Еўрапейская пісьменніцкая рада асуджае масавыя парушэнні правоў чалавека і свабоды слова ў Беларусі
13 жніўня Саюз беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да Еўрапейскай Пісьменніцкай Рады з ініцыятывай выступіць у абарону мірнага пратэсту, заклікаць да актыўнага пашырэння інфармацыі ў еўрапейскіх СМІ, арганізацыях і партыях пра задушэнне свабоды слова, гвалт і катаванні ў дачыненні мірных дэманстрантаў у Беларусі.
Сёння Прэзідыум Еўрапейскай Пісьменніцкай Рады распаўсюдзіў зварот да літаратараў Еўропы і свету з заклікам да салідарнасці з народам Беларусі.
«Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з членам EWC, Саюзам беларускіх пісьменнікаў, і навіны, якія мы атрымліваем, выклікаюць вялікую трывогу і смутак, — заяўляе Ніна Георге, старшыня EWC. — Нашы незалежныя крыніцы паведамляюць пра жорсткі міліцэйскі гвалт на вуліцах і пра яшчэ больш сур’ёзныя злоўжыванні ў турмах, уключаючы псіхалагічныя катаванні, бязлітасныя пабоі і згвалтаванні. Усё гэта накіравана супраць беларусаў, якія ажыццяўляюць свае правы на свабоду выказвання меркаванняў, на свабоду сходаў і патрабуюць рэалізацыі сапраўды дэмакратычных прынцыпаў у сваёй краіне. Мы заклікаем урады Еўразвязу не бяздзейнічаць, не маўчаць, а аказваць моцны ціск на аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі, каб пакласці канец гэтаму гвалту і абараняць каштоўнасці, на якіх заснаваны Еўрапейскі Саюз», — патрабуе Георге.
«Беларусь — частка Еўропы. Не пакідайце беларускі народ на адзіноце ў яго намаганнях пабудаваць сапраўды дэмакратычную краіну. Усе мы павінны выкарыстоўваць самы магутны дэмакратычны інструмент: нашае слова «, — падсумоўвае Ніна Георге.
Еўрапейская Пісьменніцкая Рада — федэрацыя 44 нацыянальных арганізацый прафесійных пісьменнікаў і літаратурных перакладчыкаў, прадстаўляе больш за 160 тысяч літаратараў з 34 краін Еўропы, найперш з Еўрасаюза, а таксама Беларусі, Ісландыі, Нарвегіі, Турцыі, Швейцарыі і Чарнагорыі. Федэрацыя была заснаваная ў 1977 годзе ў Берліне пад назвай Еўрапейскі Пісьменніцкі Кангрэс. З 2010 года існуе пад цяперашняй назвай са штаб-кватэрай у Бруселі, шчыльна супрацоўнічае з культурніцкімі праектамі Еўракамісіі, ЮНЭСКА, Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці пры ААН. Прэзідэнтам EWC у 2019 годзе была абраная нямецкая пісьменніца Ніна Георге.
Саюз беларускіх пісьменнікаў з’яўляецца правадзейным сябрам EWC з 2010 года. З постсавецкай прасторы у Еўрапейскую пісьменніцкую раду, акрамя СБП, уваходзяць толькі літаратурныя арганізацыі краін Балтыі. У 2018 годзе ў Мінску прайшла Генеральная асамблея Еўрапейскай Пісьменніцкай Рады.
Каментары