У Эквадоры цяпер хваляванні. Ці не ўзнікнуць з-за гэтага перабоі з бананамі?
На фоне хваляванняў у Эквадоры імпарцёраў гародніны і садавіны ў Расіі папярэдзілі пра магчымыя перабоі ў пастаўках бананаў. Гэтая краіна ў Паўднёвай Амерыцы — асноўны пастаўшчык бананаў і на беларускі рынак. Office Life высветліў, ці паўплывае сітуацыя ў Эквадоры на даступнасць іх у нас.
Паводле звестак Белстата, у 2020 і 2021 гадах больш за ўсё бананаў у Беларусь прывезлі менавіта з Эквадора. Гаворка ідзе пра амаль 34,2 тыс. тон (на 25,8 млн даляраў) у 2021-м і каля 38,3 тыс. тон (на 27,3 млн даляраў) у 2020-м. Гэта палова ад агульнага аб'ёму імпарту гэтых пладоў: у 2021-м усяго з розных краін завезлі каля 75 тыс. тон бананаў.
Наступны буйны пастаўшчык пасля Эквадора — Расія, адтуль у 2021 годзе прывезлі 28,9 тыс. тон. З Панамы — 8,9 тыс. тон, з Коста-Рыкі — 3,6 тыс. тон, з Калумбіі — 2,6 тыс. тон.
Больш свежай статыстыкі ў адкрытым доступе няма, аднак, паводле ацэнак практыкаў рынку, Эквадор па-ранейшаму для нас — асноўны пастаўшчык бананаў. Прычына: добрыя суадносіны якасці і цаны. Эквадорскі банан лічаць адным з найлепшых: ён буйны, прыгожы і добра захоўваецца.
У Эквадоры цяпер неспакойна з-за бунту мафіі. МЗС заклікае беларусаў устрымацца ад паездак туды. Тым часам, як паведамляе РБК, расійскіх імпарцёраў ужо папярэдзілі пра магчымыя праблемы з пастаўкамі бананаў з гэтай краіны.
На фоне панікі некаторыя мясцовыя вытворцы прыпынілі збор пладоў, парты часова закрыліся. Нават у выпадку стабілізацыі сітуацыі пастаўкі могуць быць не такімі рытмічнымі, як раней.
Шлях бананаў з Эквадора ў Беларусь займае каля месяца. З Эквадора яны едуць праз парты ў Расіі ці Бельгіі, Нідэрландах і Германіі.
Начальнік аддзела закупкі кампаніі-імпарцёра «Фрутрэал» Андрэй Думпа выказаў меркаванне, што падзеі ў паўднёваамерыканскай краіне могуць паўплываць на імпарт бананаў і ў Беларусь.
«Могуць узнікнуць перашкоды ў адгрузцы ў самім Эквадоры. Калі скароціцца аб'ём экспарту, то падвысіцца цана. Аднак больш чым на 20% цана не павінна вырасці. На рынку ёсць канкурэнцыя як з боку вытворцаў з іншых краін, так і сярод тавараў-аналагаў. Пры моцным росце цэнаў эквадорскі банан перастане прадавацца ў вялікіх аб'ёмах».
А што будзе з кавай?
Эквадор асацыюецца і з вытворчасцю кавы. Аднак доля прадукту з гэтай краіны на нашым рынку нязначная. У статыстыцы Белстата за 2020 і 2021 гады пастаўкі кавы з Эквадора не фігуруюць.
Сярод асноўных пастаўшчыкоў кавы і кававага зерня ў Беларусь, паводле даных Белстата, у 2021 годзе былі Германія (амаль 2 тыс. тон), Італія (каля 1,4 тыс. тон), Бразілія (949 тон), В'етнам (393 тоны) і Турцыя (389 тон).
«Невялікая колькасць кампаній можа сабе дазволіць прывезці кантэйнер кавы непасрэдна з Эквадора. Як правіла, гэта рэдкі сорт для нашай краіны, і тыя, хто яго пражаць, купляюць у буйных імпарцёраў зялёнага зерня ў ЕС або Расіі. Сярэдняя цана на эквадорскую каву вышэйшая, чым на супастаўныя сарты з іншых краін (напрыклад, з Бразіліі), таму попыт на яе, у адрозненне ад тых жа бананаў, невысокі», — рэзюмуе Вячаслаў Жадан, сузаснавальнік групы кампаній Roast.by, адной з найбуйнейшых, якая займаецца ў Беларусі пражаннем кавы.
У МЗС Беларусі далі толькі адну рэкамендацыю, што рабіць падчас беспарадкаў у Эквадоры
Эквадорская мафія падняла мяцеж, прэзідэнт абвясціў «унутраны ўзброены канфлікт», у сталіцы сцягнутыя танкі
У Эквадоры злачынныя групоўкі захапілі вядоўцаў тэленавін у жывым эфіры
З турмы ў Эквадоры прапаў вядомы мафіёзі. І ў краіне абвясцілі надзвычайнае становішча
Каментары