Архіў

Ксяндзу Ўладзіславу Чарняўскаму – 85

№ 4 (213), 22 — 29 студзеня 2001 г.


 Ксяндзу Ўладзіславу Чарняўскаму – 85

 

У халоднай хатцы

Уладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся 14 студзеня 1916 г. у засьценку Амбружына (сёньняшні Смаргонскі раён) у шматдзетнай каталіцкай сям’і. Так сталася, што ў 1915 г. у часе першай сусьветнай вайны праз родную вёску Чарняўскіх Біцяняты прайшоў фронт, і яны, выгнаныя з роднай хаты нямецкімі жаўнерамі, перасяліліся да сваякоў у засьценак Амбружына. Зімой 1919 г., па сканчэньні вайны, Чарняўскія вярнуліся ў Біцяняты.

 

З васьмі год Уладзіслаў пачаў вучыцца. Школы ў Арлянятах, Вішнёўцы, Крэве. Потым паступіў у настаўніцкую сэмінарыю ў Барунах, аднак скончыць яе ня здолеў, бо ўлады зачынілі сэмінарыю ў 1933 г. з фінансавых меркаваньняў. Вяртацца дахаты на гаспадарку не было сэнсу, і безь яго было дастаткова братоў, каб падзяліць невялікі кавалак зямлі. Уладзіслаў быў згодны на любую навучальную ўстанову, абы дзе ўладкавацца. “Пісаў у лётніцкую школу ў Быдгашч, але па здароўі ня прынялі”.

Перабраўшы ўсе магчымасьці, ён ухапіўся за апошні шанец. Напісаў свайму роднаму дзядзьку, ксяндзу Францішку Чарняўскаму, які служыў у той час у Францыі. Дзядзька параіў ехаць у Друю, у гімназію імя Сьцяпана Батуры, заснаваную айцамі-марыянамі. Уладзіслаў паслухаўся дзядзькавай парады і выехаў у Друю, дзе адвучыўся тры гады. Скончыўшы гімназію, ён вырашыў прысьвяціць сябе Касьцёлу і паступіў у навіцыят марыянаў, зрабіўшы тым самым першы крок да сьвятарства.

У 1938 г. на друйскіх айцоў-марыянаў абрынуліся рэпрэсіі польскіх сьвецкіх і касьцёльных уладаў. Восем ксяндзоў-марыянаў былі выселеныя зь мястэчка, хлопцам з навіцыяту таксама прыйшлося зьехаць у польскі Скужэц. На выгляд жыцьцё тут нічым ня розьнілася ад Друі: маленьні, рэлігійныя практыкі, імшы, чытаньні. Аднак жыцьцё ўдалечыні ад Беларусі прыгнятала маладога Чарняўскага. У Скужцы не было таго беларускага патрыятычнага духу, якім поўніўся Друйскі кляштар, тут панавала польскасьць. Праз год, па сканчэньні навіцыяту, Чарняўскі, што папярэдне склаў вечныя шлюбы, быў накіраваны ў Вільню працягваць навуку ў каталіцкай сэмінарыі.

Менавіта ў Вільні распачалося супрацьстаяньне будучага ксяндза з “польскасьцю”. Кіраўніцтва сэмінарыі ўсяляк імкнулася давесьці студэнтам, што не існуе ніякай беларускай нацыі, што ёсьць этнічныя палякі і зрусіфікаваныя палякі. За сьвядомымі студэнтамі-беларусамі быў усталяваны нагляд, ім пагражалі выключэньнем з гімназіі.

На летнія вакацыі 1939 г. сэмінарысты выехалі ў Расну, што ля Белавескай пушчы. Там іх і сустрэла вайна. Сэмінарысты вырашылі ўцякаць у Вільню, а потым у Друю. Аднак, дабраўшыся да Браслава 17 верасьня, даведаліся, што ў Друі гаспадараць Саветы, і вырашылі ўцякаць у яшчэ незалежную Літву, дзе знаходзіліся інстытуцыі марыянаў. У Літве Ўладзіслаў Чарняўскі перажыў нямецкую акупацыю і скончыў Віленскую каталіцкую сэмінарыю (немцы далі дазвол на ўзнаўленьне сэмінарыі, зачыненай пры Саветах).

У кастрычніку 1944 г. Уладзіслаў Чарняўскі быў высьвечаны ў сьвятары Віленскай катэдры біскупам Мечыславам Райнісам. Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі адмовіўся высьвячаць яго з-за ягонай беларускасьці.

Сваю першую імшу айцец Уладзіслаў адслужыў у тым жа годзе ў Крэве, аднак наступныя дзевяць год былі шчыльна зьвязаныя зь Літвой, жыцьцё ў якой у паваеннае дзесяцігодзьдзе было цяжкім і небясьпечным. Вайна для Літвы ня скончылася ў 1944 г., яна працягвалася і далей. Маленькая рэспубліка ваявала супраць савецкага акупанта. Укмерге, Ейнішкес, Варэна, Эйшышкі — месцы працы беларускага ксяндза — супалі зь літоўскім супрацівам савецкай уладзе. Савецкая адміністрацыя лічыла ксяндзоў за пасобнікаў лясных братоў, і а. Чарняўскага няраз выклікалі ў НКВД, дзе зь ім праводзіліся прафіляктычныя гутаркі.

Да пабачанага, да стрэлаў па начах далучылася хвароба: спачатку брушны тыфус, а пасьля і запаленьне лёгкіх. Хворага адвезьлі ў Вільню, дзе ён праляжаў каля двох месяцаў. “Здавалася, вось ужо і сьмерць мая прыйшла.. Падчас хваробы неяк ужо незвычайна трызьніў. Прыбачыўся прыход Антыхрыста, пачаўшага вайну супраць чалавецтва, якая прывяла да страшэннага зьнішчэньня і разбурэньня. Чуўся голас Госпада Бога: Гэты народ будзе зьнішчаны, той народ будзе зьнішчаны. Потым апынуўся пад Вострай Брамай, а нада мной Бог. Да таго ж ідуць расейскія танкі: стукат, грукат, гінуць людзі як на захадзе, так і на ўсходзе. Зьвярнуўся Бог да мяне: “Ты ж ксёндз, маліся. Ты забыўся жагнацца! Як трэба маліцца?” Падняў я рукі над сабой, а яны не трымаюцца, падаюць, але ж неяк узьняў рукі і прашаптаў: “Божа, збаў нас ад усяго ліхога праз тваю бязьмежную міласэрнасьць”. “Добра, — сказаў Бог, — ты сказаў малітву, цяпер адпачывай, сын!” Больш за месяц трызьніў, хацелася ўжо памерці. Але адбыўся цуд, і дзякуючы волі Божай і апе[цы] Маці Божай выжыў”.

Парафіі Эйшышкі, Дзявянішкі, Варэна знаходзіліся пры беларускай мяжы. Блізкасьць да мяжы і шматлікія дэлегацыі вернікаў зь Беларусі (у Беларусі не ставала ксяндзоў, тым больш беларускіх) пераканалі ксяндза ў рашэньні пераехаць у родныя мясьціны. Пасьля паездкі ў Маскву ўсе юрыдычныя нюансы былі ўлагоджаныя і дазвол на пераезд у Беларусь здабыты. Заставалася толькі выбраць месца працы (а такіх варыянтаў хапала, было непасрэдна некалькі прапановаў — і на Гарадзеншчыну, і на Віцебшчыну). Але раптам прыйшла вестка, што памёр сябра па Віленскай сэмінарыі ксёндз Станіслаў Міхальскі, пробашч парафіі ў Вішневе Валожынскага раёну, і пытаньне вырашылася. Кс.Чарняўскі прыехаў на ягонае месца (кастрычнік 1953 г.).

На пачатку свайго сьвятарства ў Беларусі кс. Чарняўскі ня думаў, што сутыкнецца з значнымі праблемамі. Яшчэ да пераезду ён паставіў умову дэлегацыі вернікаў, што будзе гаварыць у касьцёле па-беларуску. Калегі-ксяндзы за беларускую мову ў касьцёле называлі яго камуністам. Яны традыцыйна працягвалі разглядаць касьцёл у Заходняй Беларусі як польскую дзядзіну. Працягваў спрацоўваць прынцып, які дзейнічае і па сёньняшні дзень: каталік —значыць, паляк. Практычна, кс. Чарняўскі быў адзіным, хто пасьлядоўна зь сярэдзіны 50-х і па канец 80-х гг. адстойваў беларускую мову ў казаньнях і навуках. Яму супрацьдзейнічалі, пісалі ананімкі, спрабавалі пазбавіць парафіі. “Колькі разоў рабілася крыўдна, думаў, кіну, вярнуся ў Літву. Але шкада было разьвітвацца з роднымі месцамі… Памалу самыя ўпорыстыя сталі прывыкаць”.

Ён выстаяў, а касьцёл у Вішневе і ягоная хатка былі адным з асяродкаў беларушчыны. Да ксяндза Чарняўскага ў змрочныя застойныя часы езьдзілі беларускія інтэлігенты па духоўнае бласлаўленьне, параду або проста паслухаць імшу і казаньне.

У 1968 г. кс. Уладзіслаў Чарняўскі быў запрошаны ў Рым, да Папы Паўла VI. Яго прызначылі дарадчыкам у Кангрэгацыю па абрадах і даручылі перакладаць на беларускую мову Біблію. Давялося працаваць начамі, сутыкацца з праблемамі перакладу тэрмінаў, але праца была зроблена. Былі выдадзеныя “Катэхізмоўка”, “Новы Запавет”, “Кніга Роду”, чакаюць свайго часу і астатнія кнігі Старога Запавету.

Кс.Чарняўскі жыве ў старой, халоднай хатцы з дрэннай печкай, старэнькім тэлевізарам. Па вечарах чытае незалежную прэсу, якую выпісвае, і па старой традыцыі слухае Радыё Свабода. Айцец Уладзіслаў працягвае служыць у вішнеўскім касьцёле, молячыся за Беларусь. Ад ягонай хаты да касьцёлу больш за кілямэтар. Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі карыстаецца вялікай павагай у парафіянаў, якія па-свойску ласкава называюць яго “наш Уладак”.

Алег Гардзіенка


Каментары

Цяпер чытаюць

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты26

Грамадствадапоўнена26

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская возьме ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды гадавіны паўстання 1863 года1

Улады Ірана назвалі жахлівую лічбу забітых на пратэстах13

Кіроўцам больш не будзе патрэбна вазіць з сабой пацвярджэнне праходжання тэхагляду

Томас Венцлава: «Літва і Беларусь ніколі не варагавалі. Гэта рэдкі выпадак для адносін двух народаў»10

Анархіст Дзядок выказаўся супраць дазволу на аборты. Але лічыць, што заканадаўчая забарона нічога не дасць50

«Ваш маскоўскі гаспадар сто гадоў не пратрымаецца». Міністр замежных спраў Украіны рэзка адказаў Орбану8

Беларусы будуць плаціць падатак за сувеніры з мерапрыемстваў6

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў22

Сябар Усера Анатоль Вайцяхоўскі папрасіў дапамогі ў польскага суддзі-ўцекача Томаша Шміта11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты26

Грамадствадапоўнена26

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць