Архіў

Няшчырасьць

За апошнія дваццаць гадоў колькасьць сьведамых беларусаў павялічылася ў сотні разоў. Ужо даўно ня скажаш, што ведаеш усіх прысутных на Купальлі або прэзэнтацыі кнігі сябра. Аднак ад усяго гэтага ня стала большае пэўнасьці ў тым, што нацыя ёсьць, што яна «адрасла» пасьля ўсіх масавых «высечак» ХХ ст. Чаму так адбываецца? І што магло б даць тую пэўнасьць? І што, урэшце, было б галоўным паказьнікам таго, што нацыя ёсьць?

У нас быў досьвед ці ня ўсіх формаў ды мэтадаў адраджэньня. Пераглядаючы вынікі, я бачу, што адзін прынцып пакуль што так і не прыжыўся. Гэта беларуская мова дома. Ня ў краме, не на вуліцы і не на сцэне — Бог зь імі, гэтага мы ўжо навучыліся. Дома. З жонкаю, з мужам, зь дзецьмі. Там, дзе правілы ўсталёўвае не палітычны рэжым, а ты сам.

Пачынаю згадваць сваіх калегаў, вядомых у Беларусі беларусаў, і аказваецца, што ці ня большасьць зь іх, якія ўсё жыцьцё публічна супрацьстаяць русіфікацыі, дома і зь дзецьмі гавораць па-расейску. Не кранаю старых — мы ня ведаем іхных страхаў, думаю пра сваё пакаленьне. Адкуль жа возьмецца нацыя?

Беларуская нацыя возьмецца зь беларускамоўнага дому.

Згадайце досьвед балтыйскіх краінаў пад саветамі. У іхным вонкавым жыцьці нічога магло й не нагадваць, што яны літоўцы ці латышы. Але дома, зь дзецьмі гаварылі па-свойму. Сукупнасьць гэтых дамоў і была нацыяй, ім самім давала адчуваньне нацыі. На вуліцы ці ў кавярні гавары як хочаш — гэта для чужога вока важна. А вось у беларускім доме па-беларуску — гэта толькі для сябе, для нас. Інакш мы адзін аднога руйнуем горш, чым любая русіфікацыя.

Згадайце, як зьдзівіла многіх у апошнім перапісе, што гэтак шмат беларусаў гавораць дома па-беларуску. Людзі інтуітыўна адчуваюць, што калі дома не па-свойму — якія ж яны беларусы?

Некалі Барыс Сачанка казаў, што ня так важна, у якую школу пойдуць ягоныя дзеці — беларускую ці расейскую, — як тое, на якой мове яны будуць размаўляць дома. Школу, як і ўсе нацыянальныя грамадзкія інстытуцыі, можна зачыніць. І калі яна — апошняе, на чым трымалася нацыя, дык ня будзе і нацыі. Дому не закрыеш. Прынамсі, давялося б фізычна зьнішчыць ягоных насельнікаў.

Не магу сказаць, што маё пакаленьне ўвасобіла ў жыцьцё ідэю беларускага дому. Не ўзмацнілася адчуваньне таго, што мы нацыя. Іншы раз заўважаю, што лягчэй беларускі дом ствараецца ў асяродку людзей, якія маюць негуманітарныя прафэсіі, у людзей непублічных. У іх няма падставаў адчуць няшчырасьць.

Застаецца надзея на пакаленьне сёньняшніх маладзёнаў. Яны мысьляць больш прагматычна і больш прагматычна будуюць свой побыт. Застаецца надзея таксама на пакаленьне нашых дзяцей, якім належыць паўтарыць наш ня вельмі ўдалы досьвед зь лепшым вынікам.

Сяргей Дубавец

Каментары

Цяпер чытаюць

Усе чакалі падзення цэн, але нічога падобнага! Як за год змяніліся цэны на кватэры ў Мінску і іншых буйных гарадах12

Усе чакалі падзення цэн, але нічога падобнага! Як за год змяніліся цэны на кватэры ў Мінску і іншых буйных гарадах

Усе навіны →
Усе навіны

«Можа, і мільён зрабіла за ўсё жыццё». 87‑гадовая майстрыха паўстагоддзя катае свечкі1

Сябар Пуціна прыбраў Япрынцава з прэзідыума Міжнароднай федэрацыі самба

З панядзелка пачне цяплець

Акунін расказаў, што неабходна, каб выжыць, калі ты застаўся ў кепскай краіне9

64‑гадовага віцэ-чэмпіёна па аўтаспорце кінулі ў калонію за палітыку. Арыштавалі пасля вяртання з-за мяжы3

Трамп паабяцаў Венгрыі росквіт, калі ва ўладзе застанецца Орбан22

Вэнс — Ірану: Не гуляйце з намі!6

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго8

Самая дзіўная выбарчая сістэма ў свеце. Пяць невідавочных рэчаў, якія важна ведаць пра выбары ў Венгрыі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе чакалі падзення цэн, але нічога падобнага! Як за год змяніліся цэны на кватэры ў Мінску і іншых буйных гарадах12

Усе чакалі падзення цэн, але нічога падобнага! Як за год змяніліся цэны на кватэры ў Мінску і іншых буйных гарадах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць