Меркаванні

«Я ехала і думала: госпадзе, якое спакойнае будзе ў нас некалі жыццё!» Паўліна Скурко распавяла пра спатканне з мужам

Паўліна Скурко, жонка рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко, распавяла ў Facebook пра спатканне з мужам у Магілёве. Прыводзім гэты пост.

Паўліна Скурко з татам у Магілёве. Фота: paulina.babina.1 / Facebook

Магілёў — поўны велічнай годнасці горад.

«Ведаеш, з усіх гарадоў, куды цябе маглі адправіць, Магілёў мне падабаецца больш за ўсё».

«Мне таксама», — кажа Андрэй.

Першую хвіліну смяёмся ад шчасця.

Тыдзень таму бачыла Андрэя ў Магілёве. Гэта было наша другое з двух дазволеных пасля суду спатканняў. Адбылося не без прыгод, будзе што ўспомніць.

Рэч у тым, што паміж прысудам і апеляцыяй чалавеку дазваляюць два спатканні: першае на працягу некалькіх дзён пасля суда, другое — у любы час, пакуль справа не сыдзе на апеляцыю.

І вось мы сустрэліся адразу пасля прысуду.

А потым прайшоў час, прыехалі якраз Андрэевы бацькі ў Мінск, і мы вырашылі запытаць другое спатканне.

Схадзілі з заявамі ў суд (а гэта штораз вялікая прыемнасць, самі разумееце), атрымалі неабходныя подпісы-пячаткі… На Валадарцы ёсць чатыры гадзіны для спатканняў: 9.00, 10.00, 14.00 і 15.00. У прынцыпе, і бацькі, і я маглі б патрапіць да Андрэя ў адзін дзень. Але паколькі дазвол на спатканне дзейнічае тры дні, я — прыдумшчыца — кажу: давайце зробім яму тры дні свята, давайце хадзіць па чалавеку ў дзень!..

Карацей, у аўторак, адразу пасля паходу ў суд, мы адправілі да Андрэя бацьку.

У сераду раніцай пайшла маці. Падае паперу ў акенца для зацвярджэння часу, а ёй кажуць: «А яго ўчора вечарам этапавалі ў Магілёў».

Уф-уф-уф. Нам спатрэбілася трохі часу, каб прыйсці ў сябе.

А потым мы паехалі ў нашу ждановіцкую «Карону», накупілі вялікую-вялікую перадачу, і а 5.20 у чацвер выехалі ў Магілёў. Трэба было да 8 паспець запісацца, каб патрапіць на спатканне сёння ж. Пэўнасці не было. Дазвол наш дзейнічаў апошні дзень.

Я ехала і думала: Госпадзі, якое спакойнае будзе ў нас некалі жыццё!.. І яшчэ: і якія гэта ў нас былі клопаты да 2020-га? Цяпер і не ўспомніць, за што мы ў мінулыя часы перажывалі…

Прыехалі. Паспелі.

Першай да Андрэя пайшла яго мама. Потым яна расказвала, што калі Андрэй пабачыў, куды яго прывялі і хто перад ім, не змог стрымаць слёз. Яму не паведамілі, куды вядуць, ён і не думаў, што мы прыехалі.

Мы з маім татам тым часам мелі паўтары гадзіны і паляцелі ў цэнтр. Я ўпершыню бачыла гэты горад, хоць перад тым многа чытала (найперш Аляксея Бацюкова) — і цяпер была зачараваная ярамі і пагоркамі, густатой праяў жыцця, прыватным сектарам, які ўвесь — адбітак характараў гаспадароў.

Паспела яшчэ паглядзець фрэскі і проста з касцёла святога Станіслава прыехала на спатканне.

Андрэй стрыжаны пад нуль, худы, падцягнуты. Спакойны і вясёлы. Такі як заўжды.

Першыя хвілін дваццаць мы гаварылі пра: рэльеф магілёўскай трасы і Магілёва; тэорыі прарадзімы славян (і Андрэй расказаў, што ёсць тэорыя, нібы славяне — гэта моўная група, а не племя). Я расказвала тое, што нядаўна вычытала пра Змеевы валы і Каменную Магілу — археалагічны запаведнік пад Мелітопалем. Ён расказаў, з якім захапленнем чытае адну з кніжак, што я для яго купляла — «Мая дагістарычная сям’я. Генетычны дэтэктыў». У мяне аж усё заспявала ўнутры.

Такая размова можа падацца дурасцю — маўляў, маючы раз на тры месяцы магчымасць пагаварыць, пагавары пра важнае. Але цяпер думаю, што гэта быў ці не самы важны момант спаткання. Такі сігнал, што ўсё нармальна і ўсё будзе нармальна, калі турма скончыцца. (Усё не будзе так, як было, бо будзе значна лепш, пісаў некалі Андрэй.)

Раскоша звычайнай сямейнай гутаркі.

Я бачыла, што Андрэй супакоіў хваляванне і засяродзіўся, каб гаварыць гэтымі простымі хатнімі інтанацыямі на тэмы кухонных размоў.

Са мной было тое самае. Прыціскаеш трубку да вуха, а ў галаве раіцца: секунды ідуць! Што я хацела спытаць?! Калі я наступны раз яго пабачу? Божа, які прыгожы. Божа, калі гэта скончыцца? Секунды, секунды ідуць!!..

Так, спакойна. (Хто ведае Андрэя, ведае і гэту яго інтанацыю.) Супакоілі адно аднаго позіркамі.

Я адзела на спатканне вязаныя пацеркі — вішанькі на галінцы — якія сястра восенню купіла мне на Андрэеўскім узвозе, у майстрыхі з-пад Кіева. А Андрэй расшпіліў байку і паказаў майку з пінгвінам, якую я падарыла на дзень нараджэння-2021.

Я расказала, што выходзяць мульцікі на яго коміксы, ён узрадаваўся. Абмяркоўвалі падрыхтоўку кніжкі дзіцячых вершаў (дасць Бог, скора яна выйдзе).

Зайшла размова, Андрэй кажа: я вырашыў не пісаць вершы пра няволю, бо гэта ўсё эмоцыі, гэта мінае. Я падумаў, што трэба рабіць тое, што нясе практычную карысць.

Гаварылі пра продкаў. Хацелася б некалі падняць іх судовыя дакументы з 1940-50-х. Андрэй у лісце цудоўна быў пажартаваў пра прысуд, што атрымаў сямейны мінімум (двое прадзедаў і дзед атрымлівалі больш). Але потым успомніў, што бывала і менш — яго прабаба сядзела паўгода. Яе пасадзілі за тое, што кухталямі выгнала з хаты п’янага мясцовага дэпутата, які прыйшоў паздзекавацца.

«…Усе мы старэем», — падагульніў Андрэй у нейкі момант. «А я не старэю», — кажу і страсянула новай прычоскай. «Ты гэта ўвогуле», — кажа ён.

У Магілёве ў бліжэйшыя паўтара месяца будзе маё сэрца.

(Апеляцыя прызначаная на 20 мая, пасля яе Андрэя перавядуць у калонію.)

Няхай святы Станіслаў, яго фрэскавыя чаплі, коні і алені берагуць цябе, мой харошы. Люблю цябе касмічна.

  • Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко знаходзяцца за кратамі з 8 ліпеня 2021 года.
  • 15 сакавіка яны былі асуджаныя да двух з паловай гадоў калоніі праз абсурднае абвінавачванне ў «нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, здзейсненае групай асобаў па папярэдняй змове, у буйным памеры».
  • У красавіку нашаніўцаў перавялі ў СІЗА Магілёва. Яны будуць знаходзіцца там на час разгляду апеляцыі.

Падтрымайце Андрэя і Ягора лістамі:

СТ-4, Магілёў, вул. Крупскай, 99А, 212011.

Скурко Андрэю Генадзевічу,

Марціновічу Ягору Аляксандравічу.

Каментары

Цяпер чытаюць

Бабарыка расказаў, што будзе рабіць далей10

Бабарыка расказаў, што будзе рабіць далей

Усе навіны →
Усе навіны

У Дзень святога Валянціна абрынулася знакамітая Арка закаханых у Італіі1

Малпачка з Японіі расчуліла ўвесь свет сваёй любоўю да плюшавай цацкі ФОТЫ3

«Ну да». Два словы, якія могуць змяніць жыццё беларуса — прынамсі, варта паспрабаваць13

На «Мегатоп» склалі пратакол за надпіс на кедах і пагражаюць «аргвысновамі»12

Тэкст беларускай дыктоўкі ў Варшаве будзе чытаць Зянон Пазняк11

Рубіа: Толькі ЗША змогуць спыніць канфлікт ва Украіне2

«Цяпер адумаўся Макрон». Лукашэнка сказаў, што перадаваў французам меседж ад Пуціна2

«Мегатоп» прадаваў кеды з палітычнай абрэвіятурай — прыбралі праз 30 хвілін пасля паста ў Азаронка19

Маркаў: «Замірыцца» — гэта каварная тактыка Захаду, яны хочуць легалізаваць новыя СМІ пад выглядам канструктыўных14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бабарыка расказаў, што будзе рабіць далей10

Бабарыка расказаў, што будзе рабіць далей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць