Культура66

Беларускі Гершвін

Уладзімір Кандрусевіч напісаў «Джулію», «Шклянку вады»,«Байкера» і «Афрыку». Цяпер адбываецца прэм’ера «Крыжа Еўфрасінні». З кампазітарам гутарыць Наталка Бабіна.

Уладзімір Кандрусевіч — вядомы беларускі кампазітар, аўтар балетаў, опер, сімфоній, музыкі да 50 фільмаў і больш чым 200 спектакляў, песень, вядомых мюзіклаў «Джулія», «Шклянка вады»,«Байкер» і «Афрыка».

Апошні з нязменным поспехам ідзе ў Купалаўскім тэатрыў Мінску і тэатры імя Коласа ў Віцебску, і менавіта пасля наведвання гэтага ўдалага спектаклю па паэтычным творы паэта Леаніда Пранчака мы запрасілі кампазітара ў рэдакцыю. А на гэтым тыдні у дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа адбылася прэм’ера спектаклю«Крыж Еўфрасінні» па п’есе Ірыны Масляніцынай, музыку да якога напісаў сп. Кандрусевіч.

Наталка Бабіна: Спадар Кандрусевіч, у фае пасля спектакля давялося пачуць рэпліку гледача, што гэты мюзыкл можна паказваць на Брадвеі, а вы — наш беларускі Гершвін. Ці часта вас параўноўваюць з Гершвінам?

Уладзімір Кандрусевіч: (Смеючыся.) Гэта першы раз! Увогуле я класічны кампазітар, займаюся досыць сур’ёзнай музыкай, але ў апошнія гады прыходзіцца займацца чымсьці набліжаным да эстрады — хаця я не вельмі люблю гэтае слова. Але музыка для тэатру і кіно, мюзыклаў не супярэчыць маім музычным зацікаўленням. Зараз я кіраўнік прадюсерскага цэнтру «Спамаш». Апошняя наша праца ‑‑ мюзыкл «Байкер».

НБ: Я ведаю, што прэм’ера «Байкера» адбылася ў Гродна. Гэта таму, што вы з Гродна? Ваш родны горад да гэтых часоў — крыніца натхнення?

УК: Гэта быў перадпрэм’ерны паказ. Але пачалі мы адтуль, менавіта таму што там — мая Бацькаўшчына. Зараз я ўжо мінчанін, але ўсё роўна, калі бываю ў Гродна — аб’язджаю ўсе месцы майго дзяцінства. Мой бацька быў прафесійным краўцом, быў вядомым у горадзе майстрам, навучыўся шыць яшчэ за польскім часам, ад польскіх майстроў, і быў вельмі кваліфікаваным. Ягоная праца вельмі цанілася. Мама выкладала ў школе матэматыку. Яна з Яраслаўля. Цікавая гісторыя іх знаёмства: у 1939 годзе бацьку мабілізавалі, і ён ваяваў спачатку на фінскай вайне, потым — у Вялікай Айчыннай. У 1945 годзе іх частку перакідвалі на Далёкі Усход, і на прыпынку ў Яраслаўлі ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Калі вайна закончылася, ён ізноў заехаў да яе і прывёз у Гродна.

Музыкаў у нашай сям’і не было, але бацька вельмі добра спяваў, яго нават Шырма да сябе запрашаў, але бацька адмовіўся. Колькі я памятаю, ён заўсёды многа спяваў: класічныя творы, народныя.

Я жыў у Гродна, пакуль не прыехаў вучыцца ў Мінск у кансерваторыю. Пасля заканчэння мяне тут пакінулі па размеркаванні канцэртмайстрам у Оперны тэатр… Тут я ажаніўся, тут стаў жыць.

НБ: Я ведаю, што ў вас двое дзяцей — маладыя таленавітыя мастакі Уладзімір і Павел.

УК: Так. І ўжо два ўнукі — Дамінік, якому годзік, і Ян, яму тры месяцы.

НБ: Калі і як вы адчулі што вы хочаце пісаць музыку? І ўвогуле, як адбываецца гэты таямнічы працэс? А восьмай раніцы штодня вы сядаеце за стол — і натхненне таксама прыходзіць а восьмай гадзіне, ці гэта адбываецца спантанна і нечакана? Які механізм — калі тут дарэчы гэтае слова — нараджэння музыкі?

УК: Механізму тут няма і быць ня можа. Працую я сапраўды з раніцы да абеду. Гэтая звычка ўжо шматгадовая, але словамі патлумачыць, як пішацца музыка, здаецца, немагчыма. Спачатку, як і спартсмену, мне трэба размяцца, таму нейкі час я іграю. Калі ёсць пэўная тэма, то, вядома, збіраю матэрыялы, каб пагрузіцца ў пэўную эпоху, у пэўныя абставіны. Але музыка нараджаецца сама.

Як я вырашыў пісаць… Як піяніста, мяне запрашалі на запісы музыкі да спектакляў, фільмаў. Звычайна гэтыя запісы адбываліся па начах, на першай студыі радыё. Там я сустракаўся з вядомымі рэжысёрамі. Здаралася так, што мне прапаноўвалі зімправізаваць, давалі ідэю, я спрабаваў яе распрацаваць, і часта трапляў у яблычак. Мне гэта вельмі падабалася. Вось чаму я вырашыў паступіць яшчэ на кампазітарскае аддзяленне.

НБ: Вы шмат пішаце для кіно і тэатру. Вам падабаецца гэтая праца? Ці ёсць у вас любімыя ці нелюбімыя творы? Ці не адбываецца часам так, што шкада сваёй добрай музыкі ад таго, што агульны вынік — фільм ці спектакль — няўдалы?

УК: Гэта праца. Бывае па‑рознаму, але ж трэба разумець, што стварэнне фільму, спектаклю — найскладанейшы працэс. Калі над кожным складнікам яго працуюць таленавітыя людзі — то і адбываецца сапраўдная мастацкая падзея. Вельмі ўдалым быў мой творчы тандэм з галоўным рэжысёрам ТЮГу Андрэем Андросікам, царства яму нябеснае.

НБ: Адна з вашых апошніх прац — музыка да фільму «На спіне ў чорнага ката». Вам спадабаўся гэты фільм?

УК: Гэта досыць удалая праца, там добрая акцёрская гульня, нядрэнны сцэнар. За гэту працу на міжнародным кінафестывалі «Залаты Брыг» ва Украіне, мне ўручылі спецыяльны прыз за найлепшую музыку.

НБ: Як бы вы ацанілі музыку, што гучыць на нашых радыёстанцыях, па тэлевізары лезе ў вушы?

УК: Як тут сказаць памягчэй… Усё ідзе да таго, каб дабіць моладзь. Гэта прымітыўная музыка, яна і слухачоў робіць прымітыўнымі. У параўнанні з Расіяй, Украінай стан музычнай культуры ў нас горшы. У нас, на жаль, няма творцаў і выканаўцаў, на якіх можна было раўняцца. Асобаў няма.

НБ: А ці можна гэта змяніць?

УК: Трэба расставіць прыярытэты. Што мы хочам атрымаць? На радыёстанцыях гавораць: дайце нам такую музыку, якую можна было уключыць і не слухаць, якая б служыла фонам і нікога не раздражняла. Але навошта такая музыка ўвогуле? Для атупення? Яшчэ раз кажу, трэба шукаць асобы — такія, як быў, прыкладам Мулявін.

НБ: У цэнтры «Спамаш», якім вы кіруеце, вы і шукаеце іх?

УК: Спрабуем. Гэта, вядома, складана. Іван Буслай, Алена Ланская, Віталь Гардзей, Дарыя — мы з імі працуем, спрабуем дапамагчы раскрыцца.

НБ: Я ведаю, што ў вас у планах — новы мюзыкл, гістарычны, пра Ягайлу і Соф’ю. На якой стадыі праца?

УК: Так, я зараз працую над ім, але пакуль не бачу, якім чынам гэта можна рэалізаваць. Калі ён выйдзе — пакуль не магу сказаць.

НБ: Якая музыка падабаецца вам? Што вы слухаеце для сябе, для душы?

УК: Я слухаю добрую музыку: тую, якая робіць жыццё чалавека шчаслівым. Гэта не бразготкі. Вось у Мінску выступаў Грыгорый Лепс — я слухаў яго. Я лічу, што гэта велічыня на расійскай эстрадзе. Агілейра, «Эванэсэнс», «Акеан Эльзы» мне падабаюцца.

НБ: Пры тым, што вы класічны кампазітар, слухаеце сучасную музыку?

УК: Адно другому не шкодзіць.

НБ: Вы захапляліся ў свой час рок‑музыкай, «Бітлз». Чаму, па‑вашаму, «Бітлз» выклікала такое фанатычнае захапленне?

УК: Гэта былі дзіўныя таленты. Яны змаглі выказаць эпоху: тое, што вісела ў паветры, тое, што патрабавалася. Я пачуў іх упершыню — і адразу загарэўся. І музыка, і лад жыцця — гэта было новае, нечуванае тут. Мы таксама праглі свабоды. Мы збіраліся і рабілі тое, што не укладалася ў тыя рамкі, якія тады існавалі.

НБ: Вас у свой час за захапленне «Бітлз» выключылі з кансерваторыі. Зараз за непажаданую музыку з універсітэтаў не выключаюць, але за непажаданую грамадскую дзейнасць — выключаюць вельмі часта. З вышыні свайго ўзросту і досведу, што б вы параілі сённяшнім маладым людзям: ўсё ж стаяць за сваё, бараніць сваю пазіцыю ці нейкім чынам прыстасоўвацца і не ісці на рэзкія крокі?

УК: Адразу скажу, я ніколі ў жыцці не займаўся палітыкай і лічу — гэта мая прынцыповая пазіцыя — што мастак не павінен гэтым займацца. Гэта не ў яго творчых інтарэсах. А самае галоўнае па жыцці — быць самім сабой. Я дапускаю, што ў мастацтве можа быць хуліганства, але самае галоўнае — каб не было пошласці.

НБ: «Бітлз» змаглі выказаць сваю эпоху. А зараз якой павінна быць музыка, каб выказаць эпоху? Што зараз вісіць у паветры?

УК: Не хапае сапраўднага. Можна за грошы вывесці на вярхоўку эстрады самых пасрэдных людзей. А сапраўдная музыка — гэта калі ёсць талент, сваё бачанне свету, увогуле тое, што і робіць чалавека чалавекам.

НБ: Але ў чым таямніца «сапраўднай» музыкі? Чаму яна так вабіць?

УК: Музыка можа даць тое, чаго не дадуць грошы. Пачуццё захаплення, ачышчэння, якое дае музыка, і складаюць яе таямніцу.

НБ: Чым вы зараз займаецеся?

Апошняя праца — музыка да спектаклю дзяржаўнага акадэмічнага тэатру імя Якуба Коласа «Крыж Еўфрасінні». Вялікую працу там правёў калектыў тэатру, актрыса, якая іграе галоўную ролю, нават нейкі час жыла ў манастыры, каб увайсці ў вобраз. Гэта будзе складаны і сур’ёзны спектакль. Важна было зрабіць яго цікавым і не сказіць пры гэтым гістарычныя факты. І музыка павінна была дапамагаць стварыць атмасферу тых часоў.

НБ: Не шкадуеце, што сыны сталі мастакамі, а не кампазітарамі?

УК: Не. Такія рэчы павінны атрымлівацца самі сабой. Яны таленавітыя ў іншым. Сыны многа працуюць у сваёй галіне, не ідуць на повадзе ў кан’юнктуры. Вось унукі, магчыма, пойдуць па маім шляху.

Каментары6

Цяпер чытаюць

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads7

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Усе навіны →
Усе навіны

Кафеін замест какаіну. Дачка забітага наркабарона Эль Менча кіруе кавярняй у Каліфорніі1

Экскурсавод паказаў кватэру, у якой у Мінску жыў Лі Харві Освальд

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі12

«Укруці глыбей»: сетка вінных крам зрабіла рэкламу да 8 сакавіка з сэксуальным падтэкстам10

Па справе аб смерці Мелказёрава прызначылі дадатковую экспертызу5

Вуліцы Мінска запаланілі цюльпаны — цэны вагаюцца ад 4 да 6 рублёў за штуку2

«Гэта была мара ўсяго майго жыцця». Беларуска паляцела на Мальдывы і не можа вярнуцца дадому8

Кіраўніка следчай групы па справе Tut.by пасадзілі на 14 гадоў10

Здаровая ежа — шэрая, прэсная, непрыгожая, нясмачная? Гутарка з аўтаркай кнігі пра сняданкі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads7

Беларуска кліча на вяселле зорку «Універа», які за вайну. Упрэгся ўвесь Threads

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць