Грамадства

«Пасля гэтага адбылося тое, чаго я не чакаў і пра што мяне не папярэджвалі». Бернштэйн — пра свой турэмны досвед

Марк Бернштэйн — папулярызатар рускамоўнай «Вікіпедыі». 24 чэрвеня яму прысудзілі тры гады хатняй «хіміі». Мужчыну абвінавацілі ў «грубым парушэнні грамадскага парадку». У Facebook ён распавёў пра тое, як сядзеў на Валадарцы. Нават калі вы думаеце, што ўжо ўсё пра гэта чулі, расповед вікіпедыста раскрые вам новыя нюансы.

Фота: Сяргей Міхаленка

Бернштэйн піша, што некалі служыў у савецкім будбаце і таму часта жартаваў, што ўжо два гады ў турме адсядзеў, і калі прыйдзецца яшчэ пасядзець — выжыве. І, як кажуць, дажартаваўся.

«Калі сцісла, то ўмовы жыцця на Валадарцы нашмат суровейшыя, чым у будбаце, але затое адносіны паміж людзьмі (уключаючы стаўленне аховы да зняволеных!) адрозніваюцца як міжнародная навуковая канферэнцыя ад зграі малпаў», — піша ён.

Хто сядзіць на Валадарцы?

Юрыдычна амаль усе зняволеныя — падследныя, якія знаходзяцца пад вартай, распавядае Марк Бернштэйн. Частка чакае суда, некаторыя — этапу або даседжваюць арышт па прысудзе.

«Палова кожнай камеры — гэта знакаміты «наркатычны» артыкул 328. Сядзяць, натуральна, «закладчыкі», нізавое звяно, якім «ломіцца» па частцы 4 гэтага артыкула тэрмін ад 10 да 20 гадоў. Мала хто сядзіць па 3 частцы, дзе тэрмін меншы.

Да іх жа прымыкае артыкул 333 частка 2 (ад 5 да 10 гадоў) —атрутныя і моцнадзейныя рэчывы. Пра гэты цуд юрыдычнай думкі я распавяду асобна.

Далей — «палітычныя». Гэта «народны» артыкул 342 частка 1 (мітынгі), як у мяне, — да 3 гадоў. Таксама артыкул 130 (распальванне варожасці), 361 (экстрэмісты) і 368 (абраза Лукашэнкі) — г. зн. рознага роду публічныя выказванні, часцей за ўсё ў сацыяльных сетках, і перапосты. У іх тэрміны большыя, і «хімію» ім, у адрозненне ад 342, звычайна не даюць. Артыкулаў такіх на самай справе шмат, гэта проста больш распаўсюджаныя.

Астатнія — эканамічныя артыкулы (нявыплата падаткаў), крадзяжы, махлярства, хуліганства».

Забойства, згвалтаванне, разбой і падобныя цяжкія артыкулы сустракаюцца рэдка. За ўвесь час Марк бачыў толькі аднаго абвінавачанага ў забойстве.

Што тычыцца сацыяльных слаёў, то там поўны спектр грамадства — ад простага рабацягі да кандыдата навук. Узрост ад 18 да 70, асноўны кантынгент — 30-45.

Марк апісвае, якой ён убачыў 2 красавіка пасля начнога этапу з Акрэсціна «сваю» камеру.

«Я ўбачыў уздоўж сцен два шэрагі трох'ярусных металічных нараў (усяго 13 месцаў), стол з плоскім тэлевізарам, лаўкай насупраць дзвярэй і кучу мужыкоў рознага ўзросту ў майках і трыко. Туалет і рукамыйнік каля дзвярэй, насупраць адна шконка і вешалка з курткамі.

Асабістыя рэчы ў торбах («кешэрах») знаходзяцца пад ніжнімі шконками, абшчак — у асноўным пад сталом.

Плошча камеры прыкладна 20 кв. м, акно закрытае металічнымі жалюзі і кратамі так, што дзённага святла няма, дзве цьмяныя лямпы пад столлю. У гэтым памяшканні зняволеныя знаходзяцца 23 гадзіны на суткі. Гадзіну — прагулка ў маленькім дворыку. Паляць, зразумела, у камеры так, што тым, хто не пераносіць тытунёвы дым, мае спачуванні».

Акрамя прагулкі, зняволеных водзяць у лазню (1 раз на тыдзень), «на кабінеты» — да следчых і адвакатаў і, каму пашанцуе, на спатканні з блізкімі.

Спатканні — часцей за ўсё пасля заканчэння следства і потым яшчэ пасля суда. Бывае яшчэ водзяць у медкабінет, але гэта рэдка (напрыклад, мераць узровень цукру дыябетыкам).

Як прынялі ў камеры

«Заводзяць мужыка — зарослага як барбос, бруднага, стомленага, нявыспанага, у парваных штанах (тры тыдні на Акрэсціна ў «палітычных» камерах плюс начны этап). Тыповы бомж», — так Марк апісвае сваё з'яўленне ў камеры.

«Стандартнае прывітанне (як навучылі дасведчаныя людзі): прывітанне, мяне завуць Марк, артыкул 342, частка 1, ПА ЖЫЦЦІ ЎСЁ РОЎНА.

Што ў дакладнасці азначае гэтая сакраментальная фраза, я так і не ўлавіў, але ў цэлым азначае, што я — звычайны, нармальны (з пункту гледжання крымінальнай этыкі) чалавек. То-бок, не гей, не трансвестыт, не псіх, не педафіл, не гвалтаўнік… Магчыма, спіс не поўны і ёсць яшчэ нейкія грахі, якія не дазваляюць лічыць сябе чалавекам, але яны, верагодна, вельмі рэдкія. Калі ж зняволены адносіцца да адной з такіх катэгорый, то хаваць гэта пры ўваходзе ў камеру настойліва не рэкамендуецца. Калі ў зняволенага псіхічныя адхіленні, то суседзям па камеры варта пра гэта ведаць, каб разумець магчымасці суіснавання. Калі зняволены — гей, трансвестыт і г. д., то згодна з крымінальнай традыцыяй ён адносіцца да ніжэйшай касты, і ўзаемадзеянне з ім павінна быць абмежаванае. Гэтая традыцыя, на жаль, пакуль захоўваецца і на Валадарцы», — піша Марк.

Яму прапанавалі закінуць матрац («вату») з пасцельнай бялізнай на свабодную шконку, паказалі, куды пакласці асабістыя рэчы і верхнюю вопратку.

«Пасля гэтага адбылося тое, чаго я не чакаў і пра што мяне не папярэджвалі: мяне спыталі, у чым я маю патрэбу? І выдалі з абшчаку замест парваных штаноў чыстае трыко, на ногі тэпцікі, новенькія зубную шчотку, пасту, мыла, ручнік, мачалку, станок для галення, крэм для і пасля галення. Выдалі нават новую насавую хустку і шкарпэткі. Калі б я папрасіў, то выдалі б наогул поўны камплект бялізны, адзення і абутку, але я вырашыў, што гэта перабор. У мяне і так слёзы на вочы навярнуліся».

Потым яму распавялі правілы паводзін і гігіены, паказалі, дзе што ляжыць з агульнай маёмасці і прадуктаў і прапанавалі карыстацца без сарамлівасці.

Затым была працэдура знаёмства.

«Хлапчук зварыў чыфір (мацнейшы за звычайную гарбату, але піць цалкам можна), усе сталі ў кола і па чарзе, пачынаючы са старэйшага камеры, прадставіліся (імя, горад, артыкул) і казалі мне «Сардэчна запрашаем!». Кожны адпіваў два маленькія глыткі і перадаваў кружку наступнаму. Да чыфіру на закуску быў салодкі шакалад. Я са свайго боку яшчэ раз прадставіўся і падзякаваў за прыём. На гэтым рытуал уключэння мяне ў калектыў быў завершаны.

Прыкладна гэтак жа (толькі замест «Сардэчна запрашаем!» гучаць добрыя пажаданні і падзякі) выглядае працэдура развітання, калі зэк сыходзіць на суд, дзе яго, верагодна, адпусцяць (як мяне), або на этап».

Якія правілы ў камеры

Марк піша, што за пяць хвілін немагчыма запомніць усе правілы, і ў наступным сукамернікі нагадвалі яму іх — «добразычліва».

«Галоўнае што варта ведаць і разумець:

1. Гігіена і чысціня з'яўляюцца найважнейшым прыярытэтам.

Прыклад: перш чым падысці да абшчака і нешта ўзяць — спаласніце рукі.

2. Старайся не перашкаджаць іншым людзям.

Прыклад: трэба кантраляваць свае дзеянні так, каб перамяшчэнне па камеры было мінімальным. Калі ўсе 13 чалавек будуць бязладна кідацца туды-сюды ў вузкім праходзе пасля пад’ёму або падчас прыёму ежы — будуць праблемы і канфлікты.

3. Агульныя патрэбы маюць прыярытэт перад асабістымі.

Прыклад: калі хтосьці набірае ваду ў тазік для мыцця падлогі, то тваё жаданне памыць шкарпэткі ці пагаліцца пачакае.

У цэлым трэба сказаць, што гэтая арганізацыя жыцця выглядае цалкам разумна і сапраўды скарачае верагоднасць канфліктаў. Тут няма нічога надуманага і бессэнсоўнага, усё рацыянальна, хоць часам рэгуляванне здаецца злёгку празмерным», — піша Бернштэйн.

У розных камерах гэтыя правілы могуць адрознівацца ў дэталях, дзесьці можа наогул не быць абшчака, кожны жыве сваім.

«Але ў такіх умовах абшчак — шчасце, амаль усе гэта разумеюць і імкнуцца максімум аддаваць на абшчак з перадач і «атаварак» (пакупкі ў спецыяльнай краме па замове). Хоць у нас быў адзін мужык, які не карыстаўся абшчаком, жыў, па сутнасці, асобна ў частцы маёмасці і прадуктаў з перадач. Але нават ён, як усе, у каго былі грошы на рахунку, купляў на атаварцы сурвэткі, туалетную паперу і бытавую хімію для прыбірання камеры ў агульнае карыстанне. Мужыка гэтага не асабліва любілі за яго эгаізм, але і не дыскрымінавалі. Хочаш жыць асобна — жыві, тваё права».

Марк першы час аддаваў на абшчак наогул усё і браў па патрэбе. Потым зразумеў, што некаторыя рэчы лепш трымаць у сябе. Напрыклад, чай, які ён любіць, каб потым не лезці ў абшчак і не шукаць яго ў агульным вялікім пакеце з 10 відамі чаю. Гэта можа перашкаджаць іншым.

А вось іншыя прадукты сыходзілі на абшчак цалкам.

У камеры было традыцыяй штодня гатаваць за гадзіну да абеду дадатковы паёк — нарэзаць каўбасу, сыр, сала, цыбулю і часнык, зрабіць салат з гародніны.

«Кожны раз аб'яўлялася, па колькі кавалачкаў чаго менавіта і колькі лыжак салату прыпадае на кожнага, і кожны браў сваю долю».

Акрамя «індывідуаліста», у камеры быў яшчэ і вегетарыянец.

«У камеры яго паважалі і стараліся зрабіць для яго пабольш сыру і салату замест каўбасы і сала».

Вольны час і канфлікты

«У частцы зносін людзі звычайна разбіваюцца на пары, максімум на тройкі — тэхнічна размаўляць больш чым утрох атрымліваецца толькі на прагулцы. Таму ахвотныя пра што-небудзь пагаварыць звычайна садзяцца побач на адну ніжнюю шконку.

Можна таксама пагуляць у шашкі/шахматы/нарды — калі яны ў камеры ёсць».

Любыя ж канфлікты, піша Марк, гасіліся імгненна — яшчэ на стадыі пераходу дыскусіі ў спрэчку на павышаных тонах.

«Любыя прэтэнзіі (прад'явы) чуе ўся камера і ў выпадку чаго хутка тлумачыць таму, хто не мае рацыі, што ён яе не мае. Апошняе слова па ўнутрыкамерных пытаннях — за старэйшым камеры. Гэта вельмі важная постаць. Яго аўтарытэт прызнаецца ўсімі, а пачаткоўцу, які надумае не падпарадкавацца, свеціць хутка вылецець у іншую камеру. Усе пытанні з аховай вырашаюцца праз старэйшага, самастойна выказваць прэтэнзіі і што-небудзь патрабаваць не варта. Калі трэба напісаць заяву (напрыклад, на стаматолага або рэнтген), то старэйшаму варта як мінімум паведаміць».

Калі старэйшы сыходзіць з камеры дадому або на этап, ён вырашае пытанне з заменай. Можа асабіста прыняць рашэнне, парадзіўшыся з найбольш аўтарытэтнымі сукамернікамі або дэмакратычна. У камеры Бернштэйна практыкаваліся два апошнія варыянты.

«У цэлым зэкі нібыта кожны сам за сябе і кожны сам па сабе, але сацыяльнае ўхваленне і незадавальненне, калі ты 24/7 знаходзішся ў вельмі цеснай прасторы з аднымі і тымі ж людзьмі, мае значэнне на парадак большае, чым на волі», — піша Марк.

Каментары

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Галоўнае
Усе навіны →