Грамадства22

«Нас прыбівалі спачатку войнамі, потым гэтыя нелюдзі». Бард Аляксандр Баль — пра вымушаную эміграцыю, тэрапію і цярпенне

Аляксандр Баль — магілёўскі бард, аўтар музыкі да спектакляў. 26 гадоў ён загадваў музычнай часткай Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, потым быў звольнены з палітычных матываў, адбываў «суткі» ў зняволенні і вымушаны быў эміграваць. Most пагутарыў з Аляксандрам Балем пра палітычныя падзеі ў Беларусі, эміграцыю і творчыя планы.

У чэрвені 2023 года Аляксандра Баля затрымалі на мяжы, калі ён вяртаўся ў Беларусь. Пасля праверкі тэлефона музыку прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Адбыўшы «суткі», Баль адправіўся на фестываль у Арменію, адкуль вырашыў не вяртацца ў Беларусь, баючыся паўторнага арышту. Увосень мінулага года з-за бюракратычных складанасцяў легалізацыі ў Арменіі аўтар-выканаўца прыняў рашэнне пераехаць у Польшчу. 

«Самыя нашы страшныя здагадкі наяве аказаліся яшчэ страшнейшымі»

— Да 2020 года вы былі палітычна актыўным чалавекам?

— Не, я быў актыўны ў песнях. Я працаваў у тэатры, складаў песні для дзіцячых спектакляў. Так, перыядычна нешта было — я мог нешта праспяваць, выказацца. Быў аднойчы пацешны выпадак на канцэрце ў Брэсце — мне пра яго пазней расказалі людзі, якія сядзелі ў зале. Я праспяваў песню — не тое каб апазіцыйную, але такую, надзённую. Сярод гледачоў былі дзве сястры. І вось песня скончылася, зала апладзіруе, і адна сястра іншай кажа: «Не пляскай, а то візу ў Чэхію не дадуць». Гэта было ў пачатку нулявых.

Мы даўно жывем у гэтым стане, калі чакаем, што нам скажуць: «Уставайце, выходзьце з рэчамі». Мы да гэтага прывыклі, жартавалі з гэтага, смяяліся, і жарты на гэтую тэму вельмі добра ўспрымаліся на канцэртах. Цяпер ужо, вядома, не да смеху.

Многія жарты з нагоды палітыкі цяпер ужо не смешныя. Самыя нашы страшныя здагадкі наяве аказаліся яшчэ страшнейшымі. Цяпер папракаць чалавека ў тым, што раней ён над чымсьці смяяўся, а цяпер над гэтым плача, ужо нельга, таму што сітуацыя моцна змянілася.

— Ваша песня «На родине моей беда» — адна з самых яркіх кампазіцый пратэсту. Адчулі, што пасля 2020 года ў вас стала больш прыхільнікаў, з'явілася больш падтрымкі ад людзей?

— Нельга сказаць, што прыхільнікаў, але якія цікавяцца — так, стала больш. На апошнім канцэрце, які прайшоў у тэатры, гледачоў было як ніколі шмат. Да мяне падышла адна жанчына і сказала: «Я знарок прыехала дзеля адной песні. Усё астатняе было добра, але мяне цікавіла менавіта гэтая песня».

Але давялося сутыкнуцца і з негатывам. Калі ў нас у 2020 годзе ўсё пачалося, мне шмат пісалі расейцы. Хтосьці адвярнуўся, адышоў з сяброў. Хтосьці пісаў нядобрыя словы, маўляў, ты тут прыязджаў, на фестывалях у нас спяваў песні. Я не адказваў, але мне хацелася сказаць: я ж прыязджаў да вас з гітарай — не з аўтаматам. Але ўжо бескарысна адказваць. Мы ж бачым, што дзеецца — людзей забіваюць, якія тут могуць быць спрэчкі?

— Кажуць, што восенню 2020 года мелодыю з песні «На родине моей беда» на працягу двух тыдняў выконваў механічны трубач на магілёўскай ратушы. Як такое наогул магчыма?

— Я сам не бачыў, паколькі жыў за горадам, але мне расказвалі нашы тэатральныя работнікі. Я пытаўся: «Вы сапраўды ўпэўненыя?» І мне даслалі відэазапіс. Там выязджае механічны трубач і гучыць гэтая мелодыя. Прычым яна не была ўзятая з песні, гэта спецыяльна зробленая партыя трубы, яна сапраўды там гучала. Пакуль да кагосьці не дайшло, што гэта за музыка.

«Спадзяваўся, што з дзяцей, якія слухаюць гэтыя песні, не вырастуць амапаўцы»

— Што цяпер адбываецца ў Магілёўскім драмтэатры? Вы падтрымліваеце сувязь з былымі калегамі?

— Не, не падтрымліваю, бо не хочацца думаць пра яго, успамінаць не хочацца. Прыйшлі злыя людзі, якія тапталі нагамі тое, што табе было дорага. У тэатры звычайна пануюць добрыя, цёплыя ўзаемаадносіны, за рэдкім выключэннем. Так, у нейкія перыяды з'яўляліся людзі збоку, якія доўга не прыжываліся. Яны маглі ўнесці нейкую нотку раздражнення, але гэта было ненадоўга. У асноўным у тэатры была цёплая сяброўская атмасфера.

І раптам прыходзяць людзі з зусім іншай задачай і пачынаюць паскудзіць. Я лічу, магілёўскі тэатр цяпер — запаскуджанае месца, пра якое не хочацца думаць. Вядома, яго можна адмыць, і ён, безумоўна, адмыецца, але на сённяшні дзень сітуацыя такая, што я нічога пра яго не ведаю. Асабліва калі былыя калегі паехалі кудысьці на Данбас, я ведаць не хачу нічога пра гэта.

Я разумею, што ў тэатры ідуць казкі з маімі песнямі. Ну і слава табе божа, гэта ж для дзяцей. Я заўсёды спадзяваўся, што з дзяцей, якія слухаюць гэтыя песні, не вырастуць амапаўцы (усміхаецца).

— Праўда, што пасля звальнення з тэатра вас адмаўляліся браць на працу іншыя арганізацыі?

— Так, у Магілёўскай філармоніі на той момант была вакансія гукааператара. Дырэктарка была радая ўзяць мяне на працу, мяне ж там усе ведаюць. Але цяпер наём усіх работнікаў трэба ўзгадняць. Ва ўпраўленні культуры сказалі катэгарычнае «не». Вядома, я магу ўладкавацца ў прыватную фірму кіроўцам або таксістам. Але які сэнс мне ў Беларусі працаваць таксістам, баючыся, што рана ці позна за мной прыйдуць?

«У эміграцыі робішся больш актыўным»

— Псіхолагі кажуць, што эміграцыя — гэта заўсёды адкат назад. Вы адчулі нешта падобнае?

— Тут, у эміграцыі, робішся трошкі больш актыўным. Ты выходзіш са сваёй звыклай сітуацыі, хвалюешся, што будзеш есці заўтра, дзе будзеш жыць. Пачынаеш трошкі варушыцца, але, я лічу, нічога дрэннага ў гэтым няма. Я з жахам задумваюся, як раней людзі з'язджалі, калі не было лічбавых тэхналогій, нельга было ў краіне купіць валюту.

Я стаў больш паважліва ставіцца да эмігрантаў мінулых пакаленняў, таму што выжыць у чужой краіне складана. Цяпер можна ўсё паглядзець у інтэрнэце, скарыстацца электронным перакладчыкам. А як раней людзі сяліліся ў далёкім нямецкім або амерыканскім мястэчку — я не ўяўляю.

Мы калісьці чыталі, як выжывалі ў эміграцыі Вярцінскі, Галіч, і жахаліся. Нам прасцей, але, магчыма, пра наш час таксама калісьці будуць пісаць і жахацца, як такое магло быць.

Я жыў у Арменіі нейкі час, і калі армяне — людзі, якія жывуць у краіне, блізкай да вайны — даведваліся, што мяне арыштавалі і пасадзілі за лайк у тэлеграм-канале, яны былі ў шоку.

— Як армяне ставяцца да беларусаў?

— Армяне да беларусаў ставяцца вельмі цёпла. Яны там, дзякуй богу, адрозніваюць, дзе дзяржава, а дзе народ. Таму я, рускамоўны чалавек, там ніякага ўціску не адчуваў.

— Нягледзячы на ўсё тое, што здарылася, вы здаяцеся чалавекам, настроеным аптымістычна…

— А іншага выйсця няма. Бачачы кожны дзень навіны з Украіны, разумееш: чаго плакаць? Няма сэнсу сумаваць, мая місія не ў гэтым.

Аляксандр Баль. Фота з архіва героя публікацыі

«Калі ўдаецца выказацца ў песні, здымаеш з сябе гэты цяжар»

— Дарэчы, пра місію. А цяпер новыя песні пішуцца?

— Так, у нейкі момант, калі складзецца нешта цяжкае, разумееш, што з сябе груз трошкі здымаеш. Песня ўжо вымалевалася, ты яе праспяваў і запісаў, і тады ўжо можна трошкі аддыхацца.

— Гэта значыць напісанне песень для вас — своеасаблівая тэрапія?

— Калі ўдаецца выказацца ў песні, здымаеш з сябе, нібы псуту, гэты цяжар, і ў нейкі момант становіцца лягчэй. Песня — гэта магчымасць выказацца хоць бы самому сабе. Балазе цяпер ёсць камп'ютар і інтэрнэт, дзе можна гэта ўсё выказаць гледачу і пачуць адказ.

— У горадзе, дзе вы цяпер жывяце, у вас нядаўна быў кватэрнік. Ці плануюцца ў найбліжэйшыя час падобныя мерапрыемствы ў Польшчы?

— Так, быў такі маленькі, вельмі сціпленькі кватэрнік. Як толькі я прыехаў, мясцовыя хлопцы вырашылі мяне такім чынам падтрымаць. Дзякуй ім велізарны. На Новы год вось ездзіў пад Беласток. Мяне паклікалі беларусы, якія там адзначалі свята. Усё прайшло вельмі добра. Прынамсі, я не сядзеў у Новы год адзін каля камп'ютара, а з задавальненнем з'ездзіў, пабачыў людзей, пагутарыў, паспяваў песні. Усё як павінна быць.

З першага моманту, як мяне сустрэлі з цягніка, я зразумеў, што гэта тое, чаго ў мяне даўно ўжо не было. Калі ты прыязджаеш, спяваеш для людзей, табе радыя. У студзені, 27 чысла, адбудзецца мой канцэрт у Варшаве, у клубе Scena Chmielna. Далей будзем глядзець па абставінах.

— А як наконт анлайн-канцэртаў?

— Вось да гэтага я не гатовы пакуль. Калі здарыўся кавід, многія так рабілі. Але мне не па сабе ад думкі, што прыйдзецца спяваць, гледзячы ў вочка камеры.

«Хай у іх будзе тэлевізар, каб яны разам са сваім важаком бачылі, як нам добра без іх жывецца»

— Мы сустракаемся з вамі ў першыя дні новага года. У вас ёсць нейкае асаблівае ўспрыманне гэтага перыяду, як нейкай мяжы? Ці вы проста перагортваеце каляндар?

— Так, ёсць, вядома. У нас у жыцці заўсёды было два адлікі — 1 верасня, калі ідзеш у школу пасля летніх вакацый, і 1 студзеня. Студзень заўсёды здаецца святлейшым за снежань, таму што ў пачатку года ўжо пачынаеш будаваць планы. Менавіта ў такім стане я цяпер і жыву, у чаканні пераменаў. І я да іх гатовы.

— Калі перамены здарацца і ўсё будзе добра, вы вернецеся ў Беларусь?

— Паняцце «добра» — адноснае. Адразу добра не будзе, вось што важна. Таму старэць бязвылазна, без канцэртаў, у краіне, дзе адбываецца незразумела што, таксама не хацелася б. Але я рускамоўны чалавек, спяваю па-руску, і ў Польшчы мае песні нікому не патрэбныя. Як і ў Беларусі яны цяпер нікому не патрэбныя, таму што іх ніхто не зможа слухаць — «візу ў Чэхію не дадуць» (жартуе).

— Што б вы пажадалі беларусам у новым годзе?

— Хачу пажадаць цярпення.

— Але хіба беларусы недастаткова цярпелі?

— А інакш ніяк. Ніхто не абяцае, што гэты год будзе лягчэйшы за папярэдні. Вытрымаць адсутнасць перамог складана. Мы, беларусы, не распешчаныя перамогамі. Мы прыбітыя адсутнасцю перамог настолькі, што ў нашай нацыі, можна сказаць, самаацэнка ніжэйшая за нуль. Калі параўноўваць нас з расейцамі, то ў расейцаў высокая самаацэнка, а ў нас яе амаль няма.

Нас прыбівалі спачатку войнамі, потым вось гэтыя нелюдзі (кажа пра падзеі пасля 2020 года. — заўв. Most). Цярпенне — гэта не значыць, што трэба цярпець гэтую сітуацыю. Цяпер могуць быць і страшныя часы.

Перамены адбываюцца не заўсёды да лепшага. Таму трэба берагчы сябе, берагчы блізкіх, калі трэба — ратавацца, з'язджаць. У гэтыя дні трэба старацца захаваць сябе ў першую чаргу.

Калі ты сядзіш у камеры, ты нічога не бачыш, але чуеш, што адбываецца па суседстве. І вось было сумна, калі прывялі пажылую жанчыну, у якой яшчэ жывая маці. Яна плакала, пыталася: «За што вы мяне затрымалі? У мяне мама перажыла гіпертанічны крыз, няма каму ўколы калоць». І вось на такія маленні ніхто не адказвае.

Была яшчэ гісторыя з маладым хлопцам, які проста выў ад болю ў вачах, таму што яму не давалі кантэйнеры для лінзаў. Няма ні коўдраў, ні падушак — «палітычным» не паложана. Мучцеся, пакутуйце, збірайце сваю злосць.

Я заўсёды лічыў, што людзі, якія засталіся ў органах пасля гэтых падзей — проста бесчалавечныя вар'яты, якім ніякай павагі ніколі не будзе. Ніколі. З майго боку ўжо дакладна.

Я не агрэсіўны чалавек, але забойцам і мярзотнікам, якія атрымліваюць асалоду ад чалавечага гора, нельга дараваць. Яны заслужылі сядзець у гэтых камерах з прагнілай падлогай. Адзінае, хай у іх будзе тэлевізар, каб яны разам са сваім каханым важаком бачылі, як нам добра без іх жывецца (смяецца).

Каментары2

  • Курт
    08.01.2024
    Сапраўды каланіяльным мярзотнікам, прарасейскім калабарантам, садыстам і іх памагатым жаднага дараваньня!
  • Пакутуючая ахвяра
    09.01.2024
    Ахвярачкі вы мае...

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы16

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле14

Азаронак заявіў, што стаў мякчэйшым, і патлумачыў, чаму здаў назад30

Ваеннае становішча ў Паўднёвай Карэі адмяняецца2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →