«Чакаць мужа можна па-рознаму». Расійскія ўлады прыдумалі «правільных жонак», якія топяць за вайну насуперак «Шляху дадому»
Незадаволенасць жонак і сваякоў мабілізаваных вылілася ў самы яркі антываенны пратэст у Расіі з пачатку вайны. Рух «Шлях дадому» ператварыўся ў галоўную ўнутраную праблему расійскіх уладаў. Таму супраць сваякоў мабілізаваных цяпер працуе прапаганда, а самім мабілізаваным пагражае ФСБ. Але таксама для супрацьстаяння незадаволеным улады выставілі сваіх, «правільных» жонак і сваякоў — яны працуюць у тыле, падтрымліваюць вайну і Пуціна, а таксама пагражаюць «калектыўнаму Захаду». Выданне «Холод» расказала пра расійскія праваенныя жаночыя рухі, якія на словах гатовыя адправіць ва Украіну нават уласных дзяцей.
«Кацюшы» супраць
Галоўнымі публічнымі апанентамі «Шляху дадому» стаў жаночы патрыятычны рух «Кацюша», удзельніцы якога падтрымліваюць расійскае войска і называюць сябе дочкамі афіцэраў. Медыйная актыўнасць «Кацюшы» супала з ростам папулярнасці і цікавасці да «Шляху дадому».
У лістападзе ў сваім тэлеграм-канале праваенныя актывісткі апублікавалі відэа, на якім жанчыны з розных гарадоў угаворваюць жонак і сваячак мабілізаваных «не паддавацца на правакацыі» і не пратэставаць. У апісанні да роліка гаворыцца, што «збеглыя экстрэмісты» і «заходнія спецслужбы» рукамі жонак вайскоўцаў падрываюць давер да ўлады і «настойліва штурхаюць іх на злачынства».
Удзельніцы праваеннага руху сцвярджаюць, што яны падтрымліваюць Уладзіміра Пуціна. Іх вобраз «правільных жонак» актыўна выкарыстоўвалі ў сваіх выпусках і матэрыялах прапагандысцкія федэральныя і рэгіянальныя СМІ.
У дачыненні да праціўнікаў вайны «Кацюшы» выкарыстоўваюць класічныя антызаходнія прыёмы расійскай прапаганды: напрыклад, у жніўні 2022 года яны адправілі лідарам краін Еўрасаюза дзесяць медалёў «за адраджэнне фашызму».
У руху актыўна ўдзельнічаюць каля 15 расіянак і жыхарак анексаваных тэрыторый Украіны. Часцей за ўсё ў прапагандысцкіх СМІ выступаюць Валянціна Бельчанка з Белгарада, Анастасія Грыдасава, якая пераехала з Горлаўкі ў Севастопаль, і прэс-сакратарка «Кацюшы» Кацярына Абразцова.
Старонкі амаль усіх актыўных удзельніц руху ў сацсетках зачыненыя. Ці з'яўляюцца яны рэальнымі сваячкамі вайскоўцаў, «Холоду» высветліць не ўдалося. Старонкі бацькоў удзельніц «Кацюшы» ніяк не сведчаць пра тое, што актывісткі руху — члены сем'яў вайскоўцаў.
Інфармацыі пра фінансаванне «Кацюшы» ў адкрытых крыніцах няма. Арганізацыя імкнецца рабіць выгляд, што існуе на ахвяраванні расійцаў. Зборам данатаў займаецца, напрыклад, 20-гадовая жыхарка Севастопаля Даніэла Пласкіна. Афіцыйная мэта збораў — дапамога расійскім вайскоўцам, збор таксама ідзе ў пабліках у «ВКонтакте» і ў тэлеграме.
Адной з крыніц фінансавання руху выступае Інстытут развіцця інтэрнэту (ІРІ) — адна з галоўных расійскіх арганізацый, якія адказваюць за размеркаванне дзяржаўных сродкаў на вытворчасць «патрыятычнага» кантэнту. «Кацюша» атрымлівае фінансаванне ІРІ на вытворчасць прапагандысцкіх «дакументальных» фільмаў: з моманту стварэння пабліка ў ім рэгулярна выходзяць інтэрв'ю з вайскоўцамі і валанцёрамі, якія дапамагаюць расійскай арміі на акупаваных тэрыторыях Украіны.
Акрамя «Шляху дадому», пад прэс з боку «Кацюшы» трапляла іншая арганізацыя — «Рада маці і жонак», якая таксама спрабавала дамагчыся сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, аднак пазней была прызнаная «замежным агентам» і летам 2023 года спыніла сваю дзейнасць.
Z-дэфіле
У пачатку 2023 года «Адзіная Расія» запусціла праект «Жаночы рух». Яго ўзначалілі дэпутатка Дзярждумы Наталля Палуянава, сенатаркі Дар'я Лантратава (ад самаабвешчанай «ЛНР») і Галіна Карэлава (ад Варонежскай вобласці).
У апісанні руху гаворыцца, што «працяглая барацьба жанчын за раўнапраўе прывяла да пэўных зменаў грамадскай свядомасці ў поглядах на сацыяльна-палітычную ролю жанчыны, але, нягледзячы на гэта, фактычнае раўнапраўе да гэтага часу не дасягнута». Гэта значыць, «Жаночы рух» пазіцыянуе сябе як праект па абароне і пашырэнню правоў жанчын.
Удзельніцы праекта актыўна падтрымліваюць вайну ва Украіне і жадаюць сем'ям вайскоўцаў «цярпення і мудрасці». У пастах руху распавядаецца пра жанчын, якія плятуць маскіровачныя сеткі, збіраюць гуманітарную і вайсковую дапамогу расійскім вайскоўцам.
Праект «Адзінай Расіі» разлічаны на рэгіёны, за што яго актыўна хваляць і прасоўваюць губернатары. Напрыклад, у снежні ў Ханты-Мансійску прайшло дэфіле пад назвай «Чакаю. Кахаю. Югра». Жонак, дачок і маці расійскіх вайскоўцаў апранулі ў дызайнерскае адзенне ў стылі мілітары, у тым ліку з Z-нашыўкамі.
Фінансаванне руху з высокай доляй верагоднасці робіцца з партыйнага бюджэту — на сайце «Адзінай Расіі» для «Жаночага руху» ёсць цэлы раздзел, у якім удзельніцы даюць справаздачу аб праведзенай працы.
«Павучкі-чараўніцы»
Недастатковае камплектаванне расійскай арміі справакавала сапраўдны бум патрыятычных рухаў, якія імкнуцца на валанцёрскіх пачатках дапамагаць салдатам. Сярод іх — супольнасці, якія плятуць маскіровачныя сеткі для вайскоўцаў. Ва «ВКонтакте» можна знайсці больш за 200 паблік, прысвечаных пляценню сетак. Большасць удзельніц супольнасцяў — жанчыны.
Адзінага кіраўніцтва ў гэтых супольнасцяў няма: яны раскіданыя па ўсёй краіне і прадстаўленыя амаль у кожным рэгіёне.
Адна з такіх супольнасцяў у жніўні 2023 года напісала данос на жыхарку Краснадара Алену Кукушкіну і яе дачку Вольгу Гаўрыну. Яны падышлі да жанчын, якія спрабавалі выгнаць падлеткаў, якія гулялі ў баскетбол, каб плесці маскіровачныя сеткі на дзіцячай пляцоўцы. Алена і Вольга папрасілі суседак даць дзецям месца для гульняў. У адказ тыя сказалі, што іх мужы і сыны ваююць і што 14-гадовыя падлеткі таксама могуць адправіцца на фронт.
Жанчыны, якія прыйшлі плесці маскіровачныя сеткі на пляцоўку, аказаліся ўдзельніцамі валанцёрскай ініцыятывы «Бумеранг дабра». У чаце, дзе яны называлі сябе «павучкамі-чараўніцамі», яны распаўсюдзілі відэа канфлікту і папрасілі максімальнай агалоскі на ўсю краіну.
Актывісты Руху абвінавацілі суседзяў у тым, што тыя нібыта сімпатызуюць Украіне, і назвалі іх «бандэраўкамі». Пасля выкладання ў агульны доступ спасылкі на старонку Вольгі Гаўрынай і яе нумара тэлефона прыхільнікі вайны пакінулі на яе сцяне некалькі сотняў каментароў з праклёнамі. Невядомыя тэлефанавалі ёй і пагражалі забойствам, звальненнем, згвалтаваннем, абезгалоўліваннем і нават «кувалдаваннем».
У выніку супраць Алены Кукушкінай завялі адміністрацыйную справу па артыкуле аб дыскрэдытацыі арміі, а рэакцыі на шматлікія пагрозы і абразы ў яе адрас з боку праваахоўных органаў так і не было.
Ціск на праціўнікаў бестэрміновай мабілізацыі ў Расіі ў найбліжэйшы час, верагодна, будзе толькі нарастаць. Прадстаўнікі «Шляху дадому» нядаўна расказалі, што расійскія ўлады цяпер ціснуць не на жонак, а на саміх мабілізаваных: да іх прыходзяць прадстаўнікі ФСБ, пагражаюць і патрабуюць, каб іх жонкі і сваякі перасталі пратэставаць.
«Ідзіце на фронт самі і памрыце самі». «Шлях дадому» апублікаваў зварот мабілізаванага да Пуціна
«Я губляю маладосць, нашыя мужыкі губляюць жыцці». Жонкі расійскіх мабілізаваных надзяваюць белыя хусткі і працягваюць пратэсты
Тэлеграм-канал жонак мабілізаваных атрымаў плашку Fake пасля атакі прапагандыста Салаўёва і праўладнага сумнавядомага юрыста
«Нас на*балі і вас на*буць». Жонкі мабілізаваных РФ апублікавалі жорсткую петыцыю. Але ёсць нюанс
Каментары
https://www.svaboda.org/a/26572912.html