У вышук абвясцілі магілёўскага дэпутата і прадзюсара. З ім за мяжу з'ехала вядучая дзяржаўнага тэлеканала
Нядаўна МУС абвясціла ў вышук Аляксандра Лаўрыновіча — у мінулым прадзюсара прапагандысцкіх мерапрыемстваў і дэпутата гарадскога савета Магілёва. Цяпер стала вядома, што паехаў ён не адзін: выглядае на тое, што разам з ім за мяжу накіравалася тэлевядучая дзяржканала «Беларусь 2» Наталля Паўшок, расказвае «Люстэрка».

Што за Лаўрыновіч і чаму ён у вышуку
Аляксандр Лаўрыновіч — дырэктар і заснавальнік кампаніі «Фестывалі Бай», якая займалася арганізацыяй канцэртаў, фестываляў і конкурсаў талентаў. У СМІ ён з’яўляўся таксама як прадзюсар «нацыянальнага» рэаліці-шоу «Фабрыка блогераў» і інтэрактыўнага серыяла «Зумеры», а таксама настаўнік у шоу АНТ «Зорны шлях».

У пачатку 2026 года ў сілавых ведамстваў узніклі пытанні да дзейнасці Лаўрыновіча, а сам ён пакінуў краіну. 17 сакавіка Следчы камітэт забараніў уладальніку «Фестывалі Бай» прадаваць свае долі ў кампаніі. 10 красавіка 2026 года прадзюсара абвясцілі ў вышук.
Паводле інфармацыі «Люстэрка», Лаўрыновіч фігуруе як падазраваны ў разбіральніцтве па карупцыйных артыкулах. У справе фігуруе сума звыш 200 тысяч рублёў. Падставай для прэтэнзій стала арганізацыя гарадскіх мерапрыемстваў у Брэсце.
«Кінула працу», знікла з сацсетак
Разам з Лаўрыновічам Беларусь пакінула тэлевядучая Наталля Паўшок, паведамілі крыніцы «Люстэрка».
«Кінула працу на тэлебачанні і збегла з ім, нават заяву [на звальненне] не напісаўшы, — сцвярджае крыніца. — <…> Ён нават не развеўся з жонкай. Проста кінуў іх з дзіцем і пакаціў».
Суразмоўца «Люстэрка» сцвярджае, што экс-дэпутат меў раман з Паўшок.
Наталлі Паўшок 29 гадоў, яна працавала на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 2». Была вядучай і рэдактарам моладзевага інтэрактыўнага праекта «Пін код», выпускаючым рэдактарам, карэспандэнтам ранішняга шоу «Добрай раніцы, Беларусь», рэдактарам праграмы «Нічога сабе ньюз».

У мінулым Паўшок удзельнічала ў праектах каманды Лаўрыновіча — вяла «Фабрыку блогераў» і была крэатыўнай прадзюсаркай серыяла «Зумеры».
Цяпер беларускі нумар тэлефона тэлевізійшчыцы недаступны. З лютага 2026 года ў яе Instagram перасталі з’яўляцца новыя публікацыі.
У шоу «Пін код» Наталля больш не працуе. Мяркуючы па тэлеграм-канале праекта, у лютым быў перабой з выпускамі, у сакавіку адна з падпісчыц цікавілася, чаму праграму «больш не паказваюць». Да канца месяца анонсы зноў сталі рэгулярнымі, але праграма змяніла графік выхаду — замест чатырох выпускаў на тыдзень цяпер выпускаюць толькі адзін. У красавіку новай вядучай «Пін кода» стала 16‑гадовая спявачка Настасся Лупіна, якая выступае пад псеўданімам Стася Корсак.
«Міжнародная кампанія, якая адкрыла прадстаўніцтва ў ААЭ»
А чым далей заняліся Лаўрыновіч і Паўшок? У тым жа месяцы, калі абедзве асобы зніклі з сацсетак, іх імёны з’явіліся ў публікацыі новага праекта Creative global group, які займаўся арганізацыяй мерапрыемстваў у Дубаі. «Мы міжнародная кампанія, якая адкрыла прадстаўніцтва ў ААЭ», — сцвярджалі яе стваральнікі.

У сацсетках праекта Лаўрыновіча прадстаўлялі дырэктарам, а Паўшок — партнёркай і крэатыўнай прадзюсаркай. Рэкламу новай фірмы актыўна рассылалі па чатах рускамоўных жыхароў Дубая. Цікава, што пад адным з такіх пастоў Паўшок з асабістага акаўнта пакінула рэкамендацыю, быццам сама была кліенткай фірмы і ёй усё спадабалася.
Арганізатары былі гатовыя правесці вяселле ці дзіцячы дзень нараджэння, а таксама «прывезці любых артыстаў, ад сусветных зорак да топ-выканаўцаў». У сацсетках яны паказвалі выявы, згенераваныя штучным інтэлектам, а таксама ранейшыя праекты каманды Лаўрыновіча — фестываль Millennium у Брэсце і серыял «Зумеры».
Незразумела, ці правяла гэтая «міжнародная кампанія» хаця б адно мерапрыемства. У красавіку яе акаўнты сталі прапаноўваць ужо іншую паслугу — дызайн рэкламы і публікацый у сацыяльных сетках, а неўзабаве згарнулі актыўнасць.
«Працуем у пары»
З нумарам тэлефона эмірацкай фірмы быў звязаны тэлеграм-акаўнт з імем A&N. За гэтымі літарамі ў тэорыі могуць стаяць імёны Аляксандр і Наталля. «Працуем у пары: таргетынг, AI-крэатывы, сцэнарыі, прадзюсаванне, СММ», — гаворыцца ў яго апісанні.

Ужо ў красавіку 2026 года аўтары акаўнта зацікавіліся новым пераездам. «Мы пара з Беларусі. Плануем пераезд у Іспанію. Разглядаем горад Альмерыя», — пісалі яны за дзень да абвяшчэння Лаўрыновіча ў міждзяржаўны вышук на радзіме.
Праз некалькі тыдняў яны ўжо прадстаўляліся расіянамі і збіраліся ў Чарнагорыю, пасля выведывалі наконт легалізацыі ў Мексіцы. Мяркуючы па актыўнасці ў чатах, у выніку A&N усё ж такі апынуліся ў Чарнагорыі.
Нядаўна парны акаўнт пачаў прасоўваць новы праект, тварам якога выступіла Наталля Паўшок. Цяпер былая тэлевядучая прапануе анлайн-заняткі па мастацкай гімнастыцы. Яна прадстаўляецца як «майстар спорту, член нацыянальнай зборнай, чэмпіёнка рэспублікі і трэнер па мастацкай гімнастыцы».

Паўшок сапраўды ў мінулым займалася мастацкай гімнастыкай прафесійна і трэніравала дзяцей. Праўда, у новым акаўнце яна чамусьці не паказвае сваё прозвішча і не піша, у нацыянальную зборную якой краіны ўваходзіла. Кансультаваць яна гатовая толькі анлайн на рускай або англійскай мовах.
Каментары
- А Дынама бяжыць?
- Усе бягуць!