Меркаванні1010

Віктар Марціновіч: Бадхісатва з Пуліхава

Я шпацыраваў з плэерам у вушах, калі ўлупіў дождж, нават не дождж, а сапраўдная трапічная залева, якая бывае толькі ў Мінску ў ліпені.

Я дабег да аўтобуснага прыпынку, схаваўся пад стрэшкай. Тут сядзела бабуля, сядзела так, быццам выйшла з хаты на прызбу палапатаць з сяброўкамі і толькі тут прыгадала, што яны ўсе памерлі.

Яна ветліва ўсміхнулася мне, але я не адказаў на ўсмешку. У нашым горадзе не прынята ўсміхацца незнаёмым бабулям. Гадоў 65, апранутая ў кітайскі велюравы халат. У вушах — залатыя завушніцы, на шыі — перлы, незразумела, сапраўдныя ці не.

Побач з намі машына грукнула аб штучную няроўнасць, ад удару ў яе расчыніўся багажнік, з яго выкаціўся нейкі фанерны ліст. З прыпынку насупраць скочыў мужчына, выбег пад гэты дождж, стаў пасярод дарогі і пачаў крычаць, спрабуючы звярнуць увагу небаракі-кіроўцы. Той прыпыніўся, падабраў фанеру, кіўнуў мужчыне ў падзяку.

— Бачыш, ёсць яшчэ добрыя людзі, — звярнулася да мяне бабуля. — Не ўсе мы сапсаваліся праз дабрабыт.

— Дабрабыт? — не зразумеў яе я.

— Так, праз дабрабыт! Жывём надта добра! Вось Украіну пашчыпалі, хай бы і нас пашчыпалі!

Я падумаў, што бабуля, можа, трохі не ў сабе.

— Вы хочаце, каб у нас пачалася вайна?

— А хіба ж там вайна? — гаварыла яна па-руску, але ў мове праміргвалі смачныя беларускія слоўцы. — Вайна ў 42-м была, сынок. А ўкраінцаў проста пашчыпалі, каб памяталі пра тое, як бывае дрэнна.

— І, бачачы маё здзіўленне, скончыла думку: — Людзі добрымі робяцца, калі ім цяжка. Нам — не цяжка. Таму глядзім адно на аднаго ваўкамі.

Я прысеў ля яе.

— Я раней камяні збірала, — працягнула бабуля. — Калгасы добра за гэта плацяць: ідзеш побач з машынай і кідаеш у кузаў. Яшчэ дзесяць гадоў таму камяні збірала. Але цяпер надта старая для такой працы. Сын узяў крэдыт на кватэру, а сам доктарам робіць. Дык я яму дапамагаю. У нас у 1992-м «Волгу» адабралі, бо мы пазыку дзяржбанку не здолелі аддаць. Дык і з той кватэрай так — могуць адабраць, ён не паспявае плаціць. Доўг утварыўся.

Тут я напружыўся, бо мне падалося, што яна папросіць грошай. Але, як заўсёды, я ўсё не так зразумеў.

— Я бутэлькі збіраю. Тут вельмі добрае месца, — яна кіўнула ў бок ракі, схаванай ад нас ялінамі. — Шмат хто з моладзі ходзіць вось як ты, з заплечнічкамі. А ў іх — піва. Сядуць, хуценька вып’юць, пакуль міліцыя не бачыць, а я да іх падыходжу, кажу, дайце бутэлькі старой. І яны даюць.

Бабуля пасвяціла мяне ў дэталі яе бізнесу.

— Раней было прасцей. Пункт збору шклатары блізка. Сабраў, прынёс, здаў. Але яны пазачынялі ўсе пункты збору ў цэнтры. І гэта правільна, я іх разумею. Сядзіць які-небудзь чыноўнік, глядзіць у акно, а там бабуля з торбай шкла шпацыруе. Хіба гэта прыгожа? Дык пазакрывалі.

Яна яшчэ раз дадала:

— Гэта правільна, я іх разумею! Турыст пабачыць мяне, што падумае? Пра краіну і ваабшчэ?

Я нават устаў, каб слухаць яе болей уважліва.

— І куды несяце? — запытаўся.

— Толькі два пункты засталіся. На Ванеева і на Надзеждзінскай. Але там бяруць на бой. Па 300 руб. за бутэльку.

Дык ты сам падлічы: я магу ўвалачы максімум 20 бутэлек. Атрымліваю за гэта 6 тыс. рублёў.

А за квіток на аўтобус трэба заплаціць 3700. Туды з’езджу, сюды пешшу іду, каб хоць нешта на ежу засталося.

— Хіба да вас кантралёры дакалупваюцца?

— Яшчэ як! Аднаго разу штурханулі, усю тару пабілі! Вось такія, як ты, па ўзросце! Правілы, кажуць, для усіх. Ну, так і ёсць, я што, спрачаюся! Таму і хаджу. А бывае, што і праеду і не ссадзяць. «Уваходзяць у палажэніе».

Бабуля прызналася:

— Вось глядзі, пенсія ў мяне — 2 мільёны. Я яе ўсю сыну аддаю, на крэдыт. А жыву з бутэлек.

— Але як? На 3 тысячы ў дзень, якія пасля квіткоў на аўтобус застаюцца?

— А што тут? Мне многа не трэба! Як Газманаў гаворыць, чуў? «Я боршч ем, баршчом запіваю»! Вось як трэба сілкавацца! Ён мае рацыю, ён жа сам доктар! Ён таму такі ўвесь, у целе.

Я так зразумеў, «быць у целе» для бабулі азначала «добра выглядаць».

— Я набываю курыныя галовы ды косткі, 7000 каштуе ў гастраноме. Вару з іх суп. І мне таго супу на 4 дні хапае. Ем я адзін раз у дзень.

Гэта вельмі здаровае харчаванне. Есці наогул трэба як мага радзей. Асабліва калі ты стары. Вось ты яшчэ малады, таму табе можна есці часцей. А мне ўжо толькі адзін раз, супчык. Як Газманаў гаварыў: «Я борш ем, баршчом запіваю…»

— Дык вы ўвесь час — толькі курыны булён?

— Чаму? Не, канечне! Я яшчэ гарбату п’ю — гэта карысна для здароўя. Вось Газманаў гаварыў…

— І так кожны дзень, па бутэлькі?

— Не, на выходных пункты збору не працуюць!

Тут бабуля заўважыла, што мой позірк спыніўся на яе перлінах. Яна ўсміхнулася:

— Не, ты не думай, што я бедная. Мне ўсяго хапае. Бачыш, каралі якія ў мяне! Як сын крэдыт аддасць, я яшчэ сабе на зубы накаплю! — Яна прадэманстравала прарэхі, якія трэба было выправіць. — Доктар сказаў, гэта каштуе 18 мільёнаў. Дык яшчэ збяру абавязкова!

Потым дадала:

— Чалавек павінны працаваць, сынок. Калі чалавек не працуе, ён хварэе і памірае. Думаеш, я гэта дзеля грошай раблю? Я да ракі прыходжу з людзьмі паразмаўляць! Таму і бутэлькі збіраю!

Каб не змарнець адной. А Лукашэнку я вельмі ўдзячная.

Я пільна ўглядаюся ў яе твар: яна не жартуе і не здзекуецца.

— Ён мне як чалавек падабаецца. Я, каб мне цяпер 50 гадоў было, яму б і спатканне прызначыла. Каб «дзякуй» сказаць.

Яна яшчэ шмат чаго казала. Пра тое, што за бутэльку на Пуліхава ўвечары бамжы могуць забіць.

Што час ад часу яна пакідае торбу са шклатарай у патаемным месцы ля пункту збору — калі не паспявае прайсці чаргу да 16.00, і пункт зачыняецца. І што, бывае, да самай раніцы торбы не знаходзяць і шклатару не крадуць. Пра тое, што чалавек, каб быць добрым, мусіць цярпець. І што ад харошага жыцця робяцца злымі.

Я слухаў яе і не мог пазбавіцца адчування, нібыта размаўляю з будай. Ці бадхісатвай.

Дождж скончыўся, і я быў дурным настолькі, што ўсё ж такі прапанаваў ёй грошай. І ведаеце што? Яна проста не зразумела, чаго я ад яе хачу, што маю на ўвазе. Скамячаныя купюры засталіся заціснутымі ў маёй далоні. Я развітаўся, так і не запытаўшы, як яе завуць. Хаця навошта імя бадхісатве?

Калі б гэта ўсё здарылася ў Азіі, нашую размову абавязкова скончыў бы нейкі маленькі цуд. Каляровы дождж ці прыязная вясёлка. Але тут я проста пайшоў па лужынах, а бабуля засталася сядзець на вымытым залевай прыпынку.

Каментары10

Цяпер чытаюць

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка3

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяржабвінаваўца па справе Андрэя Пачобута стаў суддзёй2

«Ператварылі рэчы і фота ў попел і развеялі над морам». Сям’я беларускі, якая знікла ў Непале, развіталася з ёй4

«Шасціпалосная аўтастрада» да прэзідэнцтва. Беспарадкі ў Францыі ўзмацняюць шанцы Лё Пэн на прэзідэнцтва29

За месяц арэнды гэтай кватэры ў «доме Чыжа» просяць $50004

У Паўночнай Карэі абверглі інфармацыю пра кому Кім Чэн Ына на фоне чутак пра яе1

Уіткаф пасля сустрэчы па Украіне ў Нарвегіі плануе сустрэцца з Пуціным1

Вэнс не стаў называць Украіну саюзнікам ЗША8

Дарослыя ўсё часцей купляюць цацкі для сябе, а дзяцей нараджаюць усё менш. Што адбываецца?10

Касаткі навучыліся паляваць на вялікіх белых акул і здабываць іх печань. Навукоўцы занепакоеныя наступствамі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка3

Раптоўна памяняўся кіраўнік Віцебскай вобласці. Прычынай назвалі хваробу 50‑гадовага Аляксандра Рагожніка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць