Архіў

Андрэй Дынько. Вяртаньне на зямлю

№ 43 (252), 22 кастрычніка 2001 г.


Ці трэба беларусам баяцца збліжэньня Расеі з Амэрыкай?

Вяртаньне на зямлю

Расея і ЗША блізкія да вырашэньня асноўных супярэчнасьцяў, што падзялялі іх у апошнія гады: па стаўленьні да стварэньня Амэрыкай новай сыстэмы проціракетнай абароны і да пашырэньня NATO на ўсход. Расея выракаецца ранейшых прэтэнзій і прапануе Амэрыцы найцясьнейшае партнэрства. Паветраная прастора Расеі адкрытая для амэрыканскіх вайсковых самалётаў. Сібір гарантуе кампэнсацыю патрэбаў Эўропы ў паліве ў выпадку зьмяншэньня паставак з Блізкага Ўсходу. Амэрыка адказвае ўзаемнасьцю: “Скончылася ня толькі халодная вайна, скончыўся і пасьляхалоднаваенны пэрыяд”, — заявіў дзяржсакратар Колін Паўэл у Шанхаі.

Збліжэньне Масквы й Вашынгтона выклікае перасьцярогі беларускіх незалежнікаў, якія ўсе 90-я гады выкарыстоўвалі геапалітычнае суперніцтва Крамля з Захадам дзеля зьберажэньня сувэрэнітэту Беларусі і пошуку рэсурсаў на дзейнасьць “паралельнага грамадзтва”. Незалежнікі баяцца апынуцца сам-насам з маладым расейскім капіталізмам звонку і самадурствам саветызуючае вярхушкі ўсярэдзіне.

Яны недаацэньваюць той факт, што за 80—90-я беларуская нацыянальная ідэя настолькі ўмацавалася ў грамадзтве і, галоўнае, у дзяржаўным апараце, палітычных і гаспадарчых элітах, што само гэта робіць Беларусь самастойным гульцом на міжнароднай сцэне. Вялікія пагрозы беларускай незалежнасьці засталіся ў мінулым. Нават міжнародная ізаляцыя беларускае вярхушкі нічога не мяняе. Сувэрэнітэт успрымаецца беларускімі элітамі як нешта неад’емнае. Амаль неймаверна, каб яны хоць калі паставілі яго пад сумнеў. Маразматык або нават “агент” у менскім кіраўніцтве нічога не змаглі б з гэтым парабіць. Летуценьнікі-імпэрыялісты ў Маскве хай разьвітаюцца з ілюзіямі.

Гэта зьмяняе і ўмовы палітычнае гульні ў Беларусі. Абарона нацыянальнае незалежнасьці перастае быць палітычным козырам сама па сабе. Замест абароны незалежнасьці беларускія выбарцы чакаюць абароны нацыянальных інтарэсаў.

Збліжэньне Вашынгтону і Масквы адбываецца на цалкам новых асновах. Масква адмаўляецца ад глябальных прэтэнзіяў. Маскоўская прэса спрабуе прадставіць справу так, нібыта яна робіць гэта ўзамен на права на рэгіянальнае лідэрства ў СНД.

Так гэта ці не, будучыня Беларусі можа быць толькі такой самай, як і будучыня дзясятка нашых сярэднеэўрапейскіх суседзяў. Часовыя адрозьненьні гістарычна неістотныя і ўрэшце будуць пераадоленыя. Геапалітычная сытуацыя Беларусі выключае іншыя варыянты. ЗША ня могуць ставіцца да Беларусі прынцыпова іначай, чым да суседак. Ня зьменіцца й пазыцыя Эўропы. Адзін рэгіён — адно стаўленьне. Маскве прыйдзецца з гэтым прымірыцца. Сьвядомасьць беларусаў не была гатовая да пераходу з-пад апекі Масквы ў заходні сьвет на пачатку 90-х. Цяпер шмат што памянялася. Усе 90-я галоўнай сувэрэнізуючай і празаходняй сілай у краіне была апазыцыя. Сувэрэнітэт адстаялі. Цяпер такой сілай стане дзяржаўны бюракратычны апарат. А ён — надзейная сыстэма.

Небясьпечны вуглік сібірскае пыхі яшчэ разьядае час-часам цяперашнюю Расею. Аднак рэальныя магчымасьці нашае “саюзьніцы паняволі” сьціплыя. Расея — геаграфічны, інфармацыйны і атамны волат. Ва ўсім астатнім яна мае невялікі патэнцыял. Маральны крызыс ёй не ўдалося спыніць. Яе рынкавая эканоміка моцна крыміналізаваная. Мэтастазы расейскага крызысу ўсе 80-я і 90-я падточвалі й Беларусь.

Пара разьвітацца зь пячорным уяўленьнем: чым горш маскалю, тым нам лепш. Беларусь і Расея — не спалучаныя сасуды, каб з аднаго ў адзін нешта перацякала. Менавіта таму, што Беларусь і Расея за ХХ ст. ператварыліся ў два асобныя нацыянальныя арганізмы, прагрэс Расеі азначае таксама прагрэс Беларусі.

Чым болей дэмакратыі ў Расеі, тым болей яе будзе ў нас. Чым мацней вэстэрнізуецца Расея, тым лягчэй рэалізуецца заходняе пакліканьне нашага краю-зубра. Чым больш плёну дадуць пуцінскія рэформы, тым больш умацуецца беларуская гаспадарка, а разам зь ёй і пачуцьцё здаровага беларускага эканамічнага нацыяналізму. Альянсу Расеі з Амэрыкай ня трэба баяцца.

Усё вяртаецца зь нябёсаў на зямлю: і Масква на чале з рэалістам-Пуціным прызнае, што можа захавацца як дзяржава толькі пад крылом Амэрыкі. І Беларусь — насуперак усім ілжэпрарокам — ня можа не застацца незалежнай. Непазьбежнае спаўняецца.

Андрэй Дынько


Каментары

Цяпер чытаюць

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома14

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША і Данія абвясцілі аб пагадненні па Грэнландыі7

35 гадоў таму бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі27

Костку маладога маманта знайшлі ў Мікашэвічах3

Ціханоўская шчыра расказала пра хваробу сына і нябачную працу жанчын. «Дзесяць гадоў свайго жыцця я прысвяціла яму і яго рэабілітацыі»18

У Беларусі з'явілася новая гандлёвая сетка Oliva2

У вышук абвясцілі магілёўскага дэпутата і прадзюсара. З ім за мяжу з'ехала вядучая дзяржаўнага тэлеканала22

Скандал са спартсменкай, у якой падчас спаборніцтваў пачалася дыярэя — яна выйграла гонку, але пасля адмовілася ад перамогі14

Мужчыну з-пад Жлобіна, які жыў у Расіі, асудзілі за палітыку і інтым з непаўналетняй асобай2

Спікер МЗС Украіны — пра рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі і каліноўцаў у расійскім палоне1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома14

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць