Грамадства6262

Анатоль Сідарэвіч пра 1000-годдзе з дня смерці князя Уладзіміра: Не наша гадавіна

Ва Украіне і Расіі адзначаюць чарговую гадавіну хросту Русі і ўшаноўваюць 1000-годдзе з дня смерці кіеўскага князя, святога і роўнаапостальнага Уладзіміра. Святкуюць і ўшаноўваюць не толькі праваслаўныя і грэка-каталікі, ушаноўваюць і «праваслаўнутыя» палітыкі кшталту Уладзіміра Пуціна, якога маскоўскі патрыярх Кірыл параўнаў з Уладзімірам Святаславічам.

На дзіва трапнае параўнанне! Каб панаваць у Кіеве, ноўгарадскі князь Уладзімір спаліў Полацк, забіў князя Рагвалода і яго сыноў, гвалтам узяў сабе ў жонкі (а жонак і наложніц у яго была процьма) князёўну Рагнеду; у Кіеве ён забіў роднага брата Яраполка і жорстка расправіўся з тымі, хто выступіў супраць яго.

Ці не нешта падобнае робіць Уладзімір Маскоўскі дзеля таго, каб трымаць у сферы «расійскіх інтарэсаў» Кіеў і ўсю Русь-Украіну?

Тым часам другі патрыярх, Філарэт, прадстаяльнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага Патрыярхату, параўнаў Пуціна са Святаполкам Акаянным.

З гледзішча царкоўнай міфалогіі параўнанне трапнае, з гледзішча гістарычнай навукі — вельмі сумнеўнае. На маю думку, больш, чым гісторыі, пісанай ва ўгоду кіеўскім валадарам, трэба верыць таму, што напісаў скандынаўскі гісторык. Са старонак «Эймундавай сагі» перад намі паўстае яшчэ адзін братазабойца. Не Святаполк, былы князь тураўскі і, імаверна, сын Яраполка, а Яраслаў, сын Уладзіміра, якога праваслаўная царква таксама абвясціла святым.

***

Ва Украіне і Расіі чарговая гадавіна хросту Русі-Украіны і 1000-годдзе з дня смерці Уладзіміра адзначаюцца на шырокую нагу, у Беларусі — пераважна ў сценах праваслаўных храмаў. І гэта натуральна. Было б па меншай меры нонсэнсам, калі б беларусы публічна, на афіцыйным узроўні ўшаноўвалі памяць забойцы Рагвалода і Рагвалодавічаў. Дый цяжка згадзіцца беларусу, нават хрысціяніну, што актам хросту з забойцы змываецца кроў — ну, няхай не родных яму полацкіх князёў, а брата Яраполка. І цяжка адмахнуцца ад пытання: чаму Уладзімір — роўнаапостальны? Хто з апосталаў быў да хросту мнагажэнцам, хто з іх быў забойцам?

І зноў вяртаюся да Святаполка. Калі я слухаю ў царкве жыціе святых Барыса і Глеба, робіцца няёмка. Яшчэ з таго часу, як наш зямляк, выпускнік Мінскага калегіума Восіп Юльян Сянкоўскі апублікаваў «Эймундаву сагу», з таго часу, як класік расійскай гістарычнай навукі Сяргей Салаўёў выказаў думку, што сюжэт пра Барыса і Глеба ўстаўлены ў «Аповесць мінулых часоў» пазней (ведама ж, дзеля абялення Яраслава), нарадзіліся сур’ёзныя пярэчанні супраць афіцыйнай царкоўнай версіі аб пакутніцкай смерці сыноў Уладзіміра ад «балгарыні». А ў царкве (у грэка-каталіцкай таксама) па-ранейшаму круцяць старую кружэлку.

Так, Барыса і Глеба забілі. Але няма бясспрэчных доказаў, што гэта ўчыніў Святаполк, затое ёсць сведчанне тых, хто ўчыніў забойства Барыса на заказ Яраслава. Верыць жа таму, што напісалі аўтары жыція, не выпадае хоць бы таму, што ў праваслаўнага духавенства была рацыя вінаваціць Святаполка. Як вядома, тураўскі князь не толькі ажаніўся з польскай князёўнай (дачкою Баляслава Харобрага), але і трымаў у Тураве лацінскага біскупа, які, вельмі імаверна, вёў хрысціянізацыю дрыгавічоў у заходнім духу. І пагатоў была рацыя вінаваціць Святаполка ў братазабойстве сынам і ўнукам Яраслававым. На іх заказ і пісалася ўстаўка ў «Аповесць мінулых часоў».

***

Чарговая гадавіна хросту Русі-Украіны, асабліва ж 1000-годдзе з дня смерці Уладзіміра, якога ва Украіне і Расіі называюць Вялікім, паказвае, што ў нашых паўднёвых і ўсходніх суседзяў свая гісторыя, а ў нас — свая, у нашых суседзяў свае героі і пакутнікі, а ў нас — свае. У гэтыя дні як ніколі пацвярджаецца тая ісціна, што народ, нацыя — гэта супольнасць людзей з агульнай гісторыяй.

29 ліпеня 2015 г.

Каментары62

Цяпер чытаюць

«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім

«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчук пайшоў уладкоўвацца на працу, а там яму прымроіўся пажар

Закінутую прыбіральню на беразе Драздоў прадалі за кошт двухпакаёвай кватэры ў Мінску4

У Беларусі запусцілі «Дошку» — аналаг заходняга Miro1

У Польшчы затрымалі другога падазраванага ў забойстве мастака Сямёна Скрапецкага4

Іран распрадаў усе нафтавыя запасы з танкераў па-за межамі Персідскага заліва. Цяпер яму можа быць складана1

У Наваполацку падоўжаць трамвайную лінію. У перспектыве яна мае дайсці да Полацка4

Яшчэ адзін беларус пацярпеў у Бранскай вобласці

У Польшчы затрымалі двух кантрабандыстаў наркотыкаў з Беларусі. Ім пагражае да 30 гадоў зняволення1

Міністры абароны Расіі і Беларусі абмеркавалі неабходнасць «апераджальных дзеянняў» супраць Еўропы22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім

«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць