Грамадства

У «справе Ціханоўскага» змяніўся суддзя. Ці пачнуць справу разглядаць спачатку?

У будынку гомельскага СІЗА ўжо тры месяцы ў закрытым рэжыме праходзіць суд над шасцю палітвязнямі: Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым. Гэтыя месяцы справу разглядаў суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Бакуноў, але 7 верасня Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэнні Бакунова на пасаду старшыні суда Чыгуначнага раёна Гомеля. Па інфармацыі праваабаронцаў, цяпер справу разглядае іншы суддзя — Мікалай Доля.

Вядома, што сваю кар'еру суддзі Доля пачаў у Рэчыцы. У 2011 годзе ён аштрафаваў кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі руху «За свабоду» Пятра Кузняцова (цяпер вядомы як заснавальнік «Сильных новостей») на 20 базавых велічынь за «парушэнні заканадаўства пра друк і іншыя сродкі масавай інфармацыі».

Супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну Кузняцова па дарозе ў Рэчыцу і дагледзелі яе. Там убачылі звыш пяці тысяч улётак «Знаю!» пра снежаньскія падзеі ў Мінску. Суддзя Мікалай Доля пастанавіў, што ўлёткі «Знаю!» з'яўляюцца перыядычным выданнем, якія распаўсюджвалася падчас язды на аўтамашыне. За гэта ён і пакараў Пятра штрафам.

У 2014 годзе Мікалая Долю перавялі з пасады суддзі Рэчыцкага раёна адразу на пасаду суддзі Гомельскага абласнога суда, дзе ён працуе і па гэты дзень. Пяцігадовы тэрмін апошні раз падаўжаўся два гады таму — 3 кастрычніка 2019 года. Цяпер Доля ўваходзіць у калегію Гомельскага абласнога суда па крымінальных справах.

Ці будзе справа разглядацца спачатку?

У адпаведнасці з заканадаўствам, калі суддзя сыходзіць з пасады да заканчэння разгляду справы, то судовы працэс мусіць пачацца спачатку. Згодна з артыкулам 288 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, у выпадку немагчымасці каго-небудзь з суддзяў працягваць удзельнічаць у судовым разглядзе ён замяняецца іншым суддзёй, і разбіральніцтва крымінальнай справы пачынаецца спачатку, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных артыкулам 289 КПК.

Артыкул 289 КПК адсылае нас да сітуацыі, калі разгляд справы праходзіць калегіяльна. Як тлумачыць юрыст «Вясны», фігурантам «справы Ціханоўскага» ставяць у віну цяжкія склады злачынства, адпаведна, справа разглядаецца суддзёй і двума народнымі засядацелямі.

Акрамя гэтага, згодна з заканадаўствам, да калегіяльнага разгляду крымінальнай справы, які патрабуе працяглага часу для судовага разгляду, могуць прыцягвацца запасны суддзя і народны засядацель. Яны прысутнічаюць у зале судовага пасяджэння з пачатку разбору гэтай справы і ў выпадку выбыцця аднаго з суддзяў або народных засядацеляў замяняюць яго. Пры гэтым разгляд справы працягваецца.

Таму калі запасны суддзя ўводзіўся ў працэс першапачаткова і прысутнічаў пры кожным пасяджэнні, то справа будзе разглядацца далей. Калі ж запасны суддзя адсутнічаў хоць бы на адным пасяджэнні, то разгляд крымінальнай справы неабходна пачынаць зноўку.

Як перадала «Свабодзе» Марына Адамовіч словы з ліста мужа, аднаго з фігурантаў справы Мікалая Статкевіча: «Не хвалюйся, «дублёр» быў ад пачатку, прызначэнне на новую пасаду — як узнагарода».

Гэта значыць, што разгляд крымінальнай справы супраць шасці палітвязняў працягнецца. Ці хутка будзе вынесены прысуд, пакуль невядома.

Каментары

Цяпер чытаюць

Брат Колі Лукашэнкі будуе фармацэўтычны комплекс за $10 мільёнаў10

Брат Колі Лукашэнкі будуе фармацэўтычны комплекс за $10 мільёнаў

Усе навіны →
Усе навіны

Папулярны аксэсуар стаў прычынай аварыйнай пасадкі швейцарскага самалёта

Гомель, Лунінец, Лельчыцы і Іўе больш не лічацца радыеактыўнымі7

«Адвакатка падманула маю жонку». Легендарны бубнач з маршаў Аляксей Санчук расказаў, як адседзеў доўгія шэсць гадоў і пра што нельга маўчаць3

Былы рэдактар Nexta Ян Рудзік стаў бацькам. Яны з сям'ёй перабраліся ў Польшчу3

Пад Гроднам знайшлі велізарны грыб памерам з чалавечую галаву ФОТЫ4

Беларус патануў у Свіслачы, зайшоўшы ў ваду па калена

Польскі плывец упершыню ў гісторыі пераплыў Балтыйскае мора. У вадзе ён правёў амаль 55 гадзін1

У Косаве злавілі двух беларусаў, якія нелегальна прыйшлі з Албаніі праз горы

Браканьеры прыдумалі хітрую схему вылаву рыбы на продаж у чарнобыльскай зоне2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат Колі Лукашэнкі будуе фармацэўтычны комплекс за $10 мільёнаў10

Брат Колі Лукашэнкі будуе фармацэўтычны комплекс за $10 мільёнаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць