Параза Ангелы Меркель? Не толькі — да вынікаў выбараў у Мекленбургу — Пярэдняй Памераніі.
Піша Анатоль Сідарэвіч.
«За нашу краіну — чалавечную і адкрытую свету». Такі адзін з сёлетніх лозунгаў Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі. Тэма адкрытасці свету, тэма салідарнасці з людзьмі іншых расаў, этнасаў і рэлігій была галоўнаю ў час выбарчай кампаніі ў федэральнай зямлі Мекленбург — Пярэдняя Памеранія.

Пытанне стаяла так: ці здолее чырвона-чорная (эсдэцка-хадэцкая) кааліцыя ўтрымаць уладу ў Мекленбургу? Другое пытанне было: колькі галасоў атрымае Альтэрнатыва для Германіі (АдГ)?
Гэтая новая палітычная фармацыя, АдГ, паўстала ў 2013 годзе як рэакцыя на крызіс еўразоны. Ужо ў 2014 годзе АдГ стала парламенцкай партыяй у Брандэнбургу, Саксоніі і Цюрынгіі. Летась прадстаўнікі Альтэрнатывы ўвайшлі ў парламенты Брэмена і Гамбурга. Асабліва шчодры быў для новай партыі 2016 год. Калі на выбарах 2014—2015 гг. АдГ набірала ад 5,5 (Брэмен) да 10,6 (Цюрынгія) працэнтаў галасоў выбаршчыкаў, дык сёлета за яе галасавалі 12,6 адсоткаў выбаршчыкаў у Райнландзе-Пфальцы, 15,1 — у Бадэн-Вюртэмбергу і 24,2 адсотка ў Саксоніі-Ангальце.
Ні ў каго не было сумненняў, што электаральнага поспеху АдГ дасягнула дзякуючы міграцыйнаму крызісу. Але не толькі дзякуючы гэтаму крызісу.
Звычайна калі гаворка ідзе пра Нацыянальны фронт у Францыі, Альтэрнатыву для Германіі і нават Права і Справядлівасць у Польшчы, гэтыя партыі называюць правымі. Аднак трэба мець на ўвазе, што гэтыя партыі называюць правымі перш за ўсё таму, што яны акцэнтуюць увагу на пытаннях нацыянальнага суверэнітэту, выступаюць супраць палітыкі мультыкультуралізму, за захаванне традыцыйнай моўна-культурнай і этнічна-расавай структуры грамадства. Гэтыя і падобныя да іх партыі ў іншых краінах, калі і згаджаюцца на прыём мігрантаў, дык у мінімальнай колькасці і, як у Польшчы, толькі хрысціянскіх веравызнанняў. Што тычыцца сацыяльнай дактрыны гэтых партый, дык тут не ўсё адназначна. Справа ў тым, што з 1930-х гадоў ХХ стагоддзя ліберальныя і кансерватыўныя партыі Еўропы і Паўночнай Амерыкі ў барацьбе з сацыял-дэмакратыяй і камуністамі ўключалі ў свае праграмы ўсё больш прывабныя для грамадзян палажэнні. Што тычыць цяперашніх так званых крайніх правых партый, дык іх сацыяльныя праграмы мала чым адрозніваюцца ад праграм сацыял-дэмакратаў і нават больш левых фармацый. Канстатуючы гэты факт, палітолагі схільныя называць такія партыі правапапулісцкімі. Да правапапулісцкіх палітолагі адносяць і Альтэрнатыву для Германіі.
Зважаючы на электаральныя поспехі АдГ, на незадаволенасць немцаў міграцыйнай палітыкай ураду і пашырэнне нацыяналістычных настрояў, асабліва ў сувязі з мінулагоднімі падзеямі на Каляды ў Кёльне і нядаўнімі тэрарыстычнымі актамі ў Баварыі, ніхто з назіральнікаў не сумняваўся, што Альтэрнатыва пройдзе і ў ландтаг Мекленбурга—Пярэдняй Памераніі. Пытанне фармулявалася так: колькі галасоў набярэ Альтэрнатыва?
Пытанне гэтае было тым больш важнае, што праз 2 тыдні адбудуцца выбары ў Берліне і што выбары ў зямельныя парламенты разглядаюцца як прэлюдыя да выбараў у Бундэстаг, якія павінны адбыцца ў наступным годзе. Па сутнасці гэта было галасаванне аб даверы федэральнай канцлерцы Германіі Ангеле Мэркель. Гэтае галасаванне ў пэўнай меры павінна было адказаць на пытанне, ці будзе Мэркель узначальваць партыйны спіс Хрысціянска-дэмакратычнага саюза на выбарах у Бундэстаг.
Учорашнія выбары ў Мекленбургу несуцяшальныя для ўсіх старых і адносна старых партый Германіі. Не прайшлі ў ландтаг зялёныя, якія на выбарах 2011 года атрымалі 8,7 працэнта галасоў. 5,2 адсотка галасоў страціла Левая партыя. Сёлета яна набрала 13,2 працэнта галасоў. На 5 адсоткаў упала электаральная падтрымка сацыял-дэмакратаў (30,6 адсотка супраць 35,6 на папярэдніх выбарах). Меншыя страты панеслі хадэкі (19,0 адсотка галасоў супраць 23,0 адсотка).
Відавочна, што СДПГ і ХДС, хоць і панеслі страты, па-ранейшаму будуць кіраваць Мекленбургам—Пярэдняй Памераніяй. Разам чырвоныя і чорныя набралі 49,6 працэнта галасоў і атрымалі 42 мандаты з 71 магчымага (26+16). Зрэшты, як заўважыла Мэркель, сацыял-дэмакраты могуць утварыць кааліцыю і з Левай партыяй. Але гэта будзе хісткая большасць (26+11). Такі адказ на першае пытанне, якое стаяла ў час выбарчай кампаніі.
Станоўчы адказ атрыманы і на другое пытанне: колькі галасоў набярэ Альтэрнатыва для Германіі? АдГ набрала 20,8 адсотка галасоў і стала ў Мекленбургу—Пярэдняй Памераніі другою палітычнаю сілаю пасля сацыял-дэмакратаў. Партыя Ангелы Мэркель, хадэкі, адкінутая на 3-е месца.
Кажучы пра адсоткі галасоў, трэба звярнуць увагу і на іншыя дзве лічбы. Калі ў 2011 годзе на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 60 адсоткаў выбаршчыкаў, дык сёлета — 52 адсоткі. Гэта значыць, што на выбарчыя ўчасткі не прыйшлі перш-наперш тыя, хто галасаваў за сацыял-дэмакратаў і хадэкаў. Палітыка гэтых партый іх не задавальняе, а галасаваць за АдГ яны не захацелі.
«Niederlage für Kanzlerin» — «Параза для канцлеркі» — так пракаментавала вынікі ўчорашніх выбараў «Süddeutsche Zeitung», а «Bild» узмацніла: «Eine schwere Niederlage der Kanzlerin» — «Цяжкая параза канцлеркі». А яшчэ адно выданне назвала гэтую паразу балючай. Некаторыя аналітыкі прадказваюць: калі справы будуць ісці так і далей, у наступным годзе Альтэрнатыва стане трэцяй палітычнай сілай у Нямеччыне.
Праз два тыдні, нагадаю, выбары ў Берліне. Яны, пэўна, прадвызначаць палітычны лёс не толькі Ангелы Мэркель, але і тых, хто ўвайшоў з хадэкамі ў вялікую кааліцыю. Старшыні СДПГ, віцэ-канцлеру Зігмару Габрыэлю і ўсёй партыі ёсць над чым задумацца. Сумна, але факт: лозунг «За чалавечную і адкрытую свету краіну» ў Мекленбургу—Пярэдняй Памераніі не спрацаваў.
Каментары