Праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала вязьнем сумленьня маладзёжнага актывіста Мікіту Сасіма.
Нагадаем, Мікіта Сасім быў затрыманы ў Менску 14 сакавіка. Яму інкрымінавалася ўхіленьне ад прызыву на ваенную службу. 12 мая ён быў асуджаны да трох месяцаў арышту. Паколькі да суда ён два месяцы знаходзіўся ў сьледчым ізалятары ў Баранавічах, то ў зняволеньні яму заставалася правесьці яшчэ адзін месяц.
«Amnesty International « заявіла, што Мікіта Сасім быў затрыманы «выключна за мірнае выкарыстаньне права на свабоду выказваньня, асацыяцыі і сходу».
На пачатку траўня «Amnesty International « прызнала вязьнямі сумленьня арыштаваных апазыцыйных лідэраў Аляксандра Бухвостава, Вінцука Вячорку, Дзмітрыя Дашкевіча, Сяргея Калякіна і Аляксандра Мілінкевіча. Раней арганізацыя прызнавала вязьнямі сумленьня Аляксандра Васільева, Валерыя Леванеўскага, Андрэя Клімава, Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Міхаіла Марыніча, Юрыя Бандажэўскага і іншых беларускіх палітыкаў.
Каментары