Меркаванні22

Сляза і хлопчык

Піша Сяргей Ваганаў.

Які ўсё ж містычны дзень — 5 сакавіка!

Яно, магчыма, засталося б недарэчнай выпадковасцю — памерці дзень у дзень са Сталіным. Але ж ці выпадковасць, калі і праз 60 гадоў усё паўтарылася з такой дакладнасцю, быццам нічога за тыя гады ў свеце не змянілася, ды і гадоў тых быццам і не было…

Ёсць, зразумела, і ментальныя адрозненні. Тут палахліва-стрымана маўчалі — там спявалі. Тут захлыналіся ў плачы — там пляскалі ў далоні.

Але ж і праз 60 гадоў данеслася на супрацьлеглы канец свету і выранілася пякучая сляза на шкляную, нібыта пад лупай часу, труну.

Адзіны, хто не плакаў, не пляскаў у далоні і не спяваў — бялявы хлопчык у ладным касцюмчыку, што моўчкі туліўся да бацькі ля той труны. Чаму ён не плакаў, як бацька?
Чаму ён не плакаў, як некалі плакаў я?

…Першую слязу на смерць правадыра я пусціў у сем гадоў ад нараджэння, калі памёр Жданаў. Тоўсты чалавек у наглуха зашпіленым фрэнчы, з бабскім тварам пад прылізанымі ў радок валасамі, здаваўся мне надзвычайна добрым, якімі, мусіць, здаюцца ў дзяцінстве ўсе правадыры. Але плакаў я, памятаю, не ад жалю — ад страху. Дакладней, ад жалю да самога сябе. Бо што ёсць страх, як не шкадаванне самога сябе? Жалобная музыка, дзяржаўна-журботны голас Левітана, рыданні сястры і цёплая далонь маці: «Не плач, сынок, у нас ёсць Сталін…»

Вядома, я ведаў, што Сталін ёсць. Але менавіта з таго моманту я ўпэўніўся ў тым, што ён ёсць назаўжды.
І з ім ніколі і нічога не трэба баяцца — ні за сябе, ні за сястру, ні за маму з татам, ні ўвогуле за жыццё…

Праз пяць гадоў я спытаў у старога краўца, ці бачыў ён калі-небудзь Сталіна. «…чыў, не…чыў…» — прашамкаў кравец, не выпускаючы са сціснутых губ вострыя, пад плешкай, быццам малыя цвічкі, іголачкі.

Быў студзень 1953-га. Стары кравец з чырвонымі павекамі вымяраў мяне ўздоўж і ўпоперак, каб пашыць першыя ў маім жыцці «дарослыя» штаны з чорнага шэвіёту.

«А я хутка пабачу Сталіна!» — «Стой, не круціся!» — раздражнёна адазваўся стары кравец, утыкаючы ў калашыну тоўстую шаршатку…

Так, нам усім гаварылі, што мы пабачым самога Сталіна. Нам — гэта вучням музычнай школы, з якіх быў створаны хор, што рыхтаваўся да Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве.

Як я чакаў гэтага моманту! Нават сніў…

5 сакавіка абрынулася ўсё.
Якая дэкада, калі разам і назаўсёды зніклі ўсе гукі дзяцінства: задзірысты горн і барабанны дробат піянерскіх маршаў, вясёлыя званочкі першых пасляваенных трамваяў, залпы салютаў з ракетніц над драўлянай царквой… Здавалася, скончылася жыццё. Мабыць, таму так здавалася, што дарослыя ў тыя сакавіцкія дні неяк па-асабліваму шкадавалі дзяцей. Аднак чым больш шкадавалі, тым глыбей зарываўся я па начах у падушку, чакаючы канца свету, то бок вайны. Усе вакол гаварылі пра вайну. І пра тое, як жа мы пераможам у ёй без Сталіна?..

А потым пачуўся воплеск. За ім яшчэ і яшчэ — некалькі кароткіх вясёлых воплескаў, што разарвалі панурую цішыню ў класе, куды мы вярнуліся пасля некалькіх жалобных дзён. І раскацістае, ракатаючае «ну, бр-р-р-атцытр-р-русы, хутка май!» І «братцы трусы» загаманілі, застукалі партамі, зашалясцелі сшыткамі — хутка май, значыць, іспыты, што ладзіліся тады кожны год, прыбраныя дзяўчынкі ў бантах, бэз…

Я не любіў матэматыку, але любіў нашага матэматыка Ізраіля Майсеевіча Лібо.
У яго былі вузлаватыя, з кароткімі пальцамі, але вельмі вялікія рукі, мясісты нос на парытым глыбокімі маршчынамі твары, маркотныя лупатыя вочы з цяжкімі павекамі і велічэзны лоб, над якім кучаравіліся рэдкія, сівыя з блакітам, валасы…

Аднойчы ўвечары я гартаў старадаўнюю кніжку і ўбачыў гравюру з выявай прарока Майсея. З таго часу быў упэўнены, што наш настаўнік матэматыцы — ягоны сын, такі падобны…

Я любіў яго, любіў быць «братцам трусам» і не разумеў, чаму геаграфічка абразліва кліча яго касмапалітам. У дзяцінстве я не аднойчы чуў гэта слова, што прамаўлялася бацькамі цішком. І быў упэўнены, што касмапаліт — гэта нешта звязанае з касмачамі, то бок жудаснае і валасатае. Зусім не такое, як мой настаўнік, сын прарока…

Пляснуў у далоні на тым першым пасля смерці правадыра ўроку, і адразу зніклі страх і жах ад хуткага і непазбежнага небыцця…

…Я ўглядаюся ў таго бялявага хлопчыка ля чужой, пад шклом, труны. Ці зразумее ён калі-небудзь, у якой калысцы нарадзілася і ўзгадавалася бацькава сляза?

І па кім яна насамрэч — па чалавеку, які прасіў не даць памерці, ці па крыважэрным цмоку, што, здавалася б, памёр 60 гадоў таму назаўжды? Дзень у дзень.

А мо ў той слязе хаваўся страх? Вось жа не паспелі «камандантэ» забальзаміраваць, а ўжо — «атруцілі». Хто б сумняваўся…

…Дэкада тая ўсё ж адбылася. У 1955, праз два гады. У мяне захаваўся фотаздымак: вось яна, сцэна Вялікага тэатра ў Маскве, і мы на ёй — хлопчыкі ў белых кашулях і ў чорных, якія сталі караткаватымі, штанах з шэвіёту, дзяўчынкі з бантамі і ў белых фартухах…

«Радзі-і-і-ма мая дарага-а-а-я-я…» — саліруе Сярожа Мінчонак, бялявы хлопчык з празрыстым крынічным голасам.

А мы падхопліваем: «Красу-у-йся і ў шча-а-а-сці жыві…»

Каментары2

Цяпер чытаюць

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго5

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго

Усе навіны →
Усе навіны

Юрый Караеў марыць зладзіць штурм Мірскага замка мангола-татарамі23

Ва ўрадзе загаварылі пра вяртанне да ўнутраных авіярэйсаў1

У Мінску літаральна за палову дня здалі ў арэнду кватэру без аздаблення. Але людзі абураюцца4

Марыю Калеснікаву віталі апладысментамі падчас канцэрту ў Берліне8

Вяртанне дадому можа стаць самай небяспечнай часткай місіі для касманаўтаў «Артэміды-2»

Беларуска ўклала каля пяці тысяч еўра ў сэканд-хэнд у Польшчы, а цяпер спрабуе яго прадаць1

Праўладная спявачка праспявала на хакейным матчы «Белоруссія» — і атрымала заслужаную тону хейту23

Аказваецца, на Нямізе, калі гарэў аўтамабіль, узрываліся пальчыкавыя батарэйкі1

Беларус паехаў ваяваць за Расію, падарваўся на міне і здаўся ў палон. Украінскі баец нёс яго на спіне 10 км16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго5

Паступова выйшлі на волю арыштаваныя па «Справе кнігароў». Акрамя аднаго

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць