Архіў

Сяргей Бахун:«29 гадоў, а я — хворы на рак»

Мы стаім на паўразбуранай бэтоннай кладцы сярод спакойнага возера. З-за соснаў даносіцца гук вады, якая вадаспадам ліецца з дамбы. Рэспубліканскі клінічны шпіталь мэдыцынскай рэабілітацыі больш падобны на дом адпачынку. Сяржук Бахун усьміхаецца і жартуе.

Каб не ссутуленая пастава (не даюць цалкам выпрастацца швы) ды доўгі шнар на шыі, цяжка было б здагадацца пра тое, што малады хлопец змагаецца з ракам шчытападобнай залозы.

Нашы людзі рэдка ходзяць да доктара

«НН»: Вы ўсьміхаецеся — хапае пачуцьця гумару?

Сяргей Бахун: Пасьля апэрацыі пяць дзён хадзіў як трансформэр — з шыі тырчала трубка, прымацаваная да дрэнажнай бутэлечкі. Падбародзьдзе страціла адчувальнасьць: напэўна, крыху закранулі нэрву. Дык дактары сказалі больш усьміхацца, каб распрацоўваць мышцы твару.

«НН»: Як Вы даведаліся пра сваю хваробу?

СБ: Заўважыў хваробу зусім выпадкова — распух лімфавузел. Пайшоў да хірурга. Той кажа: «Пагрэеш, антыбіётыкаў папрымаеш — і разыдзецца». Я пару разоў пагрэў, але адчуў, што нешта ня тое, пайшоў да другога хірурга. А той: трэба тэрмінова здаць аналізы — вялікія праблемы могуць быць. Я зрабіў усё, як ён сказаў, і мяне накіравалі ў Берасьцейскі анкалягічны дыспансэр: ультрагукавое дасьледаваньне выявіла злаякасную пухліну шчытападобнай залозы.

Многія выпадкова заўважаюць хваробу — нашы людзі рэдка ходзяць да доктара. Мужчыны з «зоны» расказвалі мне, што ад няма чаго рабіць хадзілі да нямецкага аўтобуса Чырвонага Крыжа, што езьдзіць па вёсках. Правяраліся — і нечакана для сябе апыналіся ў шпіталі.

«НН»: Ці цяжка было ўсьвядоміць свой дыягназ?

СБ: Калі мне сказалі, што чакае апэрацыя, немагчыма было паверыць. 29 гадоў, а ты — хворы на рак. Але дзякуючы падтрымцы родных, сяброў удалося маральна настроіцца. Калі мяне везьлі на апэрацыю, адсылаў эсэмэскі ды размаўляў па тэлефоне.

Мілінкевіч прывёз фаршыраванага шчупака

«НН»: Як праходзіла апэрацыя?

СБ: У Менску мне сказалі, што апэрацыю трэба рабіць не пазьней чым праз тыдзень. Cябры з Францыі прапаноўвалі зрабіць апэрацыю ў сябе. Але доктар сказаў: «У цябе замала часу, нават візы зрабіць не пасьпееш». Апэрацыя трывала тры гадзіны. Выразалі ўсё, але няма гарантыі, што ня будзе паўтору. Пасьля тыдзень у дыспансэры патрымалі і накіравалі на рэабілітацыю. Даведаўся ад суседзяў па палаце: нават пад наркозам я размаўляў па-беларуску.

«НН»: Ваша хвароба была неспадзяванкай для ўсіх. Ці заўважылі людзі навокал Ваша зьнікненьне?

СБ: Ачуняўшы, уключыў тэлефон — а там поўна эсэмэсак. І кожны кажа, чаму мне яшчэ трэба жыць! Уладзімер Арлоў тэлефанаваў, расказваў, як сам адыходзіў пасьля апэрацыі. Алесь Мілінкевіч прывёз фаршыраванага шчупака ды заліўны язык. Ніколі ня думаў, што такі заняты чалавек знойдзе час на мяне. У такіх сытуацыях правяраецца сяброўства: здавалася, былі самыя добрыя дружбакі, а вось за месяц ні разу не патэлефанавалі. А тыя, каго лічыў проста знаёмымі, моцна падтрымліваюць.

Ніводнага лета ўдома

«НН»: Адкуль Вы родам?

СБ: Зь вёскі Майсееўка ў Акцябрскім раёне, на Гомельшчыне. У часе вайны там была знакамітая партызанская Рудабельская рэспубліка. Потым восем год пражылі ў Парэччы Жыткавіцкага раёну, пасьля пераехалі ў Верасьніцу — сем кілямэтраў ад Турава. Усё добра было — і хата, і праца. Бацька — добры аграном, тады ён быў здольны 98 цэнтнэраў з гектара ўзяць. Але здарыўся Чарнобыль. Бацьку накіравалі на ліквідацыю. У Брагінскім раёне яны пераворвалі землі, каб не падымаўся радыеактыўны пыл.

«НН»: Адкуль Вы пачулі пра аварыю?

СБ: Мае бацькі чыталі прэсу, брат слухаў «галасы». Маці ведала ўжо 26-га, што здарыўся выбух. Бацькі нам сказалі, каб адзявалі шапкі на галовы. На наступны дзень пасьля катастрофы я гуляўся ў пясочніцы. Маці кажа: «Не гуляйся ў пяску, радыяцыя!» Я ў адказ: «Мама, дык радыяцыя ж учора была!»

«НН»: Калі вы вырашылі пераехаць у «чыстую» зону?

СБ: У 1989 г. Адзін знаёмы доктар сказаў бацькам: «Дзеля сваіх дзяцей трэба вам адсюль зьяжджаць». Бацькі выбралі Берасьцейшчыну, Драгічынскі раён, вёску Брашэвічы — маці адтуль. Але калі пераяжджалі, ніякіх мапаў радыяактыўнага забруджаньня не было. Мы й ня ведалі, што гэтая вёска апынулася акурат у пляме радыяактыўнага забруджаньня ў Берасьцейскай вобласьці. Там я пражыў да 1993 г., скончыў школу ды пераехаў у Берасьце. Выйшла, што ўвесь гэты час я жыў у моцна забруджанай зоне.

«НН»: Ваша сям’я спрабавала неяк абараніцца ад уплыву радыяцыі?

СБ: Бацькі давалі нам ёд і штогод вывозілі на вакацыі. У 1986 г. я са старэйшым братам быў на адпачынку ў Мардовіі, маці з малодшай сястрой паехалі ў Краснадарскі край, а бацька — у Брагінскі раён. Цэлае лета жылі адно без аднаго. Летам 1987 г. мяне вазілі ў Башкірыю. Пасьля па розных санаторыях, абы толькі не знаходзіцца летам на забруджанай тэрыторыі. Аніводнага лета дома не правёў.

«НН»: Ці ёсьць праблемы са здароўем яшчэ ў каго-небудзь з Вашай сям’і?

СБ: Пакуль, дзякуй богу, ня выяўлена. Бацьку як ліквідатара кожны год правяраюць. У брата два сыны — яны на ўліку ў анкалягічным дыспансэры.

Гомельскія — больш шчырыя

«НН»: Што такое Чарнобыль для Беларусі?

СБ: Гэта бяда наша. Севярынец сказаў бы — наш крыж. Хаця і не па нашай віне.

«НН»: Ці вінаваціце каго-небудзь у гэтай катастрофе?

СБ: Вінавата савецкая сыстэма, імпэрыя, якая патрабавала ва ўсім «тэмпы». Чарнобыль — сымбаль развалу гэтай сыстэмы, яе беспэрспэктыўнасьці і таго, што нават семдзесят гадоў яе існаваньня будуць адгукацца нам стагодзьдзямі. Я вінавачу кіраўніцтва СССР — за тое, што яны сьцьвярджалі, што ўсё добра, нічога ня здарылася.

«НН»: У апошняй справаздачы ААН гаворыцца, што перасяленьне выклікала ў насельніцтва вялізныя псыхалягічныя праблемы. Наколькі цяжка даўся пераезд вашай сям’і?

СБ: Цяжка было — мэнталітэт гомельцаў і берасьцейцаў вельмі адрозьніваецца. Гомельскія людзі больш шчырыя, адкрытыя, а берасьцейцы — прыватнікі, больш закрытыя. На Гомельшчыне і сьвяткуюць, і сумуюць разам, а на Берасьцейшчыне ты сам-насам з сабой. Але праз тры-чатыры гады падладзіўся.

«НН»: А што самі думаеце пра даклад? Ці згодны, што вынікі катастрофы не такія цяжкія, як мы лічылі раней, і што стрэс нарабіў больш шкоды, чым радыяцыя?

СБ: Сапраўды, стрэс быў. Але лепш атрымаць такі стрэс, чым жыць, ня ведаючы, што здарылася, харчавацца бруднымі прадуктамі, лавіць рыбу, атрымліваць радыяцыю. Добра, каб вынікі аварыі сапраўды былі менш небясьпечныя. Але грамадзтва не да канца зразумела небясьпечнасьць аварыі. Кіраўніцтва краіны гэтага не разумее — паглядзіце на тое ж разьмеркаваньне ў «зону», на прадукты, якія ў ёй вырабляюцца, а потым прадаюцца па ўсёй Беларусі.

«НН»: Ці часта бываеце ў родных мясьцінах?

СБ: У мяне там родныя засталіся, сябры. Цягне туды. Людзі засталіся з праблемай сам-насам, я ня ведаю, чым дзяржава дапамагае гэтым людзям. Людзей пераконваюць, што ўсё добра. Вось яны і ходзяць у грыбы, вырошчваюць садавіну-гародніну. Мы заклікаем знаёмых ды родных хаця б сваіх дзяцей на аздараўленьне ў чыстыя раёны вывозіць, але іх ужо пераканалі, што тут можна і трэба жыць. Ім кажуць, што ў некаторых вёсках радыяцыі нават менш зрабілася. Некаторыя вераць. Можа, ім ад гэтай хлусьні лягчэй жыць робіцца.

Жыцьцё працягваецца

«НН»: Каб Вы былі прэзыдэнтам, якую б вялі палітыку адносна вынікаў чарнобыльскай катастрофы?

СБ: Трэба прыцягваць міжнародную дапамогу, тых жа японцаў, якія сутыкаліся з праблемай радыяцыі. Трэба прыцягваць навуку для вывучэньня шкоды радыяцыі. Ніколі б не дазволіў вырабляць у чарнобыльскіх раёнах сельгаспрадукцыю.

«НН»: Ці маеце Вы намер вярнуцца ў палітыку?

СБ: Я ўжо вярнуўся. Усе ў маім аддзяленьні, нават цэлы паверх чытаюць незалежную прэсу. Калі я бачу, што чалавек мае неадэкватнае ўяўленьне пра сытуацыю, глядзіць на жыцьцё вачыма дзяржаўнай прапаганды, дык я не магу маўчаць. Можа, на шкоду сабе — мне няможна размаўляць гучна — тлумачу людзям. Родныя кажуць, што мне варта сысьці з палітыкі, паберагчы здароўе, але забраць у мяне грамадзкае жыцьцё — значыць забраць усё жыцьцё.

«НН»: Хвароба зьмяніла Вас?

СБ: Калі паведамілі дыягназ, над усім задумаўся. Было шкадаваньне пра тое, чаго ў жыцьці не пасьпеў. Хочацца сям’і, дзяцей, працягу роду. Хочацца дачакацца беларускай рэвалюцыі. Ёсьць для чаго жыць.

«НН»: Што б Вы сказалі тым, каго таксама напаткала такая хвароба?

СБ: Ні ў якім разе не здавацца. Трэба змагацца, жыцьцё працягваецца, нас чакае шмат справаў. Хвароба — гэта прыпынак, на якім абавязкова трэба спыніцца, бо інакш можна зламацца зусім. Але спыніўся і пайшоў далей. Сябры пытаюцца: «Што б ты выбраў — пасядзець, як Севярынец, ці пахварэць?» Лепей ужо турма, чым такая хвароба.

Гутарыў Алесь Кудрыцкі

9 сьмерцяў на 4000 выпадкаў

«Выяўлена каля 4000 тысячаў выпадкаў раку шчытападобнай залозы, перш за ўсё сярод дзяцей. У выніку хваробы зарэгістравана толькі 9 сьмяротных выпадкаў — доля тых, хто выжывае, блізкая да 99%».

Паводле справаздачы «Чарнобыль: сапраўдныя маштабы аварыі»

Лёс ліквідатараў

«Сярод жыхароў паўднёвых тэрыторыяў Беларусі выпадкаў вострай промневай хваробы няма.

Сярод больш чым 200 тысячаў ліквідатараў цягам іх жыцьця можна чакаць каля 2200 сьмяротных выпадкаў, выкліканых радыяцыяй. Агульны лік сьмерцяў сярод насельніцтва па прычынах, так ці іначай зьвязаных з Чарнобылем, у будучыні можа скласьці 4000 чалавек».

Паводле справаздачы «Чарнобыль: сапраўдныя маштабы аварыі»

Каментары

Цяпер чытаюць

Наўроцкі заявіў, што Польшча павінна распрацаваць уласную ядзерную зброю18

Наўроцкі заявіў, што Польшча павінна распрацаваць уласную ядзерную зброю

Усе навіны →
Усе навіны

«Мы зрабілі памылкі разам, і разам абавязаныя іх прызнаць». Тэкст прамовы Марка Рубіа на Мюнхенскай канферэнцыі33

Шалёныя штрафы і праца нон-стоп: беларусы расказалі пра пякельныя ўмовы на складах Wildberries і Ozon26

Італьянец выпадкова выкінуў у смецце 20 залатых зліткаў2

Акіян за некалькі дзён змяніў аблічча аднаго з самых вядомых пляжаў Ісландыі4

У Лагойскім раёне перакуліўся аўтобус з 47‑мю пасажырамі1

Першыя сярод іншаземцаў на ўкраінскім фронце — калумбійцы. Чаму менавіта яны?4

Бразільскі гарналыжнік выйграў на Алімпіядзе1

Ціханоўская: Беларускую апазіцыю хацелі б трансфармаваць у расійскую10

На адной са станцый мінскага метро затапіла падземны пераход ВІДЭА

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наўроцкі заявіў, што Польшча павінна распрацаваць уласную ядзерную зброю18

Наўроцкі заявіў, што Польшча павінна распрацаваць уласную ядзерную зброю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць