярожку». Чаму гэта спадара Адамовіча гэтак хвалюе яго аўто? Расказаць, адкуль яно? Зарабіў. Мы разам працавалі ў Чыкага, і не па 10, як нехта, а па 16 гадзінаў у суткі, 1 выхадны. Дый калі ўжо паважаны спадар сябе спэцыялістам па Штатах лічыць, дык павінен ведаць, што аўто купіць там не праблема, у Нью-Ёрку даражэй, а паедзеш куды на поўдзень ці захад — таньней.

Віталь Усьціновіч, [email protected]


Каментары

Цяпер чытаюць

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе9

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе

Усе навіны →
Усе навіны

Польшча адкрые новы будынак пасольства ў Мінску28

Варшава аслабляе дыпламатычны ігнор Мінска. Упершыню пасля 2020‑га сустрэліся міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы 14

Які вінаград больш карысны: цёмны ці зялёны, з костачкай ці без?5

За сцяной грабніцы Тутанхамона можа хавацца яшчэ адна грабніца. Магчыма, Неферціці3

Брэсцкі губернатар прапанаваў перастаць імпартаваць замежныя яблыкі8

Каб перамагчы сацыяфобію, гомельская дзяўчына наважылася на незвычайны крок2

Коўл не падымаў з Лукашэнкам пытанне дэмакратызацыі. «Можа, калі-небудзь падыму»12

Джон Коўл зоймецца выцягваннем з турмаў расійскіх палітзняволеных1

Трамп не баіцца, што калійная здзелка з Беларуссю можа ўзмацніць пазіцыі Расіі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе9

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць