Вясна з халадамі
Вясна прыйшла з халадамі: маразы на францускай Рыўеры, у Барсэлёне ўпершыню за 20 гадоў выпаў сьнег. Мерзнуць нават беларусы ў Таронта, уначы там мінус 12. У Беларусі — халадней. У ноч на 2 сакавіка месцамі слупок тэрмомэтра сягаў 25 градусаў, удзень у сераду ў Менску было –9. Год таму ў сталіцы было мінус адзін. Паводле назіраньняў мэтэаролягаў, гэта самы халодны пачатак вясны за 20 гадоў, з 1987-га. Мэдыкі з наступленьнем вясны большую небясьпеку бачаць у зьмене пораў году, калі арганізм падвяргаецца стрэсу, а чалавек адчувае апатыю і становіцца больш раздражняльным. Таму, нягледзячы на надвор’е за акном, трэба штучна ствараць сабе вясновы настрой.
Затрыманыя забойцы Гангадзэ
Генэральны пракурор Украіны Сьвятаслаў Піскун абвесьціў у сераду пра затрыманьне двух непасрэдных выканаўцаў забойства журналіста Георгія Гангадзэ. Сьледзтва мае пэўнасьць, што яны дзейнічалі сьвядома. Трэці абвінавачаны, былы кіраўнік Службы замежнае выведкі, абвешчаны ў міжнародны вышук. Тым часам не пацьвердзілася аўторкавая інфармацыя пра тое, што была знойдзена галава журналіста. Назіральнікі выказваюць меркаваньні, што па гэтай справе можа быць арыштаваны экс-прэзыдэнт краіны Леанід Кучма.
Фарс у Горадні
Вярхоўны суд не задаволіў скаргі незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў па Гарадзенскай Цэнтральнай выбарчай акрузе №52 Яраслава Раманчука і Сяргея Скрабца. «Гродзенская праўда» адмовілася друкаваць перадвыбарчую праграму генэрала Валера Фралова. Прадстаўнікі спэцслужбаў сканфіскавалі тыраж постэраў Сяргея Антусевіча. У такой атмасфэры ўлады прапіхваюць угоднага сабе кандыдата.
Ад Паганяйлы адчапіліся
Крымінальная справа супраць намесьніка старшыні БХК Гары Паганяйлы за паклёп на прэзыдэнта спыненая 28 лютага за адсутнасьцю складу злачынства.
Мінінфармацыі вучыць «любіць беларускае»
Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне тром FM-станцыям, якія не напаўняюць этэр 75% беларускай музыкі, — «Альфа Радыё», «Радыё Рокс» і «Пілёт ФМ». У студзені аналягічныя папярэджаньні атрымалі «Гіт FM», «Новае радыё» і «Юністар».
Труса лавілі ўсім горадам
У Барнауле (Алтайскі край, Расея) учынена дзёрзкае злачынства. Невядомы на вуліцы напаў на жанчыну, што несла ў руках дэкаратыўнага труса, скраў зьвярка і на аўтамабілі «Таёта» зьнік зь месца злачынства. Жанчына неадкладна зьвярнулася ў міліцыю, арыенціроўку перадалі на ўсе пасты міліцыі і праз паўгадзіны зламысьнік быў злоўлены. Жывёлінку жывую і здаровую вярнулі гаспадыні.
АГ, svaboda.org, afn.by
Каментары