Старшыня Баранавіцкага суда: Асуджаны мной мужчына пачаў пісаць абразы па пошце — атрымаў яшчэ адзін крымінальны артыкул
Ці аднолькавая мантыя ва ўсіх суддзяў, навошта ўставаць, калі ў залу заходзіць суддзя, і ці глядзяць вяршыцелі закона праграму «Гадзіна суда» — на пытанні, якія цікавяць звычайных грамадзян, для intex-press.by адказаў Мікалай Кміта, суддзя з 33-гадовым стажам, старшыня суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы.
— Чаму суддзі ходзяць у мантыях?
— Паводле Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, суддзя, разглядаючы справу, павінен быць у мантыі. Мантыя сімвалізуе, што суддзя кіруецца не эмоцыямі або асобасным стаўленнем да ўдзельнікаў працэсу, а толькі законам. Матэрыял і фасон мантый зацвярджаецца ў Вярхоўным Судзе. З кожнага суддзі здымаюць меркі, пасля чаго для яго шыюць мантыю. Таксама суддзям выдаюць чорны гальштук і белую кашулю. Мантыя ў суддзі адна на ўсе поры года. Калі ўлетку тэмпература падымаецца вышэй за 27 градусаў, суддзям дазваляецца весці працэс без мантыі.
Дарэчы, мантыі ў мужчын і жанчын адрозніваюцца глыбінёй выразу на грудзях — у мужчын ён больш. Мантыі ў суддзяў раённых, абласных, а таксама Вярхоўнага Суда — аднолькавыя: чорныя. Суддзі Канстытуцыйнага суда носяць мантыі цёмна-сіняга колеру.
— Навошта суддзям малаткі і дзе яны іх бяруць?
— Стукам малатка суддзя адкрывае і закрывае судовыя пасяджэнні, а таксама супакойвае ўдзельнікаў працэсу, калі тыя, напрыклад, пачынаюць лаяцца. Таксама суддзя стукае малатком пасля вынясення прысуду. Гэта значыць, што для гэтага суда (напрыклад, баранавіцкага) рашэнне канчатковае. Змяніць яго можна будзе толькі ў вышэйшым судзе шляхам абскарджання.
Малаткі выдаюць у Вярхоўным Судзе. Вырабляюць іх на мэблевых фабрыках. У нашым судзе чатыры малаткі — па адным на кожную зала пасяджэнняў.
— Чаму да суддзі трэба звяртацца «Высокі суд»?
— Так чалавек выказвае павагу да суда. Звяртацца да суддзі «Высокі суд» трэба ў грамадзянскіх і крымінальных працэсах. А вось у адміністрацыйных — неабавязкова. Людзі часта звяртаюцца да суду «Ваш гонар». Гэта пайшло з расійскай судовай сістэмы, дзе так звяртаюцца да суддзяў. Але такі зварот — не парушэнне. Суддзя вас паправіць і падкажа, як казаць правільна.
— Чаму трэба ўставаць, калі суддзя заходзіць у залу пасяджэнняў, калі адказваеш на пытанне суддзі, калі абвяшчаецца прысуд?
— Гэта, як і зварот «Высокі суд», паказвае павагу да суда. Уставаць трэба ў грамадзянскіх і крымінальных працэсах, у адміністрацыйных — рабіць гэта не трэба. Калі ў грамадзянскім або крымінальным працэсе ўдзельнік судовага пасяджэння не ўстае, на яго можа быць складзены адміністрацыйны пратакол за непавагу да суду.
— Ці можна суддзям мець акаўнты ў сацсетках?
— Афіцыйна гэта не забаронена, але і не рэкамендуецца. Я ў сацыяльных сетках не зарэгістраваны.
— Ці можа баранавіцкі суддзя, як любы іншы грамадзянін, звярнуцца ў суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы?
— Каб не было сумненняў у бесстароннасці суда, у грамадзянскіх і адміністрацыйных працэсах суддзі звяртаюцца ў наш суд, пасля чаго справа накіроўваецца старшыні Брэсцкага абласнога суда. Ён накіроўвае справу ў суд любога іншага горада Брэсцкай вобласці. Калі суддзя здзейсніў злачынства, судзіць яго можа толькі Вярхоўны Суд.
— Ці даводзілася баранавіцкім суддзям удзельнічаць у працэсах у якасці сведак або пацярпелых?
— Вядома, прыходзілася. Я і сам неяк быў пацярпелым, калі працаваў суддзёй у Расіі. Я асудзіў мужчыну да пазбаўлення волі, ужо і не ўспомню, за якое злачынства. З калоніі асуджаны стаў дасылаць мне лісты з абразамі. Я звярнуўся ў міліцыю, мужчыну прыцягнулі да крымінальнай адказнасці яшчэ і за абразу суддзі.
— Ці глядзяць суддзі тэлевізійныя праграмы пра суд: напрыклад, «Гадзіна суда»? Ці патрэбныя такія праграмы людзям?
— У мяне ў кабінеце ўвесь час працуе тэлевізар. Але як толькі пачынаецца праграма «Гадзіна суда», я адразу яго выключаю. Суды ў такіх перадачах — пацешная пастаноўка, дзе крымінальную справу аб забойстве разглядаюць за паўгадзіны. Але для людзей такія праграмы вельмі карысныя: яны даступна тлумачаць, як паводзіць сябе ў судзе, якія злачынствы асабліва цяжкія і за што можна адправіцца ў месцы пазбаўлення волі.
— Калі суддзя выносіць абвінаваўчы прысуд, яму шкада абвінавачанага?
— У сваёй практыцы я не выносіў ніводнага прысуду без сумненняў. Абвінавачанага шкада заўсёды. Але жаль — гэта палка з двума канцамі: шкадуеш абвінавачанага — не шкадуеш пацярпелага, і наадварот. Так, ёсць рызыка вынесці незаконны абвінаваўчы прысуд. Асабліва перажываеш, калі асуджаеш чалавека да пазбаўлення волі. Вырашаць лёс чалавека заўсёды цяжка.
Каментары