У мінскім парку Горкага адкрылася новая дзіцячая лакацыя. І назвалі яе «Лукамор'е»
Лакацыя навеяная матывамі славянскіх казак і карыстаецца вялікай папулярнасцю.

Новая дзіцячая пляцоўка пад назвай «Лукамор'е» з'явілася ў мінскім парку Горкага. Як вынікае з назвы, тут размясцілі некалькі казачных персанажаў, якія сталі звёнамі інтэрактыўнага квэсту для малых, як піша Tochka.by.

Дарэчы, адкрыць своеасаблівы атракцыён абяцалі да свята 3 ліпеня. Але ці то Кашчэй ніяк не мог прыдумаць загадкі, ці то ў Змея Гарынавіча не адраслі адсечаныя асілкам галовы, бо людзей сустракаў толькі замак на варотах. А ахвотнікаў зазірнуць за плот было шмат.

Па пляцоўцы водзіць і тлумачыць заданні аніматар у касцюме кікімары. Задачкі не вельмі складаныя, але бацькам дазваляюць дапамагаць дзецям.


Напрыклад, хатка на курыных лапках умее круціцца, дрэва расплюшчвае вочы і размаўляе, а Змей Гарынавіч — галоўная фішка лакацыі — нават выпускае клубы пары.

Калі камусьці цана 10 рублёў падасца занадта высокай, спяшаемся ўзрадаваць: за паспяховае праходжанне квэсту дзецям выдаюць па адным купоне са зніжкай 50% на наведванне любога іншага атракцыёна ў парку.

«Лукамор'е» працуе па графіку:
- пятніца і субота — з 10:30 да 20:30,
- серада, чацвер і нядзеля — з 10:30 да 19:30,
- выхадныя — панядзелак і аўторак.
Каментары