Грамадства110110

Дактары крычалі: «У вас народзіцца дэбілка!» Сям'я баптыстаў двойчы адмаўлялася ад абортаў і гадуе здаровых дзяцей

Гісторыя Тараса і Юлі Цялькоўскіх, якія прымалі няпростыя рашэнні насуперак дыягназам медыкаў.

Тарас Цялькоўскі здаваў іспыт у БДУФК, калі яму патэлефанавала жонка Юля і папрасіла тэрмінова прыехаць у шпіталь. Маладая сям’я радасна чакала першынца, спрачалася пра імя, мінаў 36-ы тыдзень цяжарнасці. УГД выносіла цяжкі прысуд — гідрацэфалія мозгу. Адзін з жалудачкаў мозгу павялічыўся ў 35 разоў, а значыцца, ад яго засталася толькі кара. Медыкі адзначалі, што такі выпадак здараецца 1 раз на 100 000 разоў і Цялькоўскія мусяць тэрмінова зрабіць аборт, каб захаваць здароўе і супакой у сям’і.

Падобнае выпрабаванне напаткала Тараса і Юлю праз некалькі гадоў падчас другой цяжарнасці. Пара вярнулася ў Беларусь пасля навучання ў Лондане. Вядомы спецыяліст па ультрагукавай дыягностыцы Сяргей Шрэдэр не пакідаў нават тэарэтычных шанцаў Цялькоўскім нарадзіць жывое і здаровае дзіця, якое вырашыла з’явіцца на свет на 25-м тыдні. Нягледзячы на папярэджанні, Цялькоўскія абралі няпростае рашэнне — змагацца за жыццё сына.

Цяпер Цялькоўскіх — чацвёра. Насуперак дыягназам у пары нарадзілася дзяўчынка Эстэр і хлопчык Себасцьян.

Тарас з Юляй распавялі «НН», чаму адважыліся нараджаць насуперак страшным дыягназам, чаму вераць у святасць жыцця, мараць адкрыць у Менску баптысцкую царкву і чаму вярнуліся ў Беларусь пасля навучання ў Лондане.

«Пасля знаёмства Юля мяне тактоўна адшыла»

У Тараса з Юляй адбылося даволі незвычайнае знаёмства. У 2008-м годзе Тарас патрапіў на набажэнства ў баптысцкую царкву «Новая Зямля».

Тарас: Я патрапіў на набажэнства пасля курсаў англійскай мовы, на якія запісаўся з-за магчымасці паехаць вучыцца ў Аёву. Вось так спрацавала «баптысцка-сектанцкая змова». Я быў чалавекам, які быў у духоўным пошуку, чытаў Біблію, маліўся па 40 хвілін на дзень, таму вырашыў схадзіць у царкву. Юля спявала ў групе праслаўлення, я яе заўважыў адразу. Пасля набажэнства я падышоў да яе пазнаёміцца і ніяк не мог вымавіць і слова. Змог загаварыць, толькі калі пабачыў лужыну сліны на падлозе, язык проста не слухаўся (смяецца). Я запрасіў Юлю ў кіно, але гэта была самая жудасная сустрэча ў свеце. Юля адшыла мяне і сказала, што лепш застацца сябрамі. Сябрамі мы не засталіся.

Гэта была вялікая памылка

Юля: Праз паўгода я зразумела, што здзейсніла вялікую памылку. Я была ўпэўнена, што Тарас ужо з кімсьці іншым сустракаецца. Аднойчы я адпачывала ў бацькоў у Бабруйску, доўга глядзела на мабільны тэлефон і нарэшце напісала паведамленне: «Як ты?» Доўга збіралася, рызыкнула і напісала. Гэтая эсэмэска змяніла ўсё.

Тарас: Я ў той момант збіраўся з’ехаць у Егіпет, маё сэрца было разбіта. Уладкаваўся на працу аніматарам, ужо меў квіткі на самалёт і кантракт на цэлы год. Але атрымаў эсэмэску ад Юлі і памчаў да яе ў Бабруйск.

Юля: Дар’я Данцова проста адпачывае! Тарас прынёсся да мяне, высветлілася, што Бабруйск аказаўся замалым для нас. Мы навярнулі некалькі колаў па горадзе, і на развітанне Тарас сказаў, што з’язджае. Мне падалося толькі, што нешта пачынаецца, а ён з’язджаў…

Уцёкі з Егіпта

Тарас: Мы стараліся перапісвацца, але я надта павольна пісаў крывым пальцам, на клавіятуры, пакрытай шаурмой, ды яшчэ з марудным мясцовым арабскім інтэрнэтам. Часу, каб проста напісаць паведамленне кшталту «Як маешся?», сыходзіла процьма. Дайшло да таго, што аднойчы Юля напісала, што далей так працягвацца не можа і развіваць адносіны цяжка. У дадатак я працаваў да 11 гадзін вечара — было складана.

Юля: Тарас вярнуўся з Егіпта, прабыўшы там месяц, разарваўшы кантракт і страціўшы грошы за працу і квіткі. Ён нічога не атрымаў, бо за першы месяц заробак мусілі аддаць толькі пасля выканання кантрактных умоў.

Праз паўгода Цялькоўскія ажаніліся.

Пасля вяртання Тарас падпрацоўваў дзе мог, а таксама прадаваў спартовыя харчовыя дадаткі.

Тарас: Потым я паехаў па Work and Travel зарабляць на вяселле. На Алясцы разбіраў рыбу па 10 гадзін пад наглядам супервайзера. Пасля перабраўся ў Кентукі, дзе працаваў на будоўлі і мыў машыны. Так зарабілі грошы на вяселле, а ў верасні вярнуўся, каб у кастрычніку ажаніцца.

Медыкі казалі, што дзяўчынка ў найлепшым выпадку народзіцца і адразу памрэ

Юля: Першая цяжарнасць праходзіла добра, але калі мы на 36-м тыдні пайшлі на УГД — доктар паглядзеў вынікі і зніякавеў. Тарас здаваў іспыт на апошнім курсе БДУФК (скончыў ПТВ, потым вучэльню алімпійскага резерва, а потым БДУФК, а пасля атрымаў багаслоўскую адукацыю ў Лондане; Юля — кераміст і з нядаўняга часу дыпламаваны выкладчык англійскай мовы.) Спыталася, у чым справа, збялелы доктар адказаў, што ўсё надта сур’ёзна і няпроста.

Тарас: Эстэр (дачцэ) дыягнаставалі гідрацэфалію галаўнога мозга. У нас была вельмі жорсткая форма. Адзін з жалудачкаў павялічыўся ў 35 разоў. Выходзіла, што ў галаве ад мозга заставалася толькі кара. Медыкі казалі, што дзяўчынка ў найлепшым выпадку народзіцца і адразу памрэ.

Юля: У гэты момант вельмі падтрымалі бацькі. Асабліва падтрымала маці і сказала, што будзе любіць унучку. Але лекары настойвалі на аборце. Сказалі, што ў нас 1 на 100 000 выпадкаў. Пужалі нас, калі распавядалі гісторыю, як некалькі гадоў таму хлопчыку паставілі шунт пасля нараджэння для выкачкі вадкасці з мозга. Я вельмі спужалася і шмат плакала.

Медыкі ціснулі зрабіць аборт, бацькі супакойвалі

Юля: Ключавым момантам для мяне стаў расповед адной сяброўкі. Яна падзялілася, што ў знаёмай нарадзілася такая дзяўчынка. Але я баялася, бо ведала, што ў нас інваліды зусім незаўважныя, іх паўсюль хаваюць. Я думала, што для нас як маладой пары — гэта прысуд. Страх проста скоўваў. Былі моманты, калі я прасіла ў Бога вызваліцца ад праблем, успрымала дачку як цяжар, за што потым прасіла прабачэння.

Тая сяброўка сказала, што быў падобны дыягназ і бацькі шчасліва жывуць, хай у сына стаіць шунт. Калі мы сталі разбірацца ў справе, я прыйшла ў сябе. Тарас супакойваў і казаў, што будзем вырашаць праблемы па меры паступлення, а я ўсё толькі плакала. З часам я пачала задумвацца, чаму я буду шчаслівай, калі будуць толькі здаровыя дзеці?! Хто мне сказаў, што я не буду шчаслівай маці з хворай малой?

Тарас: Адзін доктар папярэджваў, што ў нас будзе дэбілка, якая не будзе развівацца. Некаторыя дактары наўпрост казалі: «Для чаго яна вам патрэбна? Толькі пакутаваць будзеце».

Мы ўпэўнены, што толькі Бог мае права распараджацца жыццём

Юля: Разам вырашылі, што, калі ў нас народзіцца дзіця з інваліднасцю, мы будзем прымаць яго і будзем шчаслівымі. Калі Эстэр нарэшце нарадзілася, паводле шкалы Апгар (сістэма ацэнкі стану дзіцяці ці нованароджанага) — у Эстэр было 5 балаў. Дзеткі з інваліднасцямі маюць 4. Яны звычайна ці жывуць на апараце, ці паміраюць, ці маюць жудасныя інваліднасці.

Тарас: Меркавалі рабіць дачцэ шунцірванне, але пастаянна нешта замінала: то гемаглабін, то высыпала ад запалення ўсю… Эстэр нават пагалілі і падрыхтавалі да працэдуры, але нешта пастаянна перашкаджала. Справа ў тым, што, калі б зрабілі аперацыю, Эстэр дакладна б жыла з інваліднасцю. Нас выправілі дадому падымаць гемаглабін і прапанавалі тэлефанаваць. Але здарыўся цуд.

Юля: Аказалася, што вадкасць знайшла выхад і не скопліваецца. У аперацыі, здавалася, ужо не было больш патрэбы. Мы зрабілі паўторную МРТ — там нас накіравалі на аперацыю, але нейрахірург зрабіў агляд і адказаў, што не будзе рабіць аперацыю. Шунцірванне скасаваў той самы доктар, які яго прызначаў.

Тарас: Эстэр абсалютна цудоўнае дзіця, ведае ўжо дзве мовы, займаецца балетам, нядаўна нават удзельнічала ў пастаноўцы. Яна цяпер надзвычай усмешлівая дзяўчынка.

Другая цяжарнасць

Тарас: Другі раз мы зацяжарылі ў Англіі. Я паехаў туды вывучаць тэалогію. Праз савецкую прапаганду і пераслед вернікаў багаслоўская думка ў Беларусі асабліва не развівалася, а там — на Захадзе — шмат добрых устаноў. Атрымалася паступіць, дарэчы, я навучаўся каля знакамітага Лонданскага моста. Тры дні на тыдзень я навучаўся і тры дні дапамагаў у мясцовай царкве.

Шмат перасоўваўся на ровары, бо дорага было пераязджаць — дарога каштавала каля $40 туды-назад. За два гады пераездаў разбіў два ровары! Аднаго разу наўпрост перада мной збілі жанчыну. Аднойчы і сам патрапіў у здарэнне, жанчына паварочвала і не заўважыла роварную паласу. Я праляцеў 7 метраў, шлем раскалоўся, калі б не ён, то раскалоўся б мой чэрап.

Царква, якую я там наведваў, была класнай, там побач маглі сядзець людзі розных класаў і розных нацыянальнасцяў: побач з уцякачкай з Бангладэша мог сядзець топ-менеджар з банка, які вельмі добра зарабляе. Я пабачыў, як Евангелле пераадольвае нацыянальную і сацыяльную розніцу. Яно не толькі для адукаваных альбо неадукаваных, для белых ці чорных. У Беларусь мы ўжо вярнуліся нараджаць.

Доктар сказаў, што ў яе адышлі воды. І я страціў прытомнасць наўпрост у кабінеце

Тарас: Наступнае здарэнне адбылося, пакуль мы былі на працы. Юля была на 25-м тыдні. У Юлі адышлі воды і пачалося кровацячэнне. Мне патэлефанаваў сябар. Пакуль я мчаў да яе, пабачыў, як хуткая едзе па праспекце, — адразу ўцяміў, што гэта яна. Я забягаю ў шпіталь і бачу Юлю на кушэтцы. Лекар сказаў, што ў яе адышлі воды… Я страціў прытомнасць наўпрост у кабінеце, Юля таксама страціла прытомнасць. Так мы нюхалі нашатыр на процілеглых кушэтках. Дактары ледзь не ў загадным ладзе сказалі, што трэба тэрмінова рабіць аборт. Нават падрыхтавалі аперацыйную. Мы пыталіся, ці можна захаваць дзіця? А ў адказ — «Няма чаго захоўваць! Нічога ж нібыта яшчэ не развілася»…

Юля: Тарас адразу сказаў, што мы вернікі, і таму не будзем рабіць аборт. Пасля гэтага медыкі больш сур’ёзна паставіліся. Прыклалі трошкі намаганняў, каб пераканаць нас абарцірваць Себасцьяна, але мы запэўнілі, што нясем адказнасць за жыццё, якое дае Бог, і не згаджаемся на аборт.

Себасцьян нарадзіўся 1400 і нават сам закрычаў

Юля: Пасля гэтага дыялогу нас на месяц перавялі ў цэнтр «Маці і дзіця». Ужо ў гэтым цэнтры медыкі больш адэкватна рэагавалі і нават падтрымлівалі нас. Себасцьян важыў пры нараджэнні 1400 грам. Калі мяне разбудзілі, назвалі вагу і сказалі, што ён нават закрычаў, я не магла паверыць, бо яшчэ лёгкія не маглі так развіцца. Себасцьян два тыдні праляжаў у інтэнсіўнай рэанімацыі. У яго стаяў зонд, я хадзіла да яго, пакуль хлопца кармілі праз шпрыц. Калі яго выпісалі, Сёбік важыў 2200 грам. Ён быў бы кацянятка і мог змяшчацца ў руцэ, але жывы, усміхаўся і быў здаровы.

Атрымліваецца, што ў нас двойчы нараджаліся здаровыя дзеці, нягледзячы на дыягназы медыкаў і іх застрашванні

Тарас: Мы не хочам абразіць медыкаў, якія робяць незвычайна цяжкія справы за мізэрныя грошы. Але сістэма так пабудавана, што ў нас малая смяротнасць пры нараджальнасці, таму дактары прапаноўваюць на ранняй стадыі пазбавіцца ад дзіцяці. Проста, каб не падпсаваць статыстыку. Таму маладыя маці дзеля зручнасці і камфорту, пад ціскам дактароў і блізкіх часта робяць «просты» выбар.

Мы павінны больш абараняць жыццё. Сучаснае грамадства гатова пазбавіцца ад жыцця дзеля камфорту: з-за кар’еры ці сэксуальна насычанага жыцця. Культура спажывання кажа, што, калі нешта перашкаджае жыць у кайф, як у Каржа, — можна абрываць жыццё.

Ён мой муж, але не дзіця. У нас няма жорсткага кантролю

Юля: Шлюб бы слаёны пірог. Мы шліфуемся, точымся, бачым, што свет не круціцца вакол нас. У нас няма жорсткага кантролю. Мы цалкам давяраем адно аднаму. Ён мой муж, але не маё дзіця, якое я чакаю і ганю дадому. У Тараса ёсць час для сяброў, на адпачынак, лазню, бег. Тарас, дарэчы, з’яўляўся членам нацыянальнай зборнай Беларусі па бегу. Многія людзі чамусьці думаюць, што шлюб — гэта канец для свабоды.

Тарас: Шлюб — найлепшае месца і атмасфера для дзіцяці, дзе два чалавекі ў каханні выхоўвалі плод сваёй любові. Дзе дзеці даведваюцца, як камунікаваць, рэагаваць, мець зносіны.

Юля: Тарас ведае, як я люблю сваіх дзяцей і мне трэба часам адпачыць, вырвацца з руціны. Дапамагаў мне з вучобай, даваў часу паспаць і не казаў: «Мяне гэта не тычыцца». Ён прачынаецца рана і можа даць мне лішнюю гадзінку паспаць.

Тарас: Гэты клопат праяўляецца ў вялікіх і маленькіх справах. Мы не запісваем балы і не кажам: я выпрацаваў тры гадзіны — цяпер твая чарга. Мы стараемся дапамагаць адно аднаму. Часам нават сорамна прымаць дапамогу. Мы не дыктуем адно аднаму сваю волю і не лічым, што нехта камусьці штосьці вінен.

Падчас цяжарнасцяў Юля паспела атрымаць адукацыю

Юля: Шмат хто дапамагаў. Я паступіла, калі Эстэр быў год. Пакуль Себасцьян быў у рэанімацыі — здала сесію. Адпускалі, бо дапамагалі родныя, бабулі, Тарас. Было цяжка, некалькі разоў хацелася ўсё кінуць, але нехта падказаў, што калі кіну, то больш не вярнуся. Каму павінна быць лёгка?! Жыццё — такая штука.

Цяпер Цялькоўскія мараць пра ўсынаўленне трэцяга дзіцяці. Тарас з Юляй чакаюць, як Себасцьян падрасце. Апроч таго, сям’я ўдзельнічае ў праекце па адкрыцці новай баптысцкай царквы ў Мінску. Тарас рыхтуецца прабегчы неймаверны марафон — 500 км за 5 дзён у гонар юбілею Рэфармацыі і друку Скарынам Бібліі.

Напрыканцы Тарас падсумоўвае, што іх сям’я недарма вярнулася пасля навучання ў Беларусь, яны вераць у ейную добрую будучыню, нягледзячы на меркаванні скептыкаў. Цялькоўскі цалуе сына і нагадвае, што такія ж скептыкі двойчы спрабавалі прымусіць абартаваць дзяцей, прагназавалі смерць і калецтва немаўлят, якія цяпер радасна гадуюцца.

Безумоўна, пытанне абортаў, як і пытанні жыцця і смерці, заўжды з’яўляюцца няпростымі і спрэчнымі, але толькі ўявіце, што за 26 год незалежнасці, паводле афіцыйных звестак, у Беларусі было абартавана каля 3 мільёнаў дзяцей. Гэтыя лічбы становяцца асабліва гучнымі, калі ты спакойна шпацыруеш па двухмільённым Мінску і глядзіш у вочы любімаму чалавеку.

Каментары110

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў13

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Кітай будуе «Залатое кальцо» даўжынёй дзве траціны экватара2

Падазраваны ў дыверсіі ў Лейпцыгу атрымаў візу ў пасольстве Італіі ў Мінску24

Пуцін уключыў у свой картэж пікап з зенітным кулямётам ВІДЭА6

Мінпрыроды патлумачыла, куды падзелася возера ў Лагойскім раёне2

У сеціве з'явілася ВІДЭА перастрэлкі паміж СБУ і вайскоўцамі ГУР у Кіеве11

Дзмітрый Семчанка будзе весці аўтарскую праграму на «Белсаце»7

«Гэта нават у рукі агідна браць». Бацькі «хваляцца», якія падручнікі выдалі ў школе іх дзецям10

Не можа згадаць сваё жыццё месяц таму, пазабываў знаёмых. Каскадзёр, які ледзь не загінуў на аўташоу ў Лідзе, запісаў відэа з бальніцы10

«Газпрам» не адмовіўся ад планаў будаваць у Беларусі завод па вытворчасці ЗПГ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў13

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць