Алена Ганабчыкава — адна з каардынатарак каманды службы псіхасацыяльнай дапамогі. Фота: Seznam Zprávy

Алена Ганабчыкава — адна з каардынатарак каманды службы псіхасацыяльнай дапамогі. Фота: Seznam Zprávy

Каманда навучаных спецыялістаў фармавалася ва Універсітэцкай бальніцы Святой Ганны ў Брно два гады і з мая працуе напоўніцу. 

Псіхалагічная дапамога, якую аказваюць удзельнікі, мае два асноўныя напрамкі.

У адным кансультанты дапамагаюць блізкім пацярпелага — у выпадку раптоўнай смерці або пагаршэння стану пацыента. Таксама яны дапамагаюць самім пацыентам, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю і не здольныя думаць рацыянальна.

Другі напрамак — гэта псіхалагічная дапамога самім медыцынскім работнікам. Паколькі псіхалагічныя кансультанты працуюць з імі ў адным асяроддзі, яны могуць лепш разумець праблемы сваіх калег.

Да працы ў групах падтрымкі Алену Ганабчыкаву прывяла цікавасць да псіхалогіі. Па парадзе лектараў яна прайшла абодва курсы: і той, што вучыць, як дапамагаць персаналу, і той, які вучыць, як размаўляць з блізкімі пацыента.

Навучанне

Падчас навучання будучыя кансультанты збіраліся групамі і рэпетыравалі сітуацыі: напрыклад, памерлае дзіця ці праца з вінаватым у ДТЗ. Лектары вучылі, як трэба дзейнічаць. Што рабіць з чалавекам, які плача. Што рабіць з чалавекам, які раззлаваўся. Што рабіць з чалавекам, які адмаўляецца прыняць сітуацыю.

«Тэставаныя сітуацыі часта былі складаныя. Не было дня, каб мы не плакалі, нам часта нагадвалі пра рэальныя выпадкі, пра нашы ўласныя праблемы», — кажа Алена.

Нехта выконваў ролю пасярэдніка, нехта ахвяры, а нехта быў назіральнікам. «Я тады падумала, што добра паспрабаваць сябе ў ролі чалавека, якога кансультуюць, таму што тады ты сам бачыш, якая фраза добрая, — кажа Алена. — З іншага боку, ты адразу адчуваеш, што чалавеку, у чыё жыццё ўмешваецца чужы, можа быць няёмка, асабліва калі гэта датычыць асабістага».

Усе ўдзельнікі групы падтрымкі — найперш звычайныя медыцынскія работнікі на сваіх працоўных месцах. Так, Алена Ганобчыкава — найперш фельчарка з аддзялення метабалічнай інтэнсіўнай тэрапіі. Яе калегі працуюць медсёстрамі ці фельчарамі ў машынах хуткай дапамогі ці ў рэанімацыях. Адзін чалавек з каманды — лекар. Усе яны займаюцца псіхалагічнай дапамогай дадаткова да сваіх абавязкаў — галоўным чынам у вольны час.

Як працуюць псіхалагічныя кансультанты

У асноўным людзі з каманды дапамагаюць падчас раптоўнай смерці і паведамляюць пра дрэнныя дыягназы. Псіхалагічная дапамога прызначаная для ўсіх, хто праяўляе вострую стрэсавую рэакцыю.

У адным з выпадкаў у прыёмны пакой прывезлі жанчыну, якая стала ахвярай злачынства, а злачынец ляжаў на суседнім ложку. Размовы павінны былі дапамагчы ёй перажыць тое, што адбылося, а таксама тое, што злачынец знаходзіцца побач.

«Я праводзіла некалькі кароткіх кансультацый па тэлефоне. Нядаўна ў мяне была размова з чалавекам, сын якога пакутаваў ад цяжкай формы шызафрэніі і наносіў сабе шкоду. Не тое, каб гэты чалавек быў злы на сына, ён проста быў у роспачы, бо хадзіў з сынам да псіхіятраў, бачыў, што той прымае лекі, але ўсё адно не мог прадухіліць гэтых пашкоджанняў. Я спрабавала яму растлумачыць, што вінаваты не ён і не ягоны сын, а хвароба. Я таксама сказала яму паспрабаваць засяродзіцца на сабе і адпачыць, пакуль ягоны сын у шпіталі некалькі тыдняў», — распавядае Алена.

Па яе словах, кансультаваць па тэлефоне больш складана, бо ты не бачыш людзей. Ужывую лепш, можна лепш рэагаваць. Бо ў размове таксама важная невербальная камунікацыя, якая паказвае, напрыклад, праз зрокавы кантакт, што ты слухаеш чалавека і разумееш. Па тэлефоне суразмоўцы не бачаць мовы цела. «Калі жанчына плача, а я гэтага не чую — я не ведаю, што яна плача».

У сярэднім кансультацыі доўжацца 2-3 гадзіны, але ў розных выпадках могуць быць ад некалькіх дзясяткаў хвілін да васьмі гадзін. Гэта залежыць ад таго, як пачуваюцца кансультант і чалавек, якога кансультуюць. Фельчар можа спыніць размову і выклікаць на замену калегу.

У ідэальным выпадку пасля размовы кліент здольны стабілізавацца і пайсці дадому разам з блізкім чалавекам. Калі кансультанты прыходзяць да высновы, што чалавеку патрэбная далейшая дапамога, яны раяць наведаць псіхолага ці звярнуцца на лінію падтрымкі.

Людзі, якім дапамагаюць, «шчаслівыя, што побач з імі нехта ёсць»

Алена кажа, што часта людзі, якім дапамагаюць кансультанты, шчаслівыя, што побач з імі апынаецца хтосьці, хто можа ім растлумачыць, што адбываецца. «Уявіце, што вы апынуліся ў аддзяленні неадкладнай дапамогі ў якасці сваяка параненага ці хворага чалавека. Вас пасадзілі там, і вы зусім адныя. Вы не ведаеце, што адбываецца, вы не ведаеце, чаму гэта адбываецца. Прыйдзе лекар, нешта скажа, вы можаце і паловы не зразумець — настолькі вы напружаныя. Потым вы прыходзіце да сваяка. Вы не разумееце, што робяць усе гэтыя медыцынскія прылады, чаму вакол чалавека так шмат шлангаў, чаму ён выглядае менавіта так».

Вось чаму гэтыя людзі радыя, што ёсць нехта, хто іх суправаджае і тлумачыць незразумелае, паўтарае ім інфармацыю лекара — перакладае яе на «чалавечую мову».

Алена зважае, што часта дактары былі б радыя пагаварыць са сваякамі, але, на жаль, у іх не заўсёды ёсць на гэта час і ўмовы, таму праца кансультантаў такая важная.

Як размаўляць з людзьмі, якія ў цяжкай сітуацыі

Па словах Алены, трэба быць «на крок за чалавекам». Няхай ён вырашае, што адбываецца. «Калі ён хоча пагаварыць, я размаўляю з ім. Калі ён хоча ціха сядзець і плакаць, я дазваляю яму плакаць. Калі ён пытаецца, што адбываецца, я спрабую праўдзіва растлумачыць. Калі ён хоча праклясці ўвесь свет, я падтрымліваю яго ў гэтым. «Вядома, праклінайце, вядома, ёсць чаго гневацца». Няхай ён выліе гэты гнеў. «Я б таксама на вашым месцы гневалася. Не саромейцеся выказваць гэта, не саромейцеся нават мацюкоў». Калі чалавеку так лягчэй, чаму не?

Аднак да пацыентаў, якія пачынаюць ламаць мэблю ці лаюць лякарню і персанал, кансультанты не далучаюцца — наадварот, спрабуюць выразна растлумачыць, што гэта недапушчальна, і супакоіць.

Алена зважае: у выпадку, калі чалавек перажывае стрэсавую рэакцыю, нельга сказаць, што канкрэтныя фразы, словы ці методыкі абавязкова дапамогуць. Аднак раіць у першую чаргу праявіць цікавасць да чалавека, спытаць, ці не трэба яму што-небудзь. У ідэале прапаноўваць канкрэтнае, а не абяцаць немагчымае. Я магу для вас купіць тое, што вам неабходна. Я магу з вамі пагаварыць. Я магу паглядзець дзяцей, каб вы адпачылі.

Трэба заахвочваць надзею, але не даваць ілжывай надзеі. Ніякіх «Вядома, ён паправіцца» ці «Тут выдатныя лекары, яны яго абавязкова выратуюць». Калі ў гэтым няма пэўнасці, то не варта абяцаць тое, пра што невядома. Такія знаёмыя фразы, як «Усё будзе добра», «Ён перажыве гэта», «Не плач, у цябе дома іншыя дзеці», — фразы, якія апашляюць пачуцці і думкі. Яны контрпрадукцыйныя, імі той, хто хоча дапамагчы, дапаможа толькі сабе.

На думку Алены, часта людзі проста хочуць выліць свае эмоцыі, думкі, таму трэба даць ім выказацца і не рабіць выгляду, быццам адбываецца штосьці банальнае. Важна проста задаваць пытанні і слухаць.

Розныя рэакцыі на стрэс

Удзельнікі групы падтрымкі вылучаюць два тыпы рэакцыі на стрэс: актыўную, калі чалавек плача, злуе, лаецца, і пасіўную — яна ўзнікае рэдка. Тады чалавек проста сядзіць і маўчыць у здранцвенні, глядзіць у адно месца. Алена называе гэта «тунэль».

Яна кажа, што яшчэ не сутыкалася з такой сітуацыяй, але іх вучылі, што трэба быць побач з такім чалавекам, часам тонка нагадваючы, што вы побач, калі ён захоча пагаварыць. Калі вы бачыце, што ён дрыжыць ад холаду, — трэба накінуць на яго коўдру. Калі вы ведаеце, што ён сядзіць нерухома ўжо дзве гадзіны, — прапанаваць яму шклянку вады, можа, паціснуць руку. І трэба чакаць, чакаць, пакуль ён выберацца з гэтага «тунэля».

Дапамога медыцынскім работнікам

Часам медыцынскія работнікі самі звяртаюцца па дапамогу або ім прапануюць калегі, калі ведаюць, што ў шпіталі адбылася надзвычайная сітуацыя. Яны ладзяць з супрацоўнікам індывідуальную сустрэчу, падчас якой могуць прысесці на гадзіну і пагаварыць сам-насам.

Часцей за ўсё, кажа Алена, чалавек распавядае пра асабістыя перажыванні, за якімі ідуць псіхасаматычныя праблемы, што замінаюць выкананню працы. «Мы ўсяго толькі людзі. Мы не можам забыцца пра ўсе праблемы, якія ў нас ёсць дома, калі ідзём на працу», — кажа яна.

Лекараў абавязвае канфідэнцыйнасць, і такія прыватныя адносіны не мусяць замінаць працоўным, па словах Алены, супрацоўніцтва разгортваецца ў звычайным рэжыме. Або, як расказвае фельчарка, у выпадку сустрэчы яна вітаецца са сваім суразмоўцам і, калі дазваляе сітуацыя, асцярожна пытае, як ён пачуваецца.

Пры гэтым Алена прызнае, што такая дапамога медыцынскім работнікам — усё ж досыць новая з'ява ў іх шпіталі. Ёсць і тыя работнікі, хто не гатовыя адкрывацца чалавеку, «якога штодзень сустракаюць у сталовай». З другога боку, адзначае Алена, шмат для каго з лекараў важна пагаварыць менавіта з кімсьці, хто непасрэдна ведае пра падзеі і стан рэчаў у лякарні.

Клас
36
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
8
Абуральна
7