Катавальня ў падвале паліцэйскага ўчастка, дзе расійскія вайскоўцы ўтрымлівалі палонных у Ізюме. 22 верасня 2022 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP / Scanpix / LETA
Журналісты пабывалі ў Ізюме пасля яго вызвалення. Яны ўстанавілі месцазнаходжанне 10 расійскіх катавальняў і наведалі пяць з іх. Сярод іх былі глыбокая яма ў жылым комплексе з надрапанымі датамі на цаглянай сцяне, золкая падвальная турма, якая пахла мачой і пратухлай ежай, а таксама будынак медыцынскай клінікі, аддзяленне паліцыі і дзіцячы сад.
Журналісты AP пагаварылі з 15 людзьмі, якія перажылі катаванні, і дзвюма сем'ямі, чые сваякі так і не вярнуліся з расійскага палону. З гэтых гутарак высветлілася, што як мінімум восем чалавек памерлі ў расійскім палоне. Сямёра з іх не мелі дачынення да Узброеных сілаў Украіны.
Акрамя гэтага, журналісты пабывалі на месцы масавага пахавання ў лесе, аднаго з трох выяўленых пасля адступлення расійскага войска. Там былі пахаваныя людзі са звязанымі рукамі. Не менш за 30 целаў з тых, што былі нядаўна эксгумаваныя, мелі відавочныя сляды катаванняў, піша AP са спасылкай на Харкаўскую пракуратуру. Журналісты таксама ўбачылі сотні спехам пазбіваных драўляных крыжоў, у большасці сваёй безыменных. На адным з іх было напісана, што тут пахаваныя 17 украінскіх салдат.
Лекар, які лячыў параненых падчас расійскай акупацыі, расказаў AP, што да яго рэгулярна прыходзілі людзі з відавочнымі слядамі катаванняў, уключаючы агнястрэльныя раненні кісцяў і стопаў, пераломы і апёкі, але ніхто не хацеў тлумачыць паходжанне гэтых траўмаў. «Нават калі людзі і прыходзілі ў бальніцу — маўчанне было нормай», — распавёў лекар Юрый Кузняцоў.
AP паразмаўляла з 26-гадовым Андрэем Коцарам, вайскоўцам УСУ, якога журналісты ўбачылі ў Ізюмскім манастыры ў гонар Пясчанскай іконы Божай Маці. Ён распавёў, што не паспеў і месяца праслужыць у войску, як пачалося ўварванне. У сакавіку яго схапілі першы раз. Тады расійскія вайскоўцы звязалі яго і кінулі ў траншэю, дзе ён правёў некалькі дзён. Затым яго пачалі збіваць: білі рукамі, нагамі і малатком па каленях. Паколькі ён не мог даць ніякай інфармацыі, яго адпусцілі, папярэдне забраўшы пашпарт і вайсковы білет. «Ты нікому не патрэбен. Мы можам у любы момант цябе застрэліць і закапаць на паўметра пад зямлю», — сказаў адзін з расійскіх вайскоўцаў.
Андрэй Коцар, вайсковец УСУ, якога расійскія жаўнеры катавалі ў Ізюме. 21 верасня 2022 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP / Scanpix / LETA
Пасля вызвалення Коцар вырашыў схавацца ў манастыры. Праз некалькі дзён ён паспрабаваў сысці ў іншае сховішча, але па дарозе яго затрымаў расійскі патруль. У палоне яго трымалі тыдзень. «Яны выкарыстоўвалі, я дакладна не ведаю, нешта накшталт жалезных, можа шкляных стрыжняў, спальвалі скуру патрошкі», — распавёў украінскі вайсковец.
У ліпені Коцара затрымалі трэці раз. Яго ўтрымлівалі ў гаражах побач з мясцовай клінікай і зноў катавалі, у тым ліку з выкарыстаннем току. У палоне ён правёў некалькі тыдняў, пасля чаго яго зноў адпусцілі.
У катавальнай камеры, дзе здзекаваліся з Андрэя Коцара, таксама пабываў 38-гадовы Мікалай Масякін. Ён паступіў на службу ў армію ўжо пасля пачатку расійскага ўварвання.
Першы раз Масякіна затрымалі вясной. Яго кінулі ў яму са стаялай вадой, надзелі кайданкі і падвесілі за іх. «Яны білі мяне палкамі. Яны білі мяне рукамі, яны білі нагамі, тушылі аб мяне цыгарэты, падпальвалі запалкамі. Аднойчы яны сказалі: «Танцуй», але я не стаў — тады яны прастрэлілі мне нагу», — распавёў былы палонны. Праз некалькі дзён яго высадзілі ля лякарні, запатрабаваўшы, каб ён казаў лекарам, што трапіў у аварыю.
Неўзабаве Масякіна зноў затрымалі і даставілі ў будынак школы № 2, дзе яго збівалі разам з іншымі зняволенымі. Па звестках AP, мінімум двое мірных жыхароў загінулі ў гэтай школе. Пазней Масякіна адпусцілі, але праз некалькі дзён схапілі зноў. Гэтым разам яго змясцілі ў гараж недалёка ад клінікі. Разам з ім трымалі больш за 12 чалавек.
Масякін распавёў, што побач з клінікай было чатыры гаражы: у двух утрымлівалі мужчын, у адным — жанчын, а ў самым вялікім — з акном — жылі расійскія вайскоўцы. Масякін і Кацар распавялі журналістам, што па начах чулі крыкі з гаража, дзе знаходзіліся жанчыны. AP піша, спасылаючыся на ўкраінскую выведку, што жанчыны рэгулярна падвяргаліся сэксуальнаму гвалту.
Па словах Масякіна, у клініцы было абсталявана не менш за дзве катоўні: адна для катаванняў токам, іншая для катаванняў вадой. Ён прайшоў праз абедзве. Там жа ён бачыў, як расійскія салдаты выносілі целы забітых.
Людміла Шабельнік, маці забітага ў Ізюме Івана Шабельніка. 25 верасня 2022 года. 25 верасня 2022 года. Фота: Evgeniy Maloletka / AP / Scanpix / LETA
Аб перажытых катаваннях журналістам на ўмовах ананімнасці расказалі яшчэ тры чалавекі. Адкрыта пагаварыць з AP пагадзілася сям'я загінулага Івана Шабельніка — ягонае цела разам з двума іншымі было знойдзена ў сярэдзіне жніўня ў лесе.
Апошні раз Шабельніка бачылі 23 сакавіка, калі ён з сябрам пайшоў у лес па шышкі для распальвання самавара. Пазней адзін з былых палонных распавёў сям'і Шабельніка, што Івана спачатку катавалі ў падвале суседняга дома, а пазней перавезлі ў школу № 2.
Забітага Івана Шабельніка апазналі па куртцы. Ягоны твар быў знявечаны да непазнавальнасці, рэбры зламаныя, а рукі прастрэленыя. Сястра адвяла журналістаў да яго магілы. «Яны катавалі мірных жыхароў проста па жаданні. Для гэтага ёсць толькі адно слова — генацыд», — сказала яна.