У сусветны рэйтынг брытанскага выдання Times Higher Education (THE) сёлета ўвайшло 980 універсітэтаў з 79 краін. Гэта элітныя 5% вышэйшых навучальных устаноў свету.

Апошнія пяць гадоў нязменным лідарам спісу заставаўся Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут (ЗША), але сёлета на першым радку — Оксфардскі ўніверсітэт (Вялікабрытанія).
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт апусціўся ніжэй за 800 пазіцыю і знаходзіцца ў групе 801+. Летась БДУ быў у групе 601—800, аднак тады ў спісе было на 180 універсітэтаў менш. Пазалетась у рэйтынг увайшло ўсяго 400 універсітэтаў, беларускіх у ім не было.
Сёння гэты рэйтынг лічыцца найбольш дасканалым і празрыстым. Ён складаецца паводле новай метадалогіі, распрацаванай міжнароднай навуковай супольнасцю у 2010 годзе.
Універсітэты ацэньваюць па трынаццаці крытэрах, якія ўваходзяць у пяць асноўных катэгорый:
- Выкладанне — адукацыйнае асяроддзе (вага ў агульнай ацэнцы: 30%).
- Даследаванне — аб’ём, прыбытак і рэпутацыя (вага ў агульнай ацэнцы: 30%).
- Цытаванне — уплыў даследаванняў (вага ў агульнай ацэнцы: 30%).
- Міжнароднае ўзаемадзеянне — супрацоўнікі, студэнты і даследаванні (вага ў агульнай ацэнцы: 7,5%).
- Прыбытак у галіне — інавацыі (вага ў агульнай ацэнцы: 2,5%).
Балы БДУ па катэгорыях сёлета і летась
Максімальна магчымы бал — 100
| Рэйтынг-2017 | Рэйтынг-2016 | |
| Выкладанне | 20.1 | 20.2 |
| Міжнароднае ўзаемадзеянне | 52.3 | 48.2 |
| Даследаванне | 9.0 | 8.7 |
| Цытаванне | 11.0 | 6.0 |
| Інавацыі | 32.1 | 28.0 |
На агульны рэйтынг найбольш уплывае цытаванне. Яно вызначаецца на падставе аналізу мільёнаў артыкулаў, тысяч навуковых часопісаў, выдадзеных цягам апошніх пяці гадоў. У БДУ гэты паказчык хоць і павялічыўся амаль удвая за апошні год, па-ранейшаму застаецца мізерным — 11 балаў. У дзесяці лепшых універсітэтаў свету па ацэнцы Times Higher Education гэты паказчык перавышае 90 балаў.
Найбольшыя балы беларускі ўніверсітэт мае па міжнародным узаемадзеянні і інавацыях, аднак якраз гэтыя паказчыкі найменш уплываюць на выніковы рэйтынг.
Ацэнка выкладання вызначаецца паводле вынікаў апытання, якое правялі сёлета ў студзені-сакавіку. У ім ўзялі ўдзел больш за 10 тысяч рэспандэнтаў, прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, якія дапамаглі вызначыць аўтарытэт універсітэтаў. Вынікі сёлетняга даследавання аб'ядналі з леташнімі, таму агулам высновы рабілі на падставе 20 тысяч адказаў.
Ацэнка даследаванняў зноў жа базуецца на выніках апытання, аднак тут увага скіраваная менавіта на поспехі ўніверсітэтаў у навуковых даследаваннях. Улічваецца таксама іх колькасць і аб'ём фінансавання.
Топ-10 лепшых універсітэтаў свету 2016-2017:
| Рэйтынг | Універсітэт | Краіна | |
| 1 | University of Oxford | Оксфардскі ўніверсітэт | Вялікабрытанія |
| 2 | California Institute of Technology | Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут | ЗША |
| 3 | Stanford University | Стэнфардскі ўніверсітэт | ЗША |
| 4 | University of Cambridge | Кембрыджскі ўніверсітэт | Вялікабрытанія |
| 5 | Massachusetts Institute of Technology | Масачусэтскі тэхналагічны інстытут | ЗША |
| 6 | Harvard University | Гарвардскі ўніверсітэт | ЗША |
| 7 | Princeton University | Прынстанскі ўніверсітэт | ЗША |
| 8 | Imperial College London | Імперскі каледж Лондана | Вялікабрытанія |
| 9 | ETH Zurich — Swiss Federal Institute of Technology Zurich | Швейцарскі федэральны тэхналагічны інстытут у Цюрыху | Швейцарыя |
| 10 | University of California, Berkeley | Каліфарнійскі ўніверсітэт у Берклі | ЗША |
Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ламаносава ў рэйтынгу на 188 пазіцыі. 12 расійскіх універсітэтаў займаюць радкі, вышэйшыя за 800 месца. Яшчэ 12 — знаходзяцца ў групе 801+.
Варшаўскі ўніверсітэт і Варшаўская палітэхніка — у групе 501—600.
Віленскі ўніверсітэт — у групе 601—800.
Украінскія ўніверсітэты ў групе 801+, аднак у спіс увайшлі адразу чатыры.
-
Палякі разабралі на мяжы аўтамабіль жонкі важнага беларускага чыноўніка. У пошуках наркотыкаў
-
Кіраўніка аддзела Support Desk Technologies асудзілі на пяць гадоў калоніі — меркавана, за данаты на падтрымку Украіны
-
Apple абнавіла спадарожнікавыя здымкі Мінска. Цяпер гэта самыя свежыя касмічныя здымкі сталіцы
Каментары