Яраш: Данбас ужо чакае, каб прыйшоў «Правы сектар» і навёў парадак
Лідар партыі «Правы сектар» Дзмітрый Яраш заявіў, што прадстаўнікі яго арганізацыі бяруць удзел у дзейнасці батальёнаў тэрытарыяльнай абароны ва ўсходніх рэгіёнах Украіны.
Пра гэта ён сказаў на брыфінгу ў чацвер, перадае «Інтэрфакс-Украіна».
«Нашы байцы, якія зараз ёсць у складзе батальёнаў тэрытарыяльнай абароны менавіта ў Данецкай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай абласцях, не маюць практычна ніякіх праблем, звязаных з тым, што іх нехта там ненавідзіць, дрэнна да іх cтавіцца», — сказаў Яраш.
Паводле яго слоў, у апошні час можна адзначыць тэндэнцыю пэўнага «псіхалагічнага пералому» ў Данбасе.
«І тыя людзі, якія нядаўна з пэўнай сімпатыяй ставіліся да тэрарыстаў і сепаратыстаў, цяпер ужо такіх сімпатый не выказваюць. Мы пастаянна атрымліваем інфармацыю аб тым, што на Данбасе ўжо кажуць: «Калі ж прыйдзе «Правы сектар» і нарэшце навядзе парадак у Данецкай вобласці?» — адзначыў ён.
Разам Яраш абверг інфармацыю пра тое, што «Правы сектар» разгарнуў партызанскі рух ва ўсходніх рэгіёнах.
«Правы сектар» не распачынаў партызанскі рух. Мы кажам пра тое, што, напрыклад, у тым жа Крыме, дзе сітуацыя вельмі складаная, як варыянт вяртання Крыма ў склад Украіны можа быць разгорнуты партызанскі рух», — сказаў ён.
Лідар «Правага сектара» таксама паведаміў, што сетка арганізацый, якая існуе ва ўсходніх рэгіёнах, напрыклад, перадае разведвальную інфармацыю ўкраінскім сілавым структурам.
Яраш таксама праінфармаваў, што перыядычна сам выязджае таемна ва ўсходнія рэгіёны.
«Выезды ў Данецкую вобласць я раблю і часта сустракаюся з рознымі людзьмі», — сказаў ён.
Каментары