Архіў

Гусьлям, княжа, ня пішуць ліцэнзій

Хтосьці слушна заўважыў: «Пасьля трыццаці з музыкай нешта адбываецца». Маецца на ўвазе, зразумела, рок-музыка. Але ж і пасьля трыццаці з табой часам можа адбывацца нешта, з-за чаго «стары добры рок» зноў гучыць гэтаксама, як у маладосьці.

Пры канцы лютага гурт «N.R.М.» даў разьвітальны канцэрт у менскім начным клюбе «Рэактар». Паколькі я ўжо шмат гадоў ня быў на канцэртах і ўвогуле не хаджу ў клюбы, мне было ўсё адно, дзе будзе адбывацца імпрэза. Але мае знаёмыя, значна маладзейшыя й больш дасьведчаныя за мяне, зьдзівіліся і нават крыху напалохаліся: «Рэактар»? Гэта ж небясьпечнае месца! Там бываюць крымінальнікі».

Сам факт выступу там «N.R.М.» іх чамусьці не зьдзівіў.

Праўда, пра тое, што канцэрт разьвітальны, нідзе абвешчана не было. Проста ў гурту скончылася так званая ліцэнзія на гастрольна-канцэртавую дзейнасьць. Было б дзіўна, калі б улады, вяртаючыся да колішняй савецкай практыкі, забаранялі штосьці галосна і адкрыта. Фактычна, тое была нізкая й дробная помста за тое, што «N.R.М.» і яшчэ некалькі беларускіх гуртоў і музыкаў узялі летась удзел у канцэрце падчас мітынгу апазыцыі на плошчы Бангалор у Менску.

Але ж я не пра палітыку. Я пра музыку.

Танц-заля ў «Рэактары» была запоўненая моладзьдзю цалкам, і нават на бальконе, дзе квіткі даражэйшыя, вольных месцаў не засталося. Ня думаю, што на дыскатэках ды ў іншых публічных месцах зараз часта можна пачуць, як моладзь скандуе: «Жыве Беларусь!» Скандавалі ў той вечар і іншыя лёзунгі. Але, памятаючы пра помсьлівасьць цяперашняй улады, пашкадую кіраўніцтва начнога клюбу.

Зноў жа, я не пра палітыку. Я пра музыку. Пра рок-музыку без палітыкі? Што ж, напэўна, і такое магчыма. Але спачатку трэба ўзяць, хіба, тое пад увагу, што паняцьце «музыка пратэсту», якое ўжывалася савецкай прапагандай у 1960—1970-я гады мінулага стагодзьдзя ў якасьці эўфэмізму рок-музыкі, ад самага пачатку было паняцьцем абсурдным. Бо прысутнасьць «пратэсту» вызначалася паводле тэкстаў песень заходніх выканаўцаў. Калі ў іх асуджалася вайна ў Віетнаме, напрыклад, ці капіталізм — значыць, песьню можна было дазволіць. Альбо лепш — перакласьці й дазволіць яе выкананьне якім-небудзь ВІА з эстрады на расейскай мове, што было самым трапным спосабам забіць песьню.

Вузка-тэматычны падыход часам падводзіў цэнзараў. Сёньня якая-небудзь Джаан Баэз сьпявае пра мір, а заўтра — пра свабоду каханьня! Ці якая-небудзь рок-зорка скажа нешта ў якім-небудзь інтэрвію пра дысыдэнтаў у Савецкім Саюзе, і ўсё — бывайце, кружэлкі фірмы «Мэлёдыя» з запісамі (зразумела, пірацкімі) гітоў гэтай самай зоркі! Праўда, былі ж яшчэ бабінныя магнітафоны. Але гэта зусім ужо асобная гісторыя.

Шчыра кажучы, пераважную частку тагачасных падлеткаў і юнакоў мала цікавілі тэксты, бо ангельскую мову ведалі з нас адзінкі. Проста ўсім сваім ладам, гучаньнем, манерай выканаўцаў ды проста нейкай агульнай аўрай рок быў сам па сабе пратэстам. І, што парадаксальна, патрапіўшы з Захаду на Ўсход, ён ня толькі не губляў сваёй «пратэставасьці», але толькі набываў яе яшчэ больш. Бо справа была ня толькі ў забароне ўладаў, ня толькі ў канфлікце дзяцей і бацькоў і жаданьні вырвацца з-пад апекі. Справа ў тым, што пазбаўлены, на першы погляд, сэнсу з-за неразуменьня словаў большасьцю слухачоў, рок рабіўся свайго роду квінтэсэнцыяй вольнасьці, непакорлівасьці, бунтарства. Гэтыя якасьці перадаваліся не праз словы, а непасрэдна, праз рытм — у сэрцы.

Але потым здарылася яшчэ адна парадаксальная рэч. З рокам, які загучаў па-расейску, адразу адбылася нейкая дэвальвацыя. Напэўна, з мной ніколі не пагодзяцца прыхільнікі гурту «Акварыюм» ці, тым больш, геніяльнага трагічнага прарока Віктара Цоя. Але я кажу цяпер пра беларускую сытуацыю.

Расейскамоўны рок міжволі стаўся для беларускай моладзі нейкім часовым замяняльнікам, сурагатам свайго, айчыннага року — такога року, напрыклад, які выконваў легендарны чэскі гурт «Plastic Peoples of the Universe». Гісторыя сучаснага року ведае няшмат выпадкаў, калі музыкаў камуністы саджалі за іхныя песьні ў турму. Так было ў ЧССР, і прэзыдэнт Чэхіі, былы дысыдэнт Вацлаў Гавал прызнаўся пазьней, што маральны прыклад «Пластык піпл...» адыграў вырашальную ролю ў ягоным далейшым жыцьці...

Адных «Песьняроў» з геніяльным самародкам Мулявіным на чале было недастакова на пераломным для беларускае нацыі этапе. Усё-ткі «Песьняры», ня кажучы ўжо пра іншыя «беларускамоўныя» ВІА, ад самага пачатку й вельмі доўга былі ўбудаваныя ў сыстэму савецкага істэблішмэнту й савецкіх каштоўнасьцяў. Гэты факт не прыніжае тых «Песьняроў», што сталіся легендай «савецкага року». (Само словазучэньне гучыць амаль што анэкдатычна, але такі рок быў!) Адно не перастаю зьдзіўляцца — наколькі жывучай выявілася тая мадэль, што ўвесь час нараджае новыя клоны аднаго гурту.

Такім чынам, эпоха запатрабавала іх — і яны выйшлі на беларускую сцэну, рок-каралі і рок-князёўны. Я не пішу мастацтвазнаўчага артыкулу, і таму ня буду тут называць аніякіх імёнаў. Кожны можа назваць сваіх улюбёных музыкаў. Я назваў на самым пачатку толькі адзін гурт, безь якога, лічу, немагчыма ўявіць сучасны беларускі рок. І ня толькі я адзін. Значна важней, што некалькі дзясяткаў, ці сотняў, ці тысячаў хлопцаў і дзяўчат ужо ня могуць жыць безь Незалежнай Рэспублікі Мроі. Частка гэтых людзей апантана засьведчыла гэты факт у «Рэактары» 22 лютага.

Ці было гэта разьвітаньне з рокам? Дазволю сабе ўсумніцца. Па-першае, «N.R.М.», я ўпэўнены, нікуды ня зьнікне — прынамсі, надоўга. Па-другое, і гэта яшчэ больш важна — паслухайце адну менскую ФМ-станцыю, і вы вельмі хутка пераканаецеся, як шмат стала таленавітых беларускіх рок-гуртоў і музыкаў за апошні час, як далёка сягнуў айчынны рок і ў пляне майстэрства і ў пляне зьместу. Я наўмысна не называю станцыі, бо рэкляма ёй зусім непатрэбная. Хаця б таму, што разьвіцьцё беларускага року зусім не ўваходзіць у пляны тых, хто ўвёў на ўсіх радыёстанцыях «залатое правіла» 75:25. У пляны начальства ўваходзіць, каб на ўсіх хвалях гучала 25 працэнтаў расейскай папсы і 75 — «беларускай». На вялікі жаль, тут нельга ўжыць нават слова «беларускамоўная». Бо сутнасьць тут — у самых адсоткавых суадносінах паміж гэткай музыкай і гэткай. Інакш кажучы, размова ідзе аб кантролі ідэалягічнага начальства за тым, колькі і якой музыкі павінна гучаць у этэры. Гэта мы ўжо праходзілі. І гэта ніколі не давала плёну. Музыка існавала і будзе існаваць не для начальства, а для тых, каму яна найбольш патрэбная — гэта значыць, для тых, каму сёньня яшчэ няма трыццаці.

Рок-н-рол хутчэй жывы, чымся мёртвы! Жыве БНРМ!

Віталь Тарас

Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнка выказаўся пра дэфіцыт медыкаў і прапанаваў ім працаваць больш8

Лукашэнка выказаўся пра дэфіцыт медыкаў і прапанаваў ім працаваць больш

Усе навіны →
Усе навіны

16‑гадовая беларуска скарае шахматныя вяршыні ў Польшчы2

У Іране загінуў камандзір падраздзялення КВІР, якое займалася задушэннем пратэстаў6

«Гісторыя поўная нечаканасцяў, і не ўсе яны непрыемныя». Пісьменніца Крысціна Сабаляўскайце паразважала пра ВКЛ, Беларусь і Расію22

Махляры для атрымання грошай без пары «пахавалі» самую старую чарапаху ў свеце

Чаму людзі паўстагоддзя не лёталі да Месяца?8

10% кватэр у Мінску ў сакавіку набылі расіяне14

Сясцёр Свята-Елісавецінскага манастыра заўважылі за прылаўкамі на Корсіцы9

Падчас атакі на Тэгеран разбілі самы высокі мост на Блізкім Усходзе1

Назвалі самага багатага атлета за ўсю гісторыю сусветнага спорту1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка выказаўся пра дэфіцыт медыкаў і прапанаваў ім працаваць больш8

Лукашэнка выказаўся пра дэфіцыт медыкаў і прапанаваў ім працаваць больш

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць