Грамадства33

Кнігавыдавец Зміцер Колас расказаў, як атрымаў французскія ордэны за літарутуру і як лёс звёў яго з Дубаўцом

Перакладчык і выдавец Зміцер Колас, якога 16 верасня вывезлі з-пад варты следчага ізалятару за мяжу ў складзе 25 палітвязняў, расказаў «Белсату», за што атрымаў французскія ордэны і як калісьці трапіў па размеркаванні на працу ў Сірыі.

Зміцер Колас. Фота: асабісты архіў

«Белсат» паразмаўляў з перакладчыкам і выдаўцом Змітром Коласам, якога 16 верасня вывезлі з-пад варты следчага ізалятару за мяжу ў складзе 25 палітвязняў.

Змітра затрымалі сёлета ў лютым падчас масавых арыштаў незалежных кнігавыдаўцоў і распаўсюднікаў кніг, абвінавацілі паводле артыкулу 361‑4 Крымінальнага кодэксу («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Гэта другое затрыманне кнігавыдаўцы: у сакавіку 2023‑га падчас рэпрэсіяў пасля дыверсіі на аэрадроме ў Мачулішчах ён правёў 10 содняў у СІЗА КДБ, тады выйшаў на волю, як і шмат іншых затрыманых, без выстаўлення абвінавачанняў. Але праз месяц выдавецтва Коласа зліквідавалі праз суд. Фармальнаю прычынаю стаўся выдадзены ім зборнік дакументаў «Вызваленыя» і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939—1941 гг.», прызнаны ўладамі экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Зміцер Колас нарадзіўся 29 снежня 1956 года ў сям’і знанага беларускага гісторыка культуры, літаратурнага і тэатральнага крытыка Георгія Коласа і выбітнай рэжысёркі дакументальных фільмаў Алены Колас. Старэйшы брат Змітра — Уладзімір Колас, кінарэжысёр і педагог.

— Вы апынуліся сярод тых, каго днямі сілавікі вывезлі з Беларусі ў межах своеасаблівага памілавання. З аднаго боку, выпусцілі з клеткі, з другога — забаранілі вярнуцца дадому. Напэўна, па-рознаму ўспрымаюцца такія зігзагі лёсу, калі табе 20 гадоў ці 70.

— Не думаў я, вядома, што такое са мной можа адбыцца. Менск — мой родны горад, я там нарадзіўся. Спачатку мы жылі на Бранявым завулку — мае бацькі, брат, дзве бабулі і два дзядулі. Бацькам потым далі кватэру на Натуралістаў, там я пайшоў у 63‑ю школу і скончыў яе. Потым — Інстытут замежных моваў: перакладчыцкі факультэт, французскае аддзяленне.

— Чаму такі выбар?

— Мяне з дзяцінства захаплялі мовы. Дзед навучыў адразу двум алфавітам — лацінскаму і кірыліцы. Чытаць я пачаў у тры гады. Аднойчы мама ўбачыла, што я чытаю ў ложачку. Яна так закрычала, што я спалохаўся і потым доўга не чытаў, думаючы, што раблю нешта дрэннае. Потым быў перыяд, калі я чытаў навуковую фантастыку — усё, што траплялася пад руку. Бацька мяне за гэта ганяў, маўляў, што за глупства чытаеш. А я мяркую, што Жуль Верн і браты Стругацкія — гэта сапраўдная літаратура. У бацькі ў кабінеце былі паліцы з кнігамі, і ён казаў, што гэта трэба прачытаць, калі хочаш лічыць сябе інтэлігентным чалавекам. Бацька быў літаратуразнаўцам, тэатральным крытыкам і сцэнарыстам… Вось ён быў, як кажуць, жывой энцыклапедыяй. Я дасюль не прачытаў столькі, колькі ён, хоць ягоную бібліятэку ўрэшце прачытаў.

— Інстытут замежных моваў тады быў, што называецца, модным інстытутам. Магчыма, таму, што была магчымасць выехаць з савецкай рэчаіснасці і пабачыць свет на ўласныя вочы. У выніку атрымалася?

— Я скончыў інстытут, і па размеркаванні мяне скіравалі ў Сірыю. У інстытуце я пазнаёміўся са сваёй будучаю жонкаю Наташаю Дацэвіч, яна вучылася на англійскім факультэце. Мы якраз у той год і распісаліся. Ну і я заявіў, што без жонкі нікуды не палячу. Мне сказалі, што так нельга, бо я сам падпісаў кантракт на 11 месяцаў. А тады было правіла: калі кантракт — менш за год, то ляцелі без сужэнца. Але я ўпёрся, маўляў, ведаю, што потым кантракт працягваюць. Яны пытаюцца: «Як ты можаш не паляцець?» Кажу: «Ды проста не сяду ў самалёт — і ўсё».

Кантракт у мяне быў з Міністэрствам транспартавага будаўніцтва, ён датычыў будаўніцтва мастоў на Еўфраце. Урэшце мне паабяцалі, што жонку таксама можна будзе забраць. Разумееце? Усё ж такі тады былі людзі слова. Я праехаў увесь Еўфрат — ад турэцкай мяжы да іракскай.

Самае дзіўнае было тое, што ніхто там па-французску не размаўляў. У Сірыі шмат моваў, часцей за ўсё, вядома, арабская, але французскай там не было. Дакументацыю я перакладаў з расейскай на французскую, яе трэба было перадаваць начальніку. А той, паколькі вучыўся ў Францыі, мову ведаў. Вось яму якраз было лягчэй чытаць па-французску, бо тэрміналогію ён вывучаў менавіта на французскай. А ў жыцці мне давялося вучыць арабскую мову. І я яе вучыў, нават мог з часам апавядаць анекдоты і весці размовы на філасофскія тэмы. Цяпер без практыкі амаль усё забыў.

Зміцер Колас. Фота: БАЖ
Зміцер Колас. Фота: БАЖ

— Скончыўся кантракт — і што?

— Я прыляцеў у Менск і пачаў шукаць працу.

— Дык СССР яшчэ ж быў. А як жа дармаедства?

— А каго гэта цікавіла? Але я пайшоў у Інстытут замежных моваў, пагаварыў з дэканам, з прарэктарам. Прарэктар быў такі сур'ёзны таварыш, казаў пра крызіс, але паабяцаў дапамагчы. Неўзабаве мне патэлефанавалі з Чырвонага Крыжа. Давялося запоўніць кучу анкетаў, усё было як з кантрактам на працу за мяжою. Магчыма, таму, што там таксама прадугледжваліся замежныя паездкі. Пакуль мае анкеты правяраліся, шукаў працу ў іншых месцах. Мне падказалі, што ёсць месца лабаранта ў працы з замежнымі студэнтамі на журфаку. Туды і ўладкаваўся.

А там тады вучыўся Віталь Тарас. Пазнаёміўся я і з Сяргеем Дубаўцом, і з Ігарам Герменчуком. Увогуле, трапіў у добрую кампанію. Гэта быў перыяд беларускай Майстроўні. Але я ўвесь час працаваў пагадзінна — то ў адной ВНУ, то ў іншай. Кожнае лета трэба было недзе ўладкоўвацца на працу. Дзіця яшчэ было маленькае, трэба было круціцца. У 1986‑м заключыў новы замежны кантракт, і мы ўсёй сямʼёй паляцелі ў Алжыр. Там я адпрацаваў тры гады.

— Мала хто ведае, што ў вас ажно два французскія ордэны за заслугі ў літаратуры і мастацтве. Як яны зʼявіліся?

— Шмат перакладаў: Альбэра Камю, Жана-Поля Сартра, Эўджэна Іёнэску, нешта з Мапасана і шмат іншага. Выдавала гэта «Мастацкая літаратура». Мне нават тады прапанавалі скласці спіс на дзесяць гадоў наперад. Мая запаветная мара была — выкладаць у інстытуце замежных моваў і займацца перакладамі. І вось я ўжо працаваў у інстытуце, нават мог атрымаць навуковую ступень паводле сукупнасці публікацыяў, але… распаўся Савецкі Саюз.

З першым ордэнам у мяне звязаная трагічная гісторыя. Быў 2011 год. Тады ж улетку ўвялі новыя мыты на ўвоз аўтамабіляў. Я дамовіўся са сваім сябрам у Бельгіі, каб ён падабраў мне машыну. Ён знайшоў, але я не паехаў адразу, бо раптам высветлілася, што захварэла мама. У яе аказаўся рак, прычым на апошняй стадыі. Я ўсё кінуў, пераехаў да мамы і даглядаў яе. А машына прыйшла ў траўні і стаяла на стаянцы, але набліжаўся тэрмін, калі ўжо трэба было плаціць за кожны дзень. Быў аўторак, 31 траўня. Я папрасіў брата прыйсці пабыць з мамай, пакуль я зʼезджу размытніць машыну. І вось мне ўжо аддаюць дакументы, заставаўся толькі адзін подпіс — і тут тэлефануе брат: «Мама памерла». Іду ў машыну, нічога не цямлю. Выязджаю на трасу, і тут званок з амбасады: «Віншуем вас! Прынятае рашэнне аб узнагароджанні вас ордэнам». Вось такія былі абставіны.

А другі ордэн мне ўжо ўручылі ў 2024 годзе. Быў прыём у амбасадзе ва ўрачыстай абстаноўцы. Я запрасіў туды сваіх родных і сяброў з тых, хто заставаўся ў Менску.

Каментары3

  • Харунжы
    04.10.2026
    Тарашкевіцы баіцёся больш чым міліцыі .
  • čoms
    04.10.2026
    Аказваецца нууу можа ...зрэдку "НН" апублікаваць нешта файнае.Дзякуй.
  • Люди, которыми жива Беларусь
    04.10.2026
    Зміцер Колас.
    Моя дочь тоже из таких, но и ей пришлось уехать.

Цяпер чытаюць

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў3

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Усе навіны →
Усе навіны

Еўрасаюз абяцае адмовіцца ад куплі расійскага газу, але пакуль што закупкі толькі павялічыліся15

Чаму ў шэрага жураўля хвост як у пеўня? Аказваецца, гэта зусім не хвост

BMW заклаў у бюджэт мільярд еўра на выплату кампенсацый звольненым супрацоўнікам

У Магілёве ўздоўж рэчкі гуляў вярблюд ВІДЭА

У Мінску мужчына выліў шампанскае жанчыны ў ракавіну, за што атрымаў нажом у жывот11

На парадзе ў лівійскім Бенгазі засвяціўся беларускі беспілотнік «Міратворац»2

У суботу па ўсёй Францыі пракаціліся масавыя пратэсты4

Крышціяну Раналду пачне выпускаць мінералку

«Дзякуй за ўсё, Ліндсі!» Зяленскі ўспомніў добрым словам памерлага амерыканскага сенатара3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў3

Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць