Як працуе мінская служба «Паляўнічых на прывідаў»
Чаго-чаго, а «Паляўнічых на прывідаў» ніхто не чакаў у Беларусі. Аднак з’явіліся і такія. Дзмітрый Нікулін разам з аднадумцамі ўжо трэці месяц займаюцца адловам прывідаў і чысткай энергетыкі прасторы. «Наша Ніва» пагутарыла з камандай, шукала палтэргейст і пабывала на «месцах сілы».

НН: Дзіма, з чаго ўсё пачалося?
ДН: Я сустрэў чалавека, які працуе з сутнасцямі (духі, прывіды, дамавыя і г.д.). Я ў той час цікавіўся славянскім язычніцтвам, месцамі сілы, і мы разам вырашылі стварыць праект «Паляўнічыя на прывідаў». Спачатку гэты быў такі фан, мы працавалі ў сацсетках, стваралі брэнд. Але ў пэўны момант да нас сталі звяртацца людзі, у якіх рэальна вялікія праблемы. Сёння я сумяшчаю карысць ад нашай працы з бізнесам. У нас ёсць шмат эзатэрыкаў, але пра іх не ведаюць. Такіх я бяру да сябе на працу.
Асноўны крытэр — паказаць мне цуд. На сённяшні момант у нас 8 чалавек.
Кожны з іх спецыяліст у сваім кірунку. Сярод нас — спецыялісты па мінулым жыцці, сутнасцях, энергетыцы чалавека і прасторы і інш.
НН: Наколькі эфектыўная вашая праца?
ДН: У нас ёсць замовы і мы іх выконваем. Некаторыя мы не афішуем, бо часта чалавек хоча застацца ананімным. Гэта сапраўды цяжкая праца. Калі працуеш з энергетыкай, то вельмі хутка стамляешся. Гэта падобна на тое, калі ты выступаеш перад аўдыторыяй. Уявіце сабе розніцу, калі проста прачыталі лекцыю і калі вы так распавядаеце, што ўвесь зал проста рагоча. Вы пасля два дні будзеце адпачываць ад гэтага ўсяго. Таму энергетыку чалавека трэба развіваць. Зараз усе цікавяцца біяэнергетыкай, але забылі, што яшчэ ёсць энергетыка горада, цела, будынкаў, і там нашмат больш аб’ёму.
НН: Ці за ўсе замовы вы берацеся?
ДН: Мы не бяромся за працу з псіхалогіяй. Нашая тэма — гэта прастора, энергетыка, метафізічныя працэсы. Мяжа, вядома, найтанчэйшая, бо ёсць парапсіхалогія, якая дагэтуль не ліцэнзуецца. Таму часта дастаткова проста кансультацыі па тэлефоне, дзеля таго, каб усё зразумець. Зразумейце, што я быў бы зараз вельмі багатым, калі пад гэтым брэндам уцюхіваў зараджаныя крышталі.
Таму праз кансультацыю па Skype я кажу, што ў цябе вось гэта, наш выклік каштуе мільён, чыстка — 10 мільёнаў.

Цэннік не маленькі, гэта дапамагае адсяваць людзей, у якіх псіхалагічныя праблемы. Але калі ў вас пачаліся праблемы са здароўем, у бізнэсе ці сям’і, то тут не да грошай. І калі мы прыязджаем, заключаем дамову і даем гарантыю, то людзі разумеюць, што гэта вельмі мала.
Едзем на выклік
Мы вырашылі паглядзець як працуюць «Паляўнічыя на прывідаў». Разам з імі адправіліся на выклік у Каменную Горку.
Каманда прыбыла на машыне з фірмовай налепкай, апранутая ў байкі з лагатыпам «Паляўнічыя на прывідаў». Майстры даволі маладыя: Дзіма працуе з энергетыкай чалавека і прасторы, Цімафей — спецыяліст па сутнасцях, скончвае БДУІР, працуе сісадмінам, Наста — медыум (яшчэ яна студэнтка).

Усё што мы ведалі пра выклік – тое, што нас чакаюць дзве запалоханыя дзяўчынкі, якія мяркуюць, што ў іх дома жыве прывід. Паркуем машыну каля панэльнага дома. Дзіма прыгадаў, што некалі жыў у гэтым пад’ездзе. Нас сустрэлі дзве студэнткі. Вера і Рыта здымаюць тут кватэру тры месяцы.
Кожную ноч яны чуюць грукі, якія маюць пэўны рытм і замінаюць спаць. Дзяўчынкі спрабавалі знайсці крыніцу, але безвынікова.
Нам далі паслухаць аўдыёзапіс, дзе кепска, але сапраўды чуваць рытмічныя грукі. У гэты час частка каманды абследуе кватэру, раскладаюць карты. Вырашылі выключыць святло, і ў цішыні пачакаць той самы гук.

Дзіма ўключыў расслабляльную музыку на bluetooth-калонцы, пляснуў у далоні і пачаў плаўна разразаць рукамі паветра, нібы кранаў нешта мяккае. У цёмным душным пакоі, пад меладычныя мантры мы пачалі засынаць, але раптам пачулі, падобны па апісанні дзяўчат, гук. Ён меў пэўны рытм і гучаў нібыта з усіх сцен адначасова.

Пасля доўгіх пошукаў, праслухоўкі і прастуквання сцен, праверкі вентыляцыі «Паляўнічыя на прывідаў» вынеслі свой вердыкт – нічога звышрэальнага тут няма. Хутчэй за ўсё гук ідзе з апорнай сцяны на першых паверхах. Яго чутно нават на вуліцы. Магчымая прычына: гук з’яўляецца ноччу і перасоўваецца па сценах, бо пры змене тэмпературы арматура пачынае сціскацца.
Але праблема не была вырашана, таму Дзіма прапанаваў падлатаць адну з дзяўчат, бо на яго думку яна «празрыстая» і яе трэба «напоўніць».


Дзіма паставіў Веру насупраць сябе, уключыў музыку і зноў пачаў плаўна вадзіць рукамі ў паветры.
Але Вера прызналася, што нічога не адчула.
«Вечар не мой час», — адказаў Дзіма. Мы папрасілі дзяўчат падзяліцца ўражаннямі пасля ўсяго што было:

Нягледзячы на тое, што самым простым варыянтам было пераехаць у іншую кватэру, дзяўчынкі лічаць гэта занадта «гемарным». Але Рыта паабяцала, што з Верай усё будзе добра. «Паляўнічыя на прывідаў» былі трохі расчараваныя, што прычына мела тэхнагенны характар і не было ніякіх прыгод.
Гульня «Выпрабаванне сілы»
Паколькі мы так і не змаглі адшукаць нешта незвычайнае на выкліку, Дзіма прапанаваў з’ездзіць з імі на гульню «Выпрабаванне сілы». Кожны, хто адчувае ў сабе звышсілы, можа падаць заяўку і за 500 000 папрактыкавацца ў сваіх навыках. Колькасцю ў 10 чалавек з ГЦ «Матэрык» мы адправіліся да ракі Іслач, за 30 км ад Мінска. На абранай кропцы каля ракі праходзіў фестываль, таму вырашылі змяніць маршрут. Аб’ехаўшы яшчэ некалькі месцаў, стала зразумела, што гульні можа і не быць. Па дарозе раптам Дзіма збавіў хуткасць і паведаміў, што адчуў патрэбнае месца. Машына завярнула за лес і мы ўбачылі касцёл і могілкі. У руках Дзіма трымаў навігатар. Побач, на полі, і вырашылі распачаць гульню.

Правілы гульні простыя — на тэрыторыі ад могілак да бліжэйшага лесу былі схаваныя два артэфакты: татэм і чаканка. Задача ўдзельнікаў — знайсці артэфакты без усякіх ліхтароў, а выкарыстоўваючы свае звышсілы ў поўнай цемры.
Удзельнікі гульні сталі ў цеснае кола і Дзіма пачаў праводзіць размінку: уключыў павольную музыку і папрасіў усіх раслабіцца і прапусціць праз сябе энергію зямлі, змяніць яе энергіяй космасу, пабудаваць энергетычны купал для абароны, паставіць нябачныя маячкі на артэфакты.



Удзельнікі ўзброіліся амулетамі, пентаграмамі і вад-жрай, напоўненыя энергіяй ды пад абаронай свайго купала і гульня пачалася.

Дзве каманды па чатыры чалавекі пайшлі шукаць прадметы. Калі яны сышлі, Дзіма паведаміў, што падрыхтаваў удзельнікам сюрпрыз. Цімафей апрануў страшную маску і балахон і ўжо чакае іх ля могілак, пры гэтым «монстр» павінен біць энергіяй па нагах гульцоў. «Так, гэта страшна, але такім чынам яны змогуць пераадолець свой страх».

Праз некалькі гадзін удзельнікі вярнуліся на пункт збору, Цімафей асабліва нікога не напалохаў, можа толькі нашую аператарку.
Але раптам аказалася, што ніхто не знайшоў артэфакты, яны проста зніклі. Удзельнікі знайшлі толькі старую майку, майткі і чэрап бабра.

Дзіма не стаў карыстацца сваёй сілай і шукаць рэчы, а выказаў думку, што мы паводзілі сябе гучна, патурбавалі нейкія сілы, якія схавалі ад нас артэфакты. Гульцы селі грэцца каля вогнішча, панавала цішыня. Тут раптам адна з каманд не вытрымлівае і пачынае смяяцца. Яны прыносяць прабачэння і аддаюць артэфакты Дзіму. «Мы вельмі хутка далі рады, таму вырашылі такім чынам пажартаваць».

На жаль, нам так і не ўдалося пабачыць прывідаў і цуд. Але Мінск можа спаць спакойна, ён цяпер пад аховай «Паляўнічых на прывідаў»:)
Каментары