Напрыканцы тыдня сродкі масавай інфармацыі паведамілі пра тое, што ў мінскім медуніверсітэце памяняецца рэктар. З мінулым, Паўлам Іванавічам Беспальчуком, МЗРБ не працягнуў кантракт. Здавалася б нічога звышардынарнага, але перад сваім зыходам рэктар апублікаваў ва ўніверсітэцкай газеце «Веснік БДМУ» матэрыял, дзе раскрыў некаторыя падрабязнасці звыклага беззаконня, якое штогод адбываецца падчас размеркавання ў гэтай навучальнай установе.

Нягледзячы на тое, што нічога новага для студэнтаў‑медыкаў Беспальчук не напісаў, а сама публікацыя прыпазнілася на 7 месяцаў (размеркаванне было ў красавіку), сам факт выступлення чыноўніка ў СМІ стварыў апошняму імідж прафесіянала з прынцыповай пазіцыяй».

Doktar.net сустрэўся з чалавекам, які не з’яўляецца медработнікам, але меў справу з Паўлам Іванавічам па размеркаванні студэнтаў у лепшыя для экс‑рэктара часы. І ведае яго з іншага боку.

Гэта Крысціна Сідун — былая старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў». У красавіку 2000 г. сябры гэтай арганізацыі праводзілі каля медуніверсітета санкцыянаваны гарадскімі ўладамі пікет супраць прымусовага размеркавання студэнтаў. Гаворыць Крысціна:

У сярэдзіне 90‑х размеркаванне не было абавязковым. Першыя спробы прымусова адпраўляць выпускнікоў у рэгіёны, пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС, выклікалі хвалю грамадскіх пратэстаў.

Тады ідэю ўвядзення размеркавання ўлады паспрабавалі падаць грамадскасці як рэакцыю на просьбы моладзі дапамагчы з пошукам першага працоўнага месца. Быў перыяд, калі педагагічныя і медычныя ўніверсітэты фактычна пачалі размяркоўваць выпускнікоў, але заканадаўчая база пад гэта яшчэ не існавала. Усялякія распіскі, пагрозы і прымусы былі незаконнымі. І выпускнікі масава ігнаравалі размеркаванне.

Менавіта ў гэты перыяд, у 1998—2001 гады, адбывалася супрацьстаянне ўладаў, якія адпраўлялі бясплатную і бяспраўную працоўную сілу туды, куды выгодна чыноўнікам, і студэнтаў, якія не жадалі марнаваць лепшыя гады жыцця, талент і здароўе. Супраць размеркавання выказаліся многія моладзевыя грамадскія арганізацыі (а іх тады было шмат!). Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў ініцыявала гэтую кампанію, прыцягнула да супрацоўніцтва юрыстаў, якія даказалі незаконнасць практыкі размеркавання. ЗБС накіравала адкрытыя лісты ва ўсе міністэрствы, падведамасныя ВНУ якіх практыкавалі размеркаванне. Дэпутаты Вярхоўнага савету атрымалі прапановы ініцыяваць слуханні ў парламенце па спыненні антыканстытуцыйнай практыкі размеркавання.

У выніку дэпутат Навасяд у 2001 годзе сабраў 35 тысяч подпісаў студэнтаў супраць размеркавання.

Была разгорнутая дыскусія ў СМІ, якая яскрава прадэманстравала, што моладзь катэгарычна супраць размеркавання. Студэнты выходзілі на стыхійныя пратэсты. Бацькі слёзна прасілі рэктараты, насілі хабары і шукалі «блат», каб іх дзяцей не размяркоўвалі. Гэта быў час, калі патрэбен быў хаця б адзін сумленны рэктар, каб размеркаванне ніколі не сталася ўзаконеным.

Суполкі ЗБС з розных універсітэтаў падавалі заяўкі ў мясцовыя органы ўладаў і праводзілі санкцыянаваныя пікеты супраць размеркавання каля навучальных установаў. Адзін з такіх пікетаў прайшоў увесну 2000 году каля БДМУ (месца было вызначана гарадскімі ўладамі). Будучыя медыкі скандавалі:

«Грыз навуку я штодня, маю адукацыю,
Каб вясковым парсюкам прызначаць кастрацыю!»

Побач стаяў выдзелены гарвыканкамам для кантролю за парадкам нарад міліцыі, які бараніў… Каго і ад каго б вы думалі? Студэнтаў ад рэктара БДМУ Беспальчука!

Бо ён выбег да хлопцаў і дзяўчат з пагрозамі адлічэння, абзываў іх, не саромеючыся, спрабаваў прагнаць. Ён кідаўся да мікрафонаў і камераў журналістаў, каб засведчыць, што ён змагаецца ЗА размеркаванне, і нікому не дазволіць выказваць адваротны пункт гледжання паблізу медінстытута.

Напярэдадні я зайшла да Паўла Іванавіча ў кабінет, каб паведаміць, што ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкаму паблізу БДМУ мае адбыцца санкцыянаваны пікет супраць размеркавання. З рэктарам яго ніяк не трэба было ўзгадняць, бо дазвол быў атрыманы ад гарадскіх уладаў. З майго боку такі візіт быў візітам ветлівасці і добрай волі. Чакалася, што інфармацыя будзе прынятая да ведама, не болей. Аднак рэктар апынуўся змагаром! Ён пажадаў мне згніць у турме і сказаў яшчэ шмат таго, што не мае права казаць доктар, мужчына і інтэлігент. Гэта была нашая першая сустрэча, а на наступны дзень адбылася другая і апошняя, дзе ўжо знаёмы мне змагар спрабаваў адстойваць размеркаванне, зрываючы працівагаз з удзельніка акцыі, каб запомніць ягоны твар і адпомсціць на размеркаванні.

Беспальчук для студэнтаў быў і застаецца ўвасабленнем размеркавальнай машыны. Ён удзельнічаў штогод у пасяджэннях камісіяў па размеркаванні. Ён зрабіў усё, што ад яго залежала, каб размеркаванне трывала ўвайшло і замацавалася ў сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі. І ён за гэта адказны перад кожным размеркаваным студэнтам і перад сваім сумленнем.

Вось такі «правдоруб». Дадатковыя падрабязнасці тых падзеяў можна пачытаць у публікацыі газеты «Вечерний Минск».

Безумоўна, Беспальчук — чалавек сістэмы, які свядома ўсё жыццё імкнуўся быць на кіруючых адміністрацыйных пасадах — ад камітэта камсамола да дэканата і рэктарата. Заставаўся пры гэтым практыкуючым хірургам, кажуць, нават някепскім, але з абавязковым налётам функцыянера.

За дванаццаць год рэктарства Павал Іванавіч меў не адзін шанец праявіць прынцыповасць, мужнасць, смеласць і паспрабаваць змяніць сістэму. Але ні разу не скарыстаўся такой магчымасцю.

Прыведзены вышэй прыклад далёка не адзіны. Узгадаць хіба студэнтаў, выключаных з БДМУ пасля падзеяў на «плошчы Каліноўскага». А былі ж дэканы і рэктары, якія сваіх студэнтаў адстаялі… Хочацца верыць у лепшае — у жаданне змагацца з «ложью и беззаконием», якое «достигло своего апогея в плане распределения выпускников». Хочацца — і не верыцца, бо незразумела, што замінала паважанаму дацэнту звярнуцца ў СМІ яшчэ ўвесну, калі адбываліся «вапіюшчыя падзеі», а таксама напісаць ліст ў пракуратуру ці міліцыю, тым больш, што ўсё дакументавалася на відэа і была тысяча сведак.

Але ў кулуарных гульнях і офісных войнах заўжды пытанняў больш чым адказаў.

doktar.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0