Архіў

Юрась Бушлякоў. Пабачыць мундыяль!

№ 21 (283), 7 чэрвеня месяца 2002 г.


афсайд

Пабачыць мундыяль!

Шок памалу сышоў, але застаецца дыскамфорт. Бальшыня з нас па-ранейшаму адлучаная ад турнiру, супастаўнага, калі ўзяць пад увагу цiкавасьць да яго ў цэлым сьвеце, хiба зь летняй Алiмпiядаю. Прапусьцiўшы безуважна колькiразовыя прапановы “Kirch-media” — уладальнiка правоў на трансьляцыi зь Японii й Паўднёвай Карэi, пагарэўшы мiнулае пятнiцы на пiрацтве, Беларуская тэлевiзiя ратуе сытуацыю. Замест таго каб сачыць футбол, мы сочым, як БТ вядзе запозьненыя перамовы з канцэрнам Лео Кiрха. Спачатку гаворка йдзе пра 470 тысяч даляраў, тады — пра 320. Пры гэтым чэмпiянат нам дэкляруюць паказваць з 15 чэрвеня — з плэй-офаў, то бо 16 матчаў з 64. Дыскамфорт пройдзе, але просяць пачакаць — яшчэ дзён так дзесяць…

Альтэрнатываю чаканьню — спадарожнiкавая тэлевiзiя, але й тут ня ўсё проста. Падточаны банкруцтвам Лео Кiрх скрупулёзна дапiльноўвае сваiх iнтарэсаў. За права трансьляваць сёлетнi i 2006-га году чэмпiянаты сьвету ягоны канцэрн заплацiў мiльярд 750 мiльёнаў даляраў.

Як вынiк, матчы мундыялю недаступныя на адкрытых лiчбавых каналах; футбол бяз карткi дапаможа паглядзець адно аналягавы тунэр (скажам, на нямецкiх ARD i ZDF або — з скажэньнем вiдэасыгналу — на iтальянскiх RAI). Калясальны попыт цяпер на лiчбавы пакет НТВ+: сярод яго каналаў ёсьць футбольны, дзе жыўцом i ў запiсе — кожная гульня зь Японii й Карэi. У адпаведнасьцi з правамi НТВ+ на паказ чэмпiянату, прагляд гэтага каналу легальны толькi на тэрыторыi Расеi, аднак у Беларусi праблему “здымаюць” напаўлегальныя або ўвогуле пiрацкiя карткi. Змагацца з iндывiдуальным пiрацтвам “Kirch-media”, натуральна, ня будзе. Зрэшты, нямецкi канцэрн папусьцiў днямi ў выпадку незаконных паказаў на тэрыторыi цэлай краiны. Дазнаўшыся пра трансьляцыi матчаў у Паўночнай Карэi, прадстаўнiкi “Kirch-media” заявiлi, што не зьбiраюцца прававацца з тамтэйшай тэлевiзiяй. “Трэба радавацца, што сiла Кубку сьвету разбурае ўсялякiя бар’еры”, — зазначыў прэс-сакратар канцэрну.

Тым часам на футбольных палёх працягваюцца матчы другога туру групавых змаганьняў. У першым букмэйкерскiя фаварыты збольшага апраўдалi давер. За выняткам Францыi — яе непераканаўчыя кандыцыi ў сустрэчы з Сэнэгалам iмгненна адбiлiся на стаўках. Традыцыйна найпiльнейшая ўвага на гульню чатырохразовых чэмпiёнаў сьвету бразыльцаў — да перамогi гэтай каманды iндывiдуальнасьцяў над туркамi ладна прычынiўся паўднёвакарэйскi судзьдзя, прызначыўшы пэнальцi за парушэньне, учыненае па-за штрафной пляцоўкай. Турэцкую зборную, дарма што пачала з паразы, рызыкну назваць найбольш пэрспэктыўным навiчком мундыялю, здатным пайсьцi ў сьляды ўчыньнiкаў сэнсацыяў на чэмпiянатах 1994 i 1998 гадоў — зборных Баўгарыi й Харватыi. Прынесьлi i, здаецца, паднясуць яшчэ гасьцём клопату гаспадары — каманды Паўднёвай Карэi й Японii. Першыя цi ня ў кожным з кампанэнтаў футболу перагулялi палякаў, колiшнiх супернiкаў зборнай Беларусi ў змаганьнi за месца на мундыялi. Зацятая, да апошняга матчу, барацьба за выхад у плэй-офы чакаецца ў бальшынi групаў. Толькi хацелася б не прачытаць пра гэта, а пабачыць.

Юрась Бушлякоў

 

cлова тыдня

Мундыяль

ад mundial (гішп.) — сусьветны. У залежнасьці ад кантэксту ўжываецца да міжнародных падзеяў, фэстаў, гульняў, выставаў. Пасьля Чэмпіянату сьвету 1990 г. у Мэксыцы, пад лацінаамэрыканскім уплывам азначэньне трывала замацавалася за футбольным чэмпіянатам сьвету.


Каментары

Цяпер чытаюць

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!1

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін завысіў колькасць захопленых сёлета ўкраінскіх земляў у 45 разоў1

У Гродне пабачылі белую варону ВІДЭА

Да падпалу станцыі Starlink у Польшчы можа быць датычная турэцкая злачынная групоўка, за якой стаіць Масква1

Трамп параіў сваёй новай прэс-сакратарцы яшчэ раз падумаць, ці ёй гэта трэба. Яна падумала15

На Брэстчыне ўжо два тыдні як знік 38‑гадовы мужчына

На беларускія аўтобусы будзе не так страшна спазняцца

Трамп кажа, што Starlink Украіне адключаў не ён і наўрад ці Маск. А хто — не ведае18

Еўрапейскія лідары не прасілі Зяленскага быць мякчэйшым з Трампам3

На польска-літоўскай мяжы затрымалі беларуску на шыкоўным BMW. Аказалася, ён крадзены1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!1

У мінскім гандлёвым цэнтры Palazzo сабралася даўжэзная чарга. Па дармовых мядзведзікаў!

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць