Грамадства55

«Сустракалі нас як герояў — плакалі ўсе». У Гродне акцёры тэатра спынілі спектакль, калі даведаліся, што іх калег затрымаў АМАП 

20 верасня Гародня праславілася тым, што амапаўцы падчас мірнага маршу зацягнулі ў аўтазак цяжарную жанчыну. А яшчэ тым, што акцёры Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра не змаглі працягнуць спектакль, даведаўшыся, што на вуліцы затрымалі іх калег — заслужанага артыста Беларусі, рэжысёра-пастаноўшчыка і акцёра Сяргея Курыленку і яго жонку Валянціну Харытонаву, якая таксама служыць у тэатры.

На сцэне ў гэты вечар гралі «Вельмі простую гісторыю» — трагікамедыю па п’есе Марыі Ладо, дзеянні якой разгортваюцца ў хляве, а дыялогі прамаўляюцца жывёламі, што там знаходзяцца. Аднак сыграць акцёры змаглі толькі першы акт. Справа ў тым, што ў антракце ім паведамілі: затрыманыя іх калегі, Сяргей і Валянціна.

Зрабіла гэта дачка Сяргея Ксенія: яна хоць зараз і жыве ў ЗША, але, убачыўшы ў СМІ фотаздымак, на якім бацькоў вядуць у аўтазак, аператыўна пачала пісаць і званіць знаёмым у тэатр з просьбай дапамагчы і даведацца, што будзе з татам і маці. Яна прызналася ў каментары «Нашай Ніве», што шчыра ганарыцца сваімі бацькамі.

Момант затрымання

Акцёры, задзейнічаныя ў пастаноўцы, пасля гэтай навіны зразумелі, што не змогуць нармальна сыграць другі акт. Ігар Уланаў выйшаў на сцэну і агучыў гледачам, што яны прыпыняюць спектакль, бо вымушаныя ехаць у РАУС, калі іх калегі затрыманыя.

Кадр са спектакля «Вельмі простая гісторыя» Гродзенскага драмтэатра. 

Затрымлівалі, праўда, выключна Сяргея.

— Мы з жонкай гулялі. Дагуляліся да таго, што пачалі затрымліваць усіх у горадзе. Бралі на Вялікай Траецкай мяне аднаго, але жонка ўхапілася за мяне, не адпускала. Яны вырашылі, што гэта супраціў — амапавец мне пачаў круціць рукі. Я папрасіў яго некалькі разоў абысціся без гвалту, ён паслабіў хватку. У выніку ў Ленінскі РАУС нас павезлі разам з жонкай, — апісвае момант затрымання Сяргей.

Трымалі ў РАУС артыстаў гадзіны чатыры. Спачатку яны чакалі допыт у ціры, пасля іх перавялі ў спартовую залу. Абыходзіліся міліцыянеры з усімі затрыманымі ветліва: вадзілі пры першай патрэбе ў прыбіральню, давалі ваду. Пасля падпісання пратакола Сяргея і Валянціну адпусцілі — праўда, жонцы дагэтуль не вярнулі тэлефон.

Пара адразу паехала ў тэатр — атрымалася так, што яны вярнуліся туды хутчэй, чым акцёры выехалі на пошукі затрыманых калег.

 — Сустракалі нас як герояў — плакалі ўсе, абдымаліся. Я нават не чакаў: выглядала, нібыта я з фронту вярнуўся, — згадвае Сяргей.

У той жа вечар у тэатры адбылася размова з кіраўніцтвам.

— Дырэктар тэатра даводзіў нам, што нельга прыпыняць спектакль. Мы — акцёры, мы служым гледачу, нас вучаць не рэагаваць на знешнія абставіны, калі мы на сцэне. Але я патлумачыў, што такому навучыць немагчыма. Акцёры не змаглі стрымаць эмоцый, — расказвае Сяргей.

У каментары «НН» дырэктар тэатра Ігар Гедзіч пацвердзіў, што адразу ж прыехаў да акцёраў, як толькі даведаўся, што адбылося.

— Для мяне тэатр — гэта вялікая частка жыцця, усе восем год, што я тут працую дырэктарам. Мы жывём не ў вакууме, бачым, што адбываецца навокал.

Але мая пазіцыя наступная: я супраць палітызацыі тэатра, супраць палітычных мізансцэн. Учарашнія падзеі — гэта непавага да гледача. Як дырэктар тэатра, я магу толькі перапрасіць гледачоў, якія ўчора атрымалі не тое, на што разлічвалі. Ëсць незадаволенасць у людзей, якія хочуць адпачыць ад мітусні і інфармацыйнага наратыву.

Мы ўчора падарыць ім гэтага, на жаль, не змаглі. Мы нікога не пакрыўдзім і вернем грошы ўсім, хто захоча.

А што чакае акцёраў за іх учынак? Ігар Гедзіч кажа, што адміністрацыя будзе дзейнічаць у межах Працоўнага кодэкса.

— Першае, чаму вучаць акцёра, калі ён атрымлівае адукацыю, — гэта калі ён выходзіць на сцэну, то павінен забыць, што яго акружае. Ëн павінен быць прафесіяналам. Шмат ёсць прыкладаў, калі ў акцёра паміраў нехта з блізкіх, але ён усё роўна выходзіў на сцэну. Нагоды адмяняць учора спектакль, на мой погляд, не было. Будзем разбірацца ў гэтай сітуацыі. Пакуль я не гатовы адказаць, што мы будзем дакладна рабіць юрыдычна. Я прашу людзей прытрымлівацца заканадаўства, і калі людзі яго прытрымліваюцца, ніякіх наступстваў не будзе, — пракаментаваў «НН» дырэктар тэатра.

У сваю чаргу акцёры не хаваюць, што перажываюць, што іх тэатр можа напаткаць лёс Купалаўскага.

— Ужо ёсць адчуванне нейкай катастрофы. У нас адсутнічае кантакт з кіраўніцтвам, акрамя таго, што толькі мы ім вінныя, а яны нам — нічога. І мы павінны сядзець ціха, — дзеліцца Сяргей Курыленка.

Ускладняе сітуацыю тое, што акцёраў працягваюць па аднаму выклікаць на допыты ў Следчы камітэт наконт бел-чырвона-белага сцяга, які вывесілі над драмтэатрам яшчэ 15 жніўня. Па інфармацыі «НН», справу нібыта з адміністрацыйнай перавялі ў крымінальную: артыкул 370, здзек з дзяржаўнага сцяга. Каментаваць падрабязней гэтую справу дырэктар тэатра адмовіўся: «вядуцца аператыўна-следчыя дзеянні».

Каментары5

Цяпер чытаюць

23‑гадовага афіцэра брыгады спецназа асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»17

23‑гадовага афіцэра брыгады спецназа асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

«Я не маю намеру з гэтым мірыцца». Кіраўнік МУС Літвы хоча праверыць дзейнасць Вольгі Карач16

Z-блогерцы Таццяне Манцян далі 1,5 года калоніі. Яна заклікала да гвалту ў дачыненні да «сацыяльнай групы асоб «ахранота»19

Дроны з пярцовым спрэем, чатырохногія робаты і штучны інтэлект. Як Японія тэхналогіямі абараняецца ад мядзведзяў2

Жанчына са Смаргонскага раёна дапамагла вярнуць бацькам чатырохгадовага хлопчыка10

«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў8

Беспілотнік на выходных заляцеў у Брэсцкую вобласць і накіраваўся да мяжы з Польшчай3

«Здарылася тое, чаго баяліся». Падрабязнасці падзення роўпджампера з вышкі пад Мінскам7

Рубіа заявіў пра праграмны збой у сістэме ранняга папярэджання Украіны11

«У 2015‑м выйграў $10 тысяч». Беларусы ўзгадваюць, як і колькі выйгравалі ў латарэі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

23‑гадовага афіцэра брыгады спецназа асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»17

23‑гадовага афіцэра брыгады спецназа асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць