Самай вялікай загадкай веснавых дзён 19–25 сакавіка застанецца плян дзеяньняў апазыцыі. Піша Міхал Чарвінскі.
Самай вялікай загадкай веснавых дзён 19–25 сакавіка застанецца плян дзеяньняў апазыцыі. Піша Міхал Чарвінскі.
Калі пасьля тэлевыступаў Казуліна для многіх грамадзян адкрылася, што «кароль – голы», то выхад на плошчу ўвечары 19 сакавіка прынёс адкрыцьцё пра адсутнасьць у лідэраў апазыцыі ня толькі пляну, але нават згоды. 25 сакавіка ўражаньне ўмацавалася.
Ідэя намётавага мястэчка ў Менску ўзьнікла ў галовах маладых людзей на тле інтэлектуальнай беднасьці сталай апазыцыі пад уплывам рэмінісцэнцый пра Памаранчавую рэвалюцыю. Прыгадваюцца рэплікі нашых украінскіх сяброў у Інтэрнэце пра намётавы табар як знак пэрманэнтнай прысутнасьці. Але ў падзеях лістапада 2004 г. у Кіеве сытуацыя вырашалася не ў намётавым мястэчку, хоць там здымаліся найбольш маляўнічыя кадры тэлерэпартажаў. Усё вырашалася падчас дзеяньняў з арсэналу негвалтоўнага супраціву: перакрыцьця доступу да ўрадавых устаноў і парушэньня такім чынам звыклага парадку дзяржкіраваньня.
Улада на сёньня ўяўляе сабой статычную сыстэму. Яна зьнерухомела, пульс амаль не праслухоўваецца. Але статыкаю характарызавалася раней і дзейнасьць апазыцыі, пакуль не зьявілася альтэрнатыва ў асобе Казуліна. Казулін ператварыўся ў фактар руху праз добра знаёмы яму закон марксісцкай дыялектыкі пра адзінства і барацьбу процілегласьцяў.
Другое дыханьне беларускі супраціў мог бы атрымаць празь вяртаньне альтэрнатыўнасьці ў апазыцыйнае жыцьцё. Такі вынік магло б мець вяртаньне ў Беларусь Зянона Пазьняка. Прынамсі, многія патэнцыйныя ўдзельнікі маглі б прыйсьці дзеля сустрэчы са сваёй маладосьцю. Другім цэнтрам супраціву, замест Казуліна, маглі б стаць і арганізаваныя абаронцы намётавага мястэчка.
На плошчы народ прадэманстраваў усё, на што ён здольны без арганізацыі і рэсурсаў, і гэтага хапіла, каб Лукашэнка надоўга схаваўся і перанёс інаўгурацыю. Аднак пасьля Дня Волі быў зроблены гібельны для любога супраціву перапынак. У выніку ўлада, напачатку напалоханая нечаканай прысутнасьцю народу на палітычнай арэне, цяпер вучыцца на хаду і дзейнічае з адставаньнем на адзін крок: таго, што абкладуць Кастрычніцкую плошчу, чакалі на 19-га, а здарылася гэта 25-га. Адпаведна, што калі па дарозе на Дзень Волі чакалі, што па цягніках і маршрутных аўтобусах будуць шукаць патэнцыйных мітынгоўшчыкаў, цяпер гэтага трэба чакаць пры новай нагодзе.
Падчас сакавіцкіх падзей увесь імпэт сышоў на спробу авалодаць Кастрычніцкім пляцам. Падобным быў кірунак і падчас былых узрушэньняў у сталіцы, толькі раней мэтаю была плошча Незалежнасьці.
Але варта заўважыць, што часам менавіта нестандартнае дзеяньне прыносіць перамогу. Сход 26 красавіка павінен быць выкарыстаны, каб агучыць праграму, тактыку і лёзунгі новага руху. Гэта значыць, што арганізацыя руху мусіла б пачацца ўжо зараз. Ягонай задачай магло б стаць стварэньне прапанаванага Казуліным Канстытуцыйнага сходу з наступнымі выбарамі ў нармальных умовах.
Мілінкевіч і Казулін насьмеліліся паклікаць людзей на плошчу і такім чынам разбурылі міт пра прыбітасьць беларускага народу і ягоную няздольнасьць да пратэсту, які ў першую чаргу быў выгадны «прафэсійным апазыцыянэрам», якія даўно зразумелі, што маюць прыбытак, пакуль іх няшмат. Але трэба пагадзіцца, што калі мінулыя выбары былі несапраўднымі, то прэзыдэнтам ня можа называцца ніхто. Таксама новаму руху лепш абысьціся без былых лідэраў зь вялікім багажом паражэньняў. Натуральна, што пасьля масавых прэвэнтыўных арыштаў паводле зьдзеклівых прысудаў няма гаворкі і пра якую-небудзь афіцыйную рэгістрацыю новага руху. Таму ягонай структурай павінна стаць мноства арганізацыйна неаформленых невялікіх суполак, якія дзейнічаюць аўтаномна, але ў агульным накірунку, які будзе вызначацца праз абмен думкамі ды абвесткі на інтэрнэт-сайтах і праз СМІ. Дзеля гэтага павінны былі б зьмяніцца і недзяржаўныя мэдыі. Скіраваныя дагэтуль на тое, каб выціснуць сьлязу ў замежнікаў, яны ўжо істотна запалохалі народ у Беларусі. За сродак барацьбы можа быць прынятая мэтодыка негвалтоўнага супраціву, распрацаваная Махатмам Гандзі і ўзбагачаная праз вопыт іншых нацый.
У арсэнале «мірнай рэвалюцыі» маецца досыць прыдатных для Беларусі сродкаў. Сэнс акцыяў ня ў тым, каб камусьці нашкодзіць, а каб прадэманстраваць сілу ўзгодненага дзеяньня з выразна бачным эфэктам. Толькі так гартуецца сіла грамадзкай думкі ды зьнікае магчымасьць узнаўленьня дыктатуры.
-
Цыганкоў: Бабарыка значна бліжэйшы да пазіцыі офіса Святланы Ціханоўскай, чым да выказванняў «бабарыканцаў»
-
Бабарыка турэмшчыкам: «У мяне было, цяпер няма, але ёсць шанец, што будзе. А ў вас не было, няма і не будзе. І ў вашых дзяцей не будзе»
-
«Мне казалі: ты гаворыш як канадскі эмігрант». Сяргей Шупа расказаў пра Вільню 90-х, параўнанне літоўскай літаратуры з беларускай і адрозненні паміж народамі
Каментары