У Пінску школьнік загінуў на ўроку. Падлетак адчуў сябе дрэнна падчас фізкультуры. Настаўнікі выклікалі хуткую, але выратаваць хлопчыка не ўдалося.
18 сакавіка ў Пінскае школе звініць не апошні, а развітальны званок. Тут здарылася вялікая трагедыя. Педагогі і вучні праводзяць у апошні шлях адзінаццацікласніка Мішу Матруніча.
Няшчасны выпадак адбыўся ў сценах школы. На ўроку фізкультуры, падчас гульні ў футбол, хлопец страціў прытомнасць і ўпаў на падлогу.
Сяргей Рогаль, настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі пінскай школы № 15:
«Падбягаю - ляжыць у ненатуральнай позе, гляджу: пасіненне ўжо, зрэнкі не рэагуюць, дыхання няма, пульс я ўжо не мог намацаць, таму што ў самога калацілася ўсё».
Падчас здарэння школьнай медсястры на месцы не было. Першую дапамогу Мішу аказвалі настаўнікі. Пазней за жыццё адзінаццацікласніка змагаліся дзве брыгады хуткай дапамогі. Але безвынікова - хлопец памёр проста ў спартыўнай зале. Міша Матруніч некалькі гадоў займаўся футболам і выступаў на гарадскіх спаборніцтвах. Па словах аднакласнікаў, у тую раніцу на поле ён выйшаў у баявым настроі. Як сцвярджаюць медыкі, у Мішы была першая група здароўя. Месяц таму ён праходзіў медкамісію для паступлення ў ВНУ і сур'ёзных захворванняў лекары не выявілі.
Тое, што адзінаццацікласнік мог ужываць наркотыкі, у школе адмаўляюць. Леанід Дарашэнка, дырэктар Пінскае школы № 15:
« Міша ў нас характарызаваўся са станоўчага боку, быў спакойным, ураўнаважаным хлопцам. Ва ўжыванні наркатычных рэчываў заўважаны не быў».
Падставай для вызвалення ад урока фізкультуры можа быць ці медыцынская даведка, ці скарга на дрэннае самаадчуванне. Спецыяльна стан здароўя вучняў перад заняткамі ніхто не правярае. Падобны выпадак адбыўся каля месяца таму ў Мінску. У школе № 147 вучань старэйшых класаў памёр падчас заняткаў спортам. Як пазней вызначылі эксперты, у хлопца былі сур'ёзныя праблемы з сэрцам.
Праўда, ніхто з настаўнікаў пра гэта не ведаў. Ці была гібель падлеткаў «справай выпадку», ці гэта ўжо жахлівая заканамернасць, не вядома. У Міністэрстве аховы здароўя ад каментароў адмовіліся. Міша Матруніч быў адзіным дзіцем у сям'і. Па жорсткай іроніі ён хацеў стаць доктарам.
Каментары