Архіў

Юлія Андрэева. Oh, patria mia!..

№ 40 (249), 1 кастрычніка 2001 г.


Oh, patria mia!..

агляд музычнага жыцьця

У Опэры пазаўчора давалі “Аіду” ў гонар 20-годзьдзя творчай дзейнасьці народнай артысткі Беларусі Наталі Рудневай. Прабіцца ў тэатар было немагчыма.

 

Цёплы, крыху са сьлязой, прыгожа афарбаваны голас спн.Наталі як найлепей пасуе да опэры. Аднак яна не забываецца і пра камэрную музыку, выконвае скарбы сусьветнай лірыкі, сольныя партыі ў араторыях і кантатах...

Дасканала засьпявала яна й на сваім юбілеі. Роля Амнэрыс у “Аідзе”, відаць, найлепшая ў ейным рэпэртуары. Ейнымі партнэрамі былі народная артыстка Беларусі Тамара Глаголева (родам з Барысава) — знакамітая Аіда, малады тэнар, выпускнік Кіеўскай кансэрваторыі Ўладзімер Раеўскі (родам з Маладэчна) — дасканалы Радамэс, народны артыст СССР Аркадзь Саўчанка (зь Віцебску) — непараўнаны Аманасра. У трэцяй і чацьвертай дзеі спэктакль набраў такую вышыню, што яго ня сорамна было б паказваць на лепшых сцэнах сьвету. Калі раздаўся жалобны голас габою, і Тамара Глаголева засьпявала: “Oh, patria mia, mai piщ, mai piщ ti rivedrт...” (“О, край родны, ужо ня ўбачу болей я цябе…”), — многія ў залі пачалі плакаць, нібы слухаючы Палянэз Агінскага.

А філярманічны сэзон разгортваецца павольна. Сілы Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру кінутыя на падрыхтоўку да замежных гастроляў — на пачатку кастрычніка стоасабовы беларускі музычны дэсант высадзіцца ў Ірляндыі, на Ўэксфардзскім фэстывалі.

Аднак за цяжкай падрыхтоўкай аркестар не забываецца пра абавязкі перад менскаю публікай. 25 верасьня ў Філярмоніі адбыўся сымфанічны канцэрт з удзелам ангельскай піяністкі Янь Чунь Парк. Дырыгаваў Андрэй Галанаў, галоўны дырыжор Растоўскае філярмоніі, які ў 1992 г. быў першым выпускніком аддзяленьня опэрна-сымфанічнага дырыгаваньня нашай Акадэміі музыкі. Пасьля таленавіты магілёвец працаваў у Беларускай опэры як асыстэнт Анісімава, пасьпяхова выступаў з сымфанічным і камэрным аркестрамі. У 98-м ён удзельнічаў у творчым конкурсе на замяшчэньне пасады галоўнага дырыжора Сымфанічнага аркестру. Аднак у Міністэрстве культуры яго, відаць, усур’ёз не ўспрымалі.

Таму Галанаў адгукнуўся на запрашэньне з Растова. Тым больш, што дырэктар тамтэйшага музычнага тэатру — народны артыст Беларусі Ўладзімер Экнадыёсаў, які быў адзіным выканаўцам партыі Дубатоўка ў опэры Ў.Солтана “Дзікае паляваньне караля Стаха” і загалоўнай партыі ў опэры Ж.Афэнбаха “Казкі Гофмана”. Без Экнадыёсава гэтыя спэктаклі перасталі існаваць.

Летась рэгіянальны Фонд абароны правоў творчае інтэлігенцыі ды Адміністрацыя Растоўскай вобласьці ўганаравалі Андрэя Галанава пачэсным тытулам Чалавека году. Таму ягонага выступу ў нашай Філярмоніі чакалі з асаблівай цікавасьцю. Мяне ён цалкам расчараваў. “Няскончаная” сымфонія Шубэрта была выкананая аляпавата і безгустоўна, з агромністай колькасьцю дырыжорскіх недакладнасьцяў. Крыху лепей прагучала Andante Cantabile Чайкоўскага і новы твор ангельскага кампазытара Джона Мэткалфа “Танцы забытых мясьцінаў”. Гэты твор, напісаны ў 1998 г., сьведчыць, што ангельцы сёньня пішуць музыку простую, мяккую, мэлядыйную, з адчувальным прысмакам экалягізму (Джон Мэткалф захапляецца садоўніцтвам). Прыканцы Янь Чунь Парк — мініятурная, як калібры, апранутая ў стылі “экстрэмал” — зрабіла няўдалую спробу выканаць Пяты (“Імпэратарскі”) канцэрт Бэтховэна. Яна ня здолела нават дайграць твор да канца, аднак гэта яе не зьбянтэжыла. За кулісамі, яна з усьмешкай абвясьціла журналістам, што вельмі задаволеная сваім выступам, што раяль у Філярмоніі стары, а акустыка — дрэнная, што ў залі халодна (апошняе — чыстая праўда), што менская публіка — сардэчная і ветлівая, а Галанаў — геніяльны дырыжор, таму яна абавязкова зайграе зь ім яшчэ.

Юлія Андрэева

 

Каментары

Цяпер чытаюць

Уводзяць адказнасць за прапаганду гомасэксуальнасці, бяздзетнасці, а таксама за незаконнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне9

Уводзяць адказнасць за прапаганду гомасэксуальнасці, бяздзетнасці, а таксама за незаконнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне

Усе навіны →
Усе навіны

У Іране абверглі заяву Трампа, што яны звярталіся да яго з просьбай спыніць агонь3

У беларускіх лясах ужо пайшлі першыя смаржкі

Вялікабрытанія ініцыявала стварэнне міжнароднай кааліцыі для разблакавання Армузскага праліва9

У Беларусі створаць адзіную дзяржаўную сістэму продажу квіткоў4

Беларус «паабяцаў сям'і дабрабыт» і завербаваўся на вайну. Знік без звестак у мясным штурме — і жонка плача, што няма чаго есці21

У Літве пачалі судзіць абвінавачаных у тэрарызме, на лаве падсудных і беларус1

Пад Лідай кіроўца збіў дзвюх пенсіянерак на роварах. Адну насмерць2

У ЗША прадалі бутэльку віна больш чым за 800 тысяч даляраў2

КДК сабраў скаргі ад беларусаў па пытаннях зарадкі электрамабіляў. Што не так?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Уводзяць адказнасць за прапаганду гомасэксуальнасці, бяздзетнасці, а таксама за незаконнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне9

Уводзяць адказнасць за прапаганду гомасэксуальнасці, бяздзетнасці, а таксама за незаконнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць