Рубіа нагадаў, што ва Узбекістане расійская мова не мае афіцыйнага статусу. Гэта выклікала бурную дыскусію
Каментатары па-рознаму ацанілі словы дзяржсакратара ЗША.

Заява дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа, зробленая падчас яго візіту ва Узбекістан, аб тым, што расійская мова «больш не з'яўляецца афіцыйнай мовай» у краіне, выклікала шырокую дыскусію і неадназначную рэакцыю ў мясцовых СМІ і сацыяльных сетках, піша Бі-бі-сі.
Каментатары па-рознаму ацанілі словы дзяржсакратара. Адны ўбачылі ў іх напамін пра моўны суверэнітэт Узбекістана, іншыя палічылі, што гэта мог быць прадуманы дыпламатычны сігнал, які закранае адчувальныя для Цэнтральнай Азіі пытанні мовы і нацыянальнай ідэнтычнасці.
Інцыдэнт адбыўся напярэдадні Дня ўзбекскай мовы, які адзначаецца 21 кастрычніка, і зноў прыцягнуў увагу да становішча ўзбекскай і рускай моў, а таксама да выкарыстання кірыліцы.
Прэзідэнт краіны Шаўкат Мірзіёеў падкрэсліў важнасць умацавання ролі дзяржаўнай мовы ў грамадскім жыцці і працы органаў улады.
Што адбылося?
Заўвага дзяржсакратара ЗША Марка Рубіа пра рускую і ўзбекскую мовы была зроблена 19 кастрычніка. Падчас размовы з групай журналістаў у Самаркандзе Рубіа спытаў аднаго з іх: «Вы размаўляеце на мясцовай мове? На ўзбекскай?»
Журналіст паспрабаваў адказаць па-руску, сказаўшы, што крыху валодае гэтай мовай. Тады Рубіа коратка заўважыў: «А, зразумела. Яна больш не з'яўляецца тут афіцыйнай мовай. Але гэта добра. Я разумею, што на ёй размаўляюць многія».
Кароткае відэа гэтай размовы ў той жа дзень з'явілася ў тэлеграм-канале Uzdiplomat, які вядзе вядомая сваімі рэзкімі выказваннямі ўзбекская журналістка Анора Содзік.
Як нагадаў Uzdiplomat, праграма візіту Рубіа ўключала перамовы ў фармаце C5+1 з міністрамі замежных спраў пяці дзяржаў Цэнтральнай Азіі, двухбаковыя сустрэчы з кіраўніцтвам Узбекістана, а таксама сустрэчы з прадстаўнікамі бізнэсу абедзвюх краін
Каментуючы відэа ў сваім асабістым тэлеграм-канале, Анора Содзік напісала: «Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа сказаў тое, што нашы ўласныя чыноўнікі не вырашаліся прамовіць на працягу 30 гадоў».
«Ён нагадаў журналісту, які размаўляў па-расійску, што расійская мова больш не з'яўляецца дзяржаўнай мовай ва Узбекістане. Які парадокс: амерыканскаму дыпламату даводзіцца ўказваць на статус нашай уласнай мовы ў нашай жа краіне!» — таксама напісала журналістка.
Акрамя таго, падчас інцыдэнту адбылася блытаніна з інфармацыяй пра асобу журналіста, якому Рубіа зрабіў заўвагу.
Напрыклад, прыватнае казахстанскае навінавае выданне Ulysmedia.kz паведаміла, што гэта быў «мясцовы журналіст». Аднак папулярнае прыватнае ўзбекскае навінавае выданне Kun.uz напісала, што ў сапраўднасці гаворка ішла пра журналіста агенцтва Bloomberg.
«Як высветлілася, чалавек, які задаў пытанне Марку Рубіа, быў не прадстаўніком мясцовых СМІ, а журналістам Bloomberg Эрыкам Марцінам. Ён звярнуўся да дзяржсакратара на англійскай мове, пасля чаго Марка Рубіа спытаў яго, ці размаўляе той па-ўзбекску», — патлумачыла выданне.
Невыпадковы дыпламатычны сігнал?
Відэа, што стала вірусным, на якім Марка Рубіа размаўляе з журналістамі на плошчы Рэгістан, выклікала шырокую дыскусію на адчувальную для Узбекістана тэму мовы. Акрамя дзяржаўнай узбекскай мовы, у краіне шырока выкарыстоўваюцца расійская і таджыкская.
«Падчас гэтага кароткага абмену рэплікамі ўзнікла моўнае пытанне, якое закранула многіх за жывое. У прыватнасці, нямала людзей падверглі журналіста крытыцы, памылкова прыняўшы яго за прадстаўніка мясцовых СМІ», — адзначае Kun.uz.
Каментуючы сітуацыю, вядомы казахстанскі палітолаг Газіз Абішаў заявіў, што заўвага дзяржсакратара ЗША пра рускую мову ва Узбекістане «магла быць зусім не выпадковай» і адпавядаць інтарэсам Вашынгтона ў Цэнтральнай Азіі.
Як піша Ulysmedia.kz, Абішаў лічыць малаверагодным, што Рубіа сапраўды турбуе выкарыстанне некалькіх моў жыхарамі іншых краін, паколькі сам дзяржсакратар часам адказвае на пытанні ў ЗША па-іспанску.
«Перад паездкай Рубіа ў Цэнтральную Азію Вашынгтон вызначыў свае інтарэсы ў рэгіёне. Сярод іх, паводле ацэнкі Абішава, доступ амерыканскага бізнэсу да прыродных рэсурсаў, барацьба з рэлігійным экстрэмізмам і паслабленне ўплыву Расіі і Кітая», — піша выданне.
«Палітолаг мяркуе, што амерыканскія дыпламаты загадзя падрыхтавалі для дзяржсакратара матэрыялы пра сітуацыю ў пяці краінах Цэнтральнай Азіі. У іх маглі быць адлюстраваны і адчувальныя для рэгіёну пытанні. […] Не выключана, што заўвага пра статус расійскай мовы была прадуманым дыпламатычным сігналам», — піша выданне са спасылкай на аналітыка.
Сам Абішаў дадаў, што, хоць рэпліка Рубіа была вельмі кароткай, яна дасягнула сваёй мэты.
«Ну, а ў справе выканання Рубіа палітык дасведчаны, у выбарчай сістэме ЗША выжываюць толькі сапраўдныя ваўкі, якія ўмеюць выцэджваць роўна столькі слоў, колькі трэба. Правільна пабудаваная фраза — мінімальныя рызыкі — максімальны эфект», — адзначыў Абішаў.
Комплексная балючая тэма
Узбекскі музыкант і блогер Жасур Мірсагатаў напісаў у фэйсбуку, што галоўная прычына працяглых спрэчак у інтэрнэце заключаецца ў тым, што заўвага Рубіа закранула адразу некалькі балючых тэм: моўнае пытанне, нацыянальную ідэнтычнасць Узбекістана і палітычныя дыскусіі пра ролю расійскай мовы на постсавецкай прасторы.
«Для прыхільнікаў умацавання ролі ўзбекскай мовы гэта сімвал нацыянальнага самавызначэння. Для аўдыторыі, занепакоенай уплывам Расіі ў Цэнтральнай Азіі, гэта напамін пра моўны і палітычны суверэнітэт рэгіёна. Для расійскамоўнай аўдыторыі рэпліка можа ўспрымацца як дэманстратыўнае дыстанцыяванне ад расійскай мовы», — патлумачыў ён.
«Мая выснова: урывак распаўсюджваюць перш за ўсё таму, што ён кароткі, эмацыйна зразумелы і дазваляе трактаваць адну фразу як пацвярджэнне ўласнай палітычнай пазіцыі. — дадаў Мірсагатаў. — Але найбольш дакладнае прачытанне прасцей: Рубіа нагадаў пра статус узбекскай мовы і адначасова прызнаў, што руская мова застаецца распаўсюджанай. Доказаў таго, што ён наўмысна правакаваў моўную спрэчку, пакуль няма».
Дзень узбекскай мовы
Між тым эксперт у галіне адукацыі Каміл Джалілаў 20 кастрычніка заявіў, што расійская мова і кірыліца па-ранейшаму шырока выкарыстоўваюцца ў дзяржаўных установах Узбекістана, што ўскладняе поўны і хуткі пераход на лацінку — заканадаўча зацверджаную пісьменнасць дзяржаўнай мовы.
«Самае дзіўнае заключаецца ў тым, што, нягледзячы на заканадаўчае замацаванне алфавіту на аснове лацінкі ў якасці адзінай афіцыйнай сістэмы пісьменнасці ўзбекскай мовы, у вышэйшых дзяржаўных установах дакументаабарот па-ранейшаму вядзецца на кірыліцы (а ў многіх выпадках нават на іншай дзяржаўнай мове)», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.
Больш за тое, нават выданні тых самых палітычных партый, якія галасавалі за прыняцце алфавіту на аснове лацінкі, выходзяць з назвамі, напісанымі лацінскімі літарамі, тады як самі матэрыялы публікуюцца на кірыліцы.
На яго думку, сапраўдная прычына, па якой узбекская мова да гэтага часу цалкам не перайшла на адзіную, заканадаўча ўстаноўленую сістэму пісьменнасці, «заключаецца зусім не ў нейкай аб'ектыўнай «нязручнасці» самога алфавіту, а ў тым, што многія людзі, якія займаюць кіруючыя пасады і прымаюць рашэнні, проста не жадаюць на яго пераходзіць».
Спрэчкі вакол выказвання амерыканскага чыноўніка супалі з Днём узбекскай мовы, які адзначаецца ў краіне 21 кастрычніка.
У сваім звароце да народа прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў таксама заявіў, што развіццё любой мовы выяўляецца ў тым, наколькі ясна людзі могуць выказваць свае думкі і наколькі лёгка ім разумець афіцыйныя дакументы, складзеныя на ўзбекскай мове, паведамляе прыватнае навінавае выданне Gazeta.uz.
«Законы, рашэнні, інструкцыі і адказы на звароты павінны быць напісаны граматнай, яснай і зразумелай мовай. Павага да дзяржаўнай мовы павінна таксама выяўляцца ў высокай якасці дзяржаўных паслуг», — падкрэсліў прэзідэнт.
Моўнае пытанне нярэдка становіцца прадметам спрэчак ва Узбекістане, асабліва калі гаворка заходзіць пра выкарыстанне рускай мовы.
Так, скарга міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова на адсутнасць надпісаў на расійскай мове на ваенным мемарыяле ў Самаркандзе выклікала хвалю грамадскай крытыкі.
Цяпер чытаюць
Расійскі рэпер Ягор Крыд зняўся ў майцы з выявай героя фільма «Ідзі і глядзі», якому дамалявалі пірсінг і татуіроўкі. Цішотку выпусцілі крама беларускі
Каментары