Грамадства

Святлана Ціханоўская: Мне замежныя лідары забаранілі казаць, што я «проста слабая жанчына»

Святлана Ціханоўская дала вялікае інтэрв'ю Машы Гесэн з The New Yorker, у якім распавяла пра тое, як спрабуе змяніць сітуацыю ў Беларусі, як змяняецца сама, якія мае кантакты з еўрапейскімі лідарамі, што думае пра санкцыі і якім бачыць далейшае развіццё падзей. Tut.by прыводзіць яго пераклад.

Тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай

«Лідар дэмакратычнай Беларусі»

— Вы павіншавалі абранага прэзідэнта Джо Байдэна?

— Так, мы яго павіншавалі, як толькі былі абвешчаныя вынікі. Мая каманда адправіла ліст. Мы вельмі спадзяёмся на Байдэна, бо ён займаў цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да Беларусі яшчэ да выбараў, і мы ўпэўненыя, што ён стрымае сваё слова.

— Як вы падпісваеце свае лісты?

— Я пішу «лідар дэмакратычнай Беларусі». Я вырашыла не называць сябе абраным прэзідэнтам, бо адчуваю, што ў мяне няма маральнага права на гэта. Уся дакументацыя па выбарах была знішчана, таму я больш не магу атрымаць доказаў.

Многія людзі прасілі мяне, а некаторыя патрабавалі, каб я называла сябе абраным прэзідэнтам, але я прыхільнік правілаў. Я магу памыляцца, кажучы «не». Некаторыя называюць мяне лідарам апазіцыі, але гэта недакладна, бо нас большасць. Я думаю, што «лідар дэмакратычнай Беларусі» — найлепшае апісанне, бо яно адлюстроўвае тое, што мы спрабуем зрабіць разам.

Прэм'ер-міністры, міністры замежных спраў і дыпламаты, з якімі я сустракаюся, ведаюць, што я прадстаўляю народ Беларусі. Мая роля не больш і не менш важная, чым роля любога беларуса сёння — беларускі народ даў мне права выступаць за іх на сусветнай арэне і прымаць пэўныя рашэнні.

Мы падтрымліваем пастаянны кантакт з людзьмі ў Беларусі — студэнтамі, настаўнікамі, рабочымі, дактарамі і медсёстрамі — каб ведаць, што яны адчуваюць і чаго хочуць.

«Еўрапейскія лідары дзейнічаюць асцярожна, азіраючыся на Расію. Для нас гэта балюча»

— Што вы чуеце часцей за ўсё?

— Часцей за ўсё я чую: «Зрабі што-небудзь!» Людзі ў роспачы. Наша прынцыповая пазіцыя ненасілля крыху стрымлівае нас. Многія гатовыя пайсці на больш рашучыя дзеянні, штурмаваць і захопліваць будынкі. Але я кажу: «Вы можаце ўявіць сабе кровапраліцце?» Я ведаю, што людзі пакутуюць за кратамі, але, прынамсі, яны жывыя.

Мы робім усё магчымае, каб прыцягнуць да сабе ўвагу ўсяго свету. Але многія адчуваюць моцнае расчараванне.

Калі я была звычайным чалавекам, я думала, што Еўропа настолькі блізкая і вялікая, а яе лідары настолькі моцныя, што яны абавязкова што-небудзь зробяць, што яны не могуць стаяць у баку. Цяпер я бачу, што, хоць яны і выказваюць сваю заклапочанасць і салідарнасць, на самай справе яны нічога не могуць зрабіць.

Мы ўжо некалькі месяцаў працуем над увядзеннем эканамічных санкцый, і ўсё гэта ідзе вельмі павольна і складана. Еўрапейскія лідары дзейнічаюць асцярожна, заўсёды азіраючыся на Расію. Для нас гэта балюча. Кожны раз, сустракаючыся з кіраўнікамі дзяржаў, я стараюся перадаць гэты боль.

Мы стараемся расказаць ім пра нявінных людзей, якія сядзяць за кратамі, і аб прыніжэннях, якім яны падвяргаюцца. Мы спрабуем апеляваць да іх сумлення, кажучы: «Вы абвяшчаеце вяршэнства правоў чалавека і бачыце, што адбываецца ў суседняй краіне. Але ўсё, што вы робіце, — гэта выказваеце заклапочанасць. Як такое магчыма?»

Тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай

Я паступова прыходжу да разумення, што мы павінны патрабаваць канкрэтных дзеянняў. Я вучуся, вельмі павольна. Мне забаранілі казаць, што я не адчуваю сябе палітыкам, лідарам, што я проста слабая жанчына — я часта гэта казала, бо я так сябе адчувала. Прыйшлося стаць больш жорсткай, а гэта складана.

Мяне вучылі заўсёды спрабаваць зразумець, чаму іншыя робяць тое, што яны робяць, і цяпер я павінна пераадолець гэта, таму што я дзейнічаю ад імя мільёнаў людзей. Я адчуваю пастаяннае напружанне з-за розніцы ў тым, што я адчуваю, што магу зрабіць, і тым, што я павінна рабіць. Цяпер кожны беларус пераадольвае свае страхі, і я таксама павінна гэта рабіць. Два месяцы таму я не магла прымусіць сябе сказаць пра Лукашэнку словы «дыктатар» або «ўзурпатар».

— Хто забараніў вам казаць, што вы «проста слабая жанчына»?

— Сусветныя лідары. Некалькі чалавек сказалі мне: «Перастань казаць, што ты слабая, ты ўжо паказала сваю сілу». Я казала, што не палітык. Можа быць, менавіта з-за дыктатуры ў маёй краіне маё ўяўленне пра палітыку было памылковым.

Раней я думала, што да таго часу, пакуль вы адчуваеце боль асобных людзей, да таго часу, пакуль кожны арышт закранае вас асабіста, вы не палітык, бо палітыка — гэта прыняцце рашэнняў без роздумаў аб магчымых ахвярах.

Я сустрэлася з былым прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце. Яна сказала: «Нават калі вы адчуваеце сябе слабой, не кажаце гэтага. Вы павінны сесці за стол з лідарамі з упэўненасцю, што вы таксама лідар, што вы ведаеце, пра што кажаце. Не змяншаць навыкі, якія вы набылі за гэты час».

— Калі вы распавядаеце пра рэпрэсіі ў Беларусі, што вы кажаце?

— Спачатку, калі мы пачыналі выступаць публічна — асабліва перад вялікай аўдыторыяй, такія як нацыянальныя парламенты, — я прыносіла вялікія фатаграфіі. Адна справа пачуць «трыццаць тысяч чалавек затрымана» — лічбы нікога не чапаюць.

Іншая справа ўбачыць фатаграфіі: чалавека, усяго сіняга пасля збіцця за кратамі, на фоне нашых мірных пратэстаў, дэманстрантаў з кветкамі. Я заўсёды імкнуся казаць пра канкрэтных людзей. Напрыклад, пра настаўніцу, маці траіх дзяцей, якая адмовілася фальсіфікаваць вынікі выбараў — і цяпер адбывае 30-дзённы тэрмін у нечалавечых умовах. У камерах няма вады, няма мыла.

Нядаўна мы даведаліся пра яшчэ адзін шакавальны інцыдэнт: некалькі жанчын былі затрыманыя, і іх прымусілі ісці на кукішках да камер. Некаторым з іх было за шэсцьдзесят. Гэта проста прыніжэнне. Гэта зроблена для таго, каб зламаць ваш дух, каб вы нават не думалі працягваць пратэставаць пасля таго, як вас выпусцяць.

Некаторыя людзі спыняюць пратэставаць пасля такога звароту. Але іншыя выходзяць і пытаюцца: «А калі будзе наступная акцыя?» Ніхто з нас не ведае, як бы мы паводзілі сябе ў гэтай сітуацыі.

Таму мы спрабуем прымусіць парламентарыяў і дыпламатаў візуалізаваць усе гэтыя жахі, адчуць іх.

— Як людзі рэагуюць, калі вы гэта апісваеце?

— Ведаеце, з вонкавым спакоем. Спадзяюся, што я іх уразіла да глыбіні душы. Але звонку яны проста працягваюць казаць аб тым, што можна зрабіць.

«Трэба, каб ЕС увёў санкцыі супраць буйных прадпрыемстваў, такіх як «Нафтан», «Беларуськалій» і «Гродна Азот»

— Як вы думаеце, што трэба рабіць цяпер?

— Спіс асоб, да якіх прымяняюцца індывідуальныя санкцыі, павінен быць сур'ёзна пашыраны. На гэты момант санкцыі распаўсюджваюцца толькі на высокапастаўленых чыноўнікаў, якія раней сутыкаліся з санкцыямі і агулам да іх гатовыя. Але людзі рангам ніжэйшыя — дырэктары школ, у якіх былі сфальсіфікаваныя вынікі выбараў, супрацоўнікі МУС, якіх мы змаглі ідэнтыфікаваць, начальнікі турмаў, дырэктары бальніц, якія звальняюць дактароў за выказванні, — яны ніколі раней не сутыкаліся з санкцыямі.

Магчыма, яны робяць усё гэта з-за страху, што дзяржава будзе ціснуць на іх або іх сем'і. Але рызыка таго, што яны патрапяць у гэты санкцыйны спіс і, скажам, не змогуць пахадзіць па крамах у Польшчы ці Літве, можа ўраўнаважыць гэты страх. А ў наступны раз дырэктар бальніцы можа заплюшчыць вочы на палітычныя погляды доктара.

І нам таксама трэба, каб ЕС увёў эканамічныя санкцыі супраць буйных прамысловых прадпрыемстваў, такіх як «Нафтан», «Беларуськалій» і «Гродна Азот». Мы просім спыніць крэдытаваць гэтыя кампаніі, пастаўляць ім сыравіну, купляць у іх прадукцыю. Наша рабочая група падлічыла, што нават калі ўсё спыніцца, у рэжыму будуць рэсурсы, каб пратрымацца яшчэ пару месяцаў.

Памятаеце, як пасля 9 жніўня страйкавалі тысячы рабочых? Іх запалохалі, прымусілі вярнуцца да працы, у некаторых выпадках літаральна дубінкамі. Але цяпер паступова пачынаюць фармавацца страйкавыя камітэты, і людзі прымаюць узважанае рашэнне далучыцца да іх, а не такое імпульсіўнае, як калі яны ўпершыню выйшлі на вуліцу. Так фармуецца грамадства.

«Няма супергероя, няма сусветнага лідара, які пануе над Лукашэнкам»

— Як вы думаеце, колькі чалавек цяпер удзельнічае ў пратэстах?

— Тыя, хто сапраўды далучыўся да вулічных пратэстаў або абвясцілі страйк, складаюць ад дзесяці да пятнаццаці адсоткаў насельніцтва. Некаторыя з іх ужо за кратамі. Ёсць і тыя, каго мы называем партызанамі, і іх дзеянні будуць мець вырашальнае значэнне.

Вывешванне на мосце расцяжкі з надпісам «Пошёл вон! Ты и твой ОМОН!» — гэта аказвае ўплыў, дэмаралізуе дзяржаву і высільвае яе фізічныя рэсурсы. Крок за крокам. У мяне ў галаве заўсёды гучыць голас, што трэба рухацца хутчэй, бо людзі за кратамі, людзі пакутуюць. Але няма супергероя, няма сусветнага лідара, які пануе над Лукашэнкам. Калі тэлефануе Ангела Меркель, ён проста не адказвае. Ён размаўляе толькі з Расіяй і Кітаем.

— Ці былі ў вас кантакты з дыпламатамі ЗША?

— Адна з маіх першых сустрэч была з [намеснікам Дзяржаўнага сакратара Стывенам] Біганам і [намеснікам памочніка дзяржсакратара Джорджам] Кентам. Мы гаварылі ў пасольстве ЗША ў Вільні, і адразу пасля гэтага спадар Біган паехаў у Маскву на сустрэчу з Лаўровым, але з гэтага нічога не выйшла.

Тым не менш відавочна, што сыход Лукашэнкі — гэта пытанне часу, можа быць, года. Пуцін — кемлівы палітык, і ён павінен разумець, што Лукашэнка — палітычны банкрут. Няхай гэта будзе эканамічны ціск ці нешта яшчэ, людзі хутка перастануць яго трываць. Так, людзі стаміліся, і, можа быць, яны перазімуюць спакойна, каб не патрапіць у турму змёрзлымі і мокрымі. Але вясной пратэст зноў успыхне.

— Якія ў вас ёсць даныя аб колькасці затрыманых?

— Трыццаць тысяч чалавек былі затрыманыя. Сто пяцьдзесят шэсць мы называем палітвязнямі, але гэта колькасць пастаянна расце. Паводле маіх звестак, дзесяць чалавек загінулі, забітыя альбо падчас акцый пратэсту, альбо пасля іх. Я ведаю, што ў свеце ідуць войны, гінуць тысячы людзей, так што хтосьці можа падумаць, што дзесяць — не такая ўжо вялікая колькасць. Але гэта дзесяць чалавек, забітых у мірны час, людзей без зброі.

Для нас дзесяць чалавек — гэта шмат. У цяперашні час вядзецца больш за тысячу крымінальных пераследаў за нібыта арганізацыю масавых пратэстаў і да таго падобнае. Увесь свет гаварыў пра нас, пра тое, як яны ганарацца намі, аб жаночай рэвалюцыі, але гэтыя словы не палягчаюць жыццё людзям.

«Мне сказалі, што я павінна выбіраць паміж дзецьмі і турмой»

— Вы маеце кантакт з мужам?

— Так, праз яго адваката. Сяргей сочыць за навінамі і спрабуе ўносіць прапановы, але я бачу, што ягоны пункт гледжання скажоны: ён шэсць месяцаў сядзіць за кратамі і глядзіць усе прапагандысцкія тэлеканалы. Таму ён піша: «Прасіце дапамогі ў ЗША!» Мы зрабілі гэта даўным-даўно. Я распавядаю яму, як справы ў дзяцей. Мы не можам размаўляць аб яго справе.

— Якія абвінавачванні выстаўляюцца супраць яго ў цяперашні час?

— У пяці розных злачынствах! Але ні адно з іх не пацверджана ніякімі доказамі.

— Вы можаце мець зносіны з Марыяй Калеснікавай?

— Толькі праз яе адвакатку, якая не магла трапіць да яе дваццаць дзён. А цяпер у яе канфіскаваныя ўсе кнігі.

Марыя вельмі моцная. Магчыма, яна наш будучы прэзідэнт.

— Магу я спытаць вас, што адбылося незадоўга да вашага ад'езду з Мінска?

— Мне сказалі, што я павінна выбіраць паміж дзецьмі і турмой. Я, вядома, абрала дзяцей. Азіраючыся назад, я разумею, што людзі, якія прапануюць мне гэты выбар, маглі блефаваць. Але я не была гатовая.

Я не магу сказаць вам канкрэтна, што яны сказалі і чым пагражалі мне, але яны вельмі падрабязна распавялі пра тое, што мяне чакае.

— Хто былі гэтыя людзі, якія з вамі размаўлялі?

— Высокапастаўленыя супрацоўнікі праваахоўных органаў.

— І гэта адбывалася проста ў Цэнтрвыбаркаме?

— Так. Там са мной пагаварылі, а потым адвезлі дадому чакаць ад'езду з Мінска. Я прыйшла ў выбаркам а трэцяй гадзіне дня, а ў сем вечара мяне вывелі. Да дзясятай ці адзінаццатай гадзіны ночы я ўжо выязджала з горада. Мае дзеці ўжо былі ў Літве.

— Як доўга вашы дзеці былі ў Вільні да таго часу?

— Месяц. Я вывезла іх з краіны пасля таго, як мне патэлефанавалі і сказалі: «Вам лепш спыніць збіраць подпісы, інакш вас арыштуюць, а вашых дзяцей адправяць у дзіцячы дом, паколькі абодва іх бацькі будуць за кратамі». Я была ў слязах. Прабач, я жанчына, і я была жудасна напалохана, але сябры сказалі: «Мы выдадзім дзецям візы і хутка вывезем іх з краіны». Гэта прымусіла мяне адчуць сябе спакайней.

Калі Сяргея арыштавалі, я засталася адна. Я пазнаёмілася з парай, Аляксандрам і Марыяй Мароз, і мы вельмі зблізіліся. Яны былі са мной на працягу ўсёй кампаніі. Аляксандр дапамог вывезці дзяцей з краіны, ён пакінуў сваю сям'ю, каб паехаць з маімі дзецьмі.

Марыя заставалася са мной да канца — яе затрымалі проста перад выбарамі, каб аказаць на мяне ціск. І калі мне прыйшлося з'ехаць, я папрасіла, каб ёй дазволілі паехаць са мной. Яна, яе дзеці і я паехалі разам. Цяпер мы ўсе жывём у адным доме — яны з дваімі сваімі дзецьмі, двое маіх дзяцей і я. Іх дзецям чатырнаццаць і тры гады, а маім — дзесяць і пяць. Мы вельмі добра ладзім.

— Наколькі ў вас цяпер вялікая каманда?

— У нас ёсць так званая штаб-кватэра Ціханоўскай — гэта васемнаццаць чалавек. Затым ёсць Каардынацыйная рада. Яе кіраўніцтва альбо ў турме, альбо ў Польшчы, таму мы лічым Варшаву сваёй базай.

Мы ведаем, што ўрэшце нам прыйдзецца будаваць дзяржаву зноўку. Эканоміка знаходзіцца ў заняпадзе. Я пачынаю гаварыць з людзьмі аб фінансавай падтрымцы нас у пераходны перыяд і аб інвеставанні ў эканоміку пасля — гэта рабочая група па эканоміцы.

У нас таксама ёсць група, якая працуе над канстытуцыйнай рэформай, і група па правах чалавека. Мы стварылі камітэт у Вільні, які пачынае расследаванне злачынстваў, учыненых у Беларусі — збіванняў і забойстваў людзей падчас пратэстаў. Мы пачынаем з трох спраў, па якіх у нас ёсць усе доказы, уключаючы імёны людзей, якія праводзілі збіццё.

— Не маглі б вы расказаць мне аб трох выпадках, якія вы расследуеце?

— Раскажу аб адным. Гэты чалавек, Максім Харошын, уладальнік кветкавай крамы. Ён дарыў удзельнікам жаночых маршаў кветкі. Аднойчы прыйшлі людзі і збілі яго да такога стану, што ён зусім пасінеў. Нейкім чынам актывістам удалося даставіць яго сюды, у Вільню [для аказання медыцынскай дапамогі].

«Усе мы разумеем, што гэта будзе складана. Краіна да гэтага гатовая»

— Ці скажа Лукашэнка калі-небудзь, што ён гатовы да перамоваў?

— Ёсць шмат варыянтаў. Можа быць, хто-небудзь з яго адміністрацыі апынецца досыць адважным, каб сесці за стол перамоваў з намі. Магчыма, хто-небудзь з яго найбліжэйшага акружэння аддасць Лукашэнку і надзене на яго кайданкі. Магчыма, умяшаецца нейкі трэці бок — можа быць, Расія ці нават Злучаныя Штаты. Беларусы ваююць з усіх сіл, але, як ні дзіўна, у людзей вельмі мала ўлады ў нашай краіне. Хоць — чаму я кажу, што гэта дзіўна? Мы жывём так дваццаць шэсць гадоў.

Фота з тэлеграм-канала Святланы Ціханоўскай

— Што дае яму магчымасць ігнараваць тое, што адбываецца на вуліцах?

— Сіла. У яго няма нічога, акрамя сіл бяспекі. Яны нават неабавязкова лаяльныя да яго. Я думаю, што частка з іх садысты. Мы можам бачыць розніцу падчас пратэстаў: некаторыя спакойна вядуць людзей да аўтазакаў, а некаторыя выкарыстоўваюць дубінкі, цягнуць людзей па тратуары, затым садзяцца на вентыляцыйныя адтуліны машын, каб пераканацца, што людзі ўнутры не могуць дыхаць. Мы думаем, што як толькі ў Лукашэнкі скончацца грошы, яны яму здрадзяць.

Мы мяркуем, што спачатку будуць праведзены перамовы, пажадана з іншымі еўрапейскімі краінамі, якія дзейнічаюць у якасці знешніх назіральнікаў, для забеспячэння празрыстасці. Абодва бакі, магчыма, тры бакі, выкладуць свае ўмовы і прыйдуць да Пагаднення, прызначаць дату новых выбараў і пачнуць падрыхтоўку да іх.

Міністэрствы працягнуць працаваць у штатным рэжыме, каб пазбегнуць хаосу. Палітвязні выйдуць на свабоду, пройдзе выбарчая кампанія, і ў выніку будзе абраны новы лідар, які пачне пераўтварэнне Беларусі. Усе мы разумеем, што гэта будзе складана. Краіна да гэтага гатовая.

У нас ёсць каманда, якая працуе над бачаннем будучыні краіны. Але гэта бачанне можа быць не такім, якім яго ўяўляюць сабе іншыя беларусы. Вось чаму кандыдаты павінны вылучаць свае праграмы. Яны хочуць парлямэнцкую рэспубліку? Прэзідэнцкую? Яны глядзяць больш на захад ці на ўсход? Яны глядзяць на канкрэтную мадэль, напрыклад, Швецыю ці Нідэрланды? Наша бачанне — нейтральная краіна, якая сябруе з усімі.

«Нам спатрэбіцца прэзідэнт, які мае вопыт у эканоміцы, палітыцы, стратэгіі. Гэта відавочна не я»

— Вы сказалі, што не плануеце балатавацца, калі ў Беларусі пройдуць першыя свабодныя выбары.

— Я — не. Мы гаворым аб парламенцкай рэспубліцы або аб парламенцка-прэзідэнцкай сістэме, у якой прэзідэнт адыгрывае цырыманіяльную ролю. Акрамя таго, краіна будзе ў эканамічным лайне, прабачце за маю французскую. Нам спатрэбіцца прэзідэнт, які мае вопыт у эканоміцы, палітыцы, стратэгіі. Я не павінна гэтага казаць, але гэта відавочна не я.

У нас у Беларусі ёсць людзі, у тым ліку сярод палітвязняў, якія вартыя быць на гэтай пасадзе. Людзі зробяць свой выбар. І тады, нават калі справы пойдуць не так, як мы хочам, мы ўсе падзелім адказнасць, таму што гэта быў выбар людзей.

Мы шмат гаворым аб дэмакратыі, але толкам не разумеем, што гэта такое. Калі я ўпершыню прыехала ў Польшчу, у нас было шмат сустрэч з дыпламатамі і палітыкамі, пакуль хтосьці не сказаў: «Вам не трэба так часта сустракацца з партыйнымі лідарамі — вам трэба размаўляць са звычайнымі людзьмі. Менавіта яны будуць аказваць ціск на партыі, якія затым будуць аказваць уплыў у парламенце». Пачакайце, значыць, рашэнні прымаюцца не адным чалавекам? Людзі прымаюць рашэнні? Было адкрыццём, што палітычныя рашэнні не прымаюцца ў аднабаковым парадку.

— То-бок вам параілі звяртацца да звычайных людзей праз СМІ?

— Праз СМІ і праз размовы з беларускай дыяспарай, якая затым пачынае засыпаць сваіх прадстаўнікоў лістамі. Я не ідэалізую еўрапейскія дэмакратыі, але зусім нядаўна, калі мы былі ў Швецыі, гэтыя людзі сказалі нам: «Яны прымушаюць нас насіць маскі, і гэта дыктатура».

Я падумала: «Вядома, яны прымушаюць вас насіць маскі з-за пандэміі. Але вы не ўяўляеце, што такое дыктатура». Гэтыя людзі жывуць сваім жыццём, і яны паняцця не маюць, што існуюць сапраўдныя дыктатуры, дзе не тое, каб вы не маглі сказаць «бу» аб масцы — гэта калі вы не можаце нічога сказаць ні пра што без рызыкі трапіць за гэта ў турму.

— Як пратэсны рух дзейнічае ва ўмовах пандэміі?

— Хіба вы не чулі? У нас у Беларусі няма пандэміі. На самай справе першая хваля COVID-19 у сакавіку дала велізарны штуршок таму, што адбываецца цяпер. Калі ўсе іншыя краіны прымалі меры, зачынялі мяжы, Лукашэнка не зачыняў мяжы, крамы і да таго падобнае. Ён сказаў: «Усё ў парадку». І ведаеш, што? У той час я яго падтрымлівала.

Таму што я разумела, што людзям трэба працаваць, што мы не можам спыніць усю краіну. Але справа ў тым, як ён гэта сказаў. Ён не сказаў: «Рабяты, цяпер цяжкія часы. Давайце разам прыкладзём намаганні». Замест гэтага ён сказаў людзям лячыць вірус гарэлкай. Калі памёр першы чалавек у Беларусі ад COVID-19, Лукашэнка сказаў: «Што ён наогул рабіў на вуліцы? У яго было шмат хвароб, і яму трэба было застацца дома. Гэта яго ўласная віна».

Мы заўсёды ведалі, што ён не паважае людзей, але гэта было сапраўды абуральна.

— Цяпер, калі вам прыйшлося задумацца аб тым, што такое дэмакратыя, як вы яе разумееце?

— Па-першае, гэта павага. Павага да кожнага чалавека ў краіне, да яго правоў, індывідуальнасці, да выбару, які ён робіць. Па-другое, гэта ўдзел кожнага чалавека. Чалавек не проста жыве для сябе, ён нясе адказнасць за рашэнні, якія прымае дзяржава. І чалавек павінен гэта ўсведамляць. Дэмакратыя павінна быць унутры кожнага чалавека. Уявіце, як складана перайсці са стану паслушэнства ў стан разумення таго, што ты адказваеш за сваю краіну. Гэта патрабуе вялікага асобаснага росту. І на гэта можа сысці цэлае пакаленне.

Каментары

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў8

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Муж палітзняволенай журналісткі Слаўнікавай дзякуе Лукашэнку і крытыкуе Ціханоўскую22

Памёр шматгадовы намеснік начальніка міліцыі Салігорска. Яму было 49 гадоў4

22 беларускіх спецыялістаў эвакуявалі з Сірыі2

Расія атакавала Украіну ракетамі: у Кіеве прагрымелі выбухі1

Усіх салдат Асада, якія ўцяклі ў Ірак, аддалі назад новым уладам Сірыі1

Стала вядома пра арышт стэндапера і радыёвядучага Сцяпана Манкевіча3

У Мінску паставілі «чаравікаматы» — што гэта такое і як яны працуюць? 

У Якуцку гарэў ізалятар з вайскоўцамі-дэзерцірамі. Згарэлі пяць чалавек

Страта «Успенскага мяшка»: частка ўкраінскіх вайскоўцаў не змагла выйсці з акружэння

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў8

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў

Галоўнае
Усе навіны →