У памежных чатах пішуць, што «Кузніцу» на беларуска-польскай мяжы адкрываюць 1 лютага. А што насамрэч?
Д'ябал, як кажуць, хаваецца ў фоташопе.
Сёння ў рэдакцыю «Аўтагродна» прыходзяць паведамленні і «фотадоказы» таго, што з 1 лютага польскі бок аднаўляе працу пункта пропуску «Кузніца». У якасці доказаў карыстальнікі дасылаюць скрыншот заявы «Стражы гранічнай». Але радавацца рана.
Вось як выглядае допіс, які дасылаюць гарадзенцы:
У паведамленні сказана, што «пасля доўгага перапынку ў працы, памежны пункт пропуску «Кузніца Беластоцка» будзе адкрыты 01.02.2024. Дыскусія на тэму адкрыцця была гарачай і скаардынаванай з усімі службамі. Міграцыйны крызіс завяршыўся, мігранты не могуць перасекчы мяжу ЕС».
Вядома ж, навіна сенсацыйная. Але, на жаль, праверку яна не праходзіць.
Мяркуючы па афармленні допісу, ён узяты з афіцыйнай групы «Стражы гранічнай» у фэйсбуку. Аднак нічога такога ў афіцыйнай групе няма ні сёння, ні ўчора, ні тыдзень таму. Затое ёсць допіс, які стаў асноўнай для паведамлення аб адкрыцці мяжы:
Аказваецца, хтосьці з дапамогай фотарэдактара замяніў тэксты з афіцыйнага канала польскіх памежнікаў. Радасная навіна аказалася падробкай, але працягвае распаўсюджвацца ў прыгранічных чатах:
Нагадаем, «Кузніца» закрытая з 9 лістапада 2021 года, што стала вынікам спробаў штурму мігрантамі беларуска-польскай мяжы.
З тых часоў штогод здараюцца па тры хвалі чутак пра тое, што пераход вось-вось адкрыюць. Прычым распаўсюднікі гэтай інфармацыі ўпэўненыя ў сваіх словах на 100% і гатовыя спрачацца. З апошняга распаўсюджваўся слых, што пагранпераход «Кузніца» адкрыюць 4 снежня 2023 года. Пра гэта казалі зусім розныя людзі. Спасылаліся і на беларускіх памежнікаў і нават на «Беларуснафту» — нібыта аўтавозы кампаніі пачынаюць завозіць паліва на памежныя АЗС. Як бачыце, ніводная з гэтых чутак не пацвердзілася, дадае «Аўтагродна».
Каментары