«Беларускі Чэрчыль» — усё? Ці застанецца Сахашчык у камандзе Ціханоўскай пасля канферэнцыі ў Вільні
Падпалкоўнік Валерый Сахашчык, які выйшаў на сцэну ў востры момант 2022 года, ужо доўгі час нагадвае пра сябе толькі зрэдку, засунуўшы ў шуфлядку тыя амбіцыйныя праекты, з якімі ён прыходзіў у палітыку. Ці чакае «міністра абароны» Ціханоўскай лёс Аляксандра Азарава?
У пачатку жніўня Святлана Ціханоўская склікае ў Вільні сваю штогадовую канферэнцыю, на якой палітыкі і дзеячы міграцыі пад камеры задумаюцца над сітуацыяй і публічна абазначаць, як і што яны маюць рабіць далей.
Канферэнцыя збіраецца ў цёмны для дэмакратыі час: Захад аддаў Беларусь Маскве і нават гатовы замарозіць украінскі канфлікт, пакінуўшы акупаваныя тэрыторыі Расіі.
І Кабінет прадстаўнікоў Ціханоўскай таксама падыходзіць да другой сваёй гадавіны ў няпоўным складзе: пасля расколу Байпола страціў пасаду «міністр унутраных спраў» Аляксандр Азараў, з цьмянымі фармулёўкамі падаў у адстаўку «міністр замежных спраў» Валер Кавалеўскі.
Доўгі час пад пытаннем быў і ўдзел «міністра абароны» Валерыя Сахашчыка. Яго прозвішча з'явілася ў праграме канферэнцыі ў самы апошні момант.
Прэс-сакратарка Сахашчыка Лізавета Кохман на прамое здзіўленне «Нашай Нівы» адказвала, што «не можа сказаць ні так, ні не» пра планы свайго начальніка аб удзеле.
З нейкага боку, адсутнасць Сахашчыка выглядала б лагічнай: лідарка дэмакратычнага руху і яе дарадцы ніколі не глядзелі на пытанне вяртання ў краіну з пазіцыі палкаводцаў.
Таму Сахашчыку наўрад ці лёгка працуецца і, пры такім падыходзе, яго роля ў кабінеце не зусім ясная: гэта генерал арміі, якую не збіраюцца склікаць, прынамсі ў гэты гістарычны момант.
А калі такі момант настане і ці настане ўвогуле, не зусім ясна.
Мэту ж сабраць вакол Кабінета беларусаў, якія ўмеюць ваяваць, Сахашчык таксама не выцягнуў.
Паўтара года таму, у сваёй першай справаздачы пасля прызначэння ў Кабінет, Сахашчык падкрэсліваў, што яму ўдалося наладзіць кантакт з УСУ, вынікам якога мелася стаць стварэнне добра экіпіраванага беларускага падраздзялення з цяжкім узбраеннем; а таксама лічыў поспехам стварэнне «Паспалітага рушэння» — парамілітарных аб'яднанняў эміграцыі.
Развіцця не выйшла.
Хоць Сахашчык і меў кантакт з былым камандзірам УСУ генералам Залужным, украінскае падраздзяленне Сахашчыка ў задуманым выглядзе не стварылася; ператоку туды лукашэнкаўскіх афіцэраў у адчувальнай колькасці таксама не адбылося.
З парамілітарнымі клубамі замежжа Сахашчык таксама па нейкіх прычынах рассварыўся, страціўшы ўплыў.
Вярнуць кантроль ён паспрабаваў тонкім трукам, рукамі польскіх і літоўскіх спецслужбаў: Сахашчык абвінаваціў клубы ў фактычна тэрарыстычных задумах — у падрыхтоўцы ўдару баявым беспілотнікам па беларускіх аб'ектах.
А каб такога не здарылася, прасіў правесці з імі прафілактычную работу з удзелам каманды свайго «Дэпартамента нацыянальнай бяспекі». Такі выбар метадаў паставіў кропку ў адносінах з «Паспалітым рушэннем» і нарадзіў пытанні, ці здае сабе справаздачу Сахашчык у тым, на чый млын ліе ваду.
Можна было б таксама паразважаць, ці абяцае нешта Сахашчыку і структуры, у якой ён займае пазіцыю, змена ўлады ў Палку Каліноўскага. Вядома, што з папярэдняй вярхушкай падраздзялення — «Ванішам», «Кітом» і Вадзімам Кабанчуком — у Сахашчыка адносіны зусім не склаліся.
Але, як кажуць «Нашай Ніве» блізкія і далёкія ад камандавання байцы палка Каліноўскага, і ў цяперашняй сітуацыі Сахашчыка там не чакаюць.
Нават у рамках узаемадзеяння блізкіх па духу структур ёсць нюансы: прадстаўнік «Белпола» Уладзімір Жыгар казаў у інтэрв'ю «Нашай Ніве», што дзейнасць Сахашчыка і сам гэты чалавек ім «нецікавы».
Калегі па дэмакратычным руху не давяраюць той камандзе, якой атачыў сябе Сахашчык. Заходнія дыпламаты скардзіліся суразмоўцам з Беларусі, што Сахашчык прыносіць ім на сустрэчы раздрукаваную канспіралогію з тэлеграм-каналаў і выдае гэта за чыстую манету.
Добра, што прозвішча Сахашчыка ўсё ж з'явілася ў праграме канферэнцыі. Гэта, прынамсі, чалавек, які не ўцякае ад адказаў на пытанні, які можа адкрыта расказаць пра лёс тых праектаў, у якія ён паверыў сам, і ў якія паверылі многія іншыя.
«Хіба што яго падманулі. Пытанне толькі ў тым, хто і нашто». І апазіцыя, і еўрапейцы здзіўленыя лістом Сахашчыка
«Паспалітае рушэнне» адказала Сахашчыку: У нас няма мэты сілавога захопу ўлады ў Беларусі, мы яго ніколі не планавалі
Адкуль Сахашчык чэрпае інсайды пра ядзерную вайну? Яны супадаюць з допісамі канспіралагічнага тэлеграм-канала
Улады Расіі і Беларусі рыхтуюць выкарыстанне ядзернай зброі і «бліцкрыг на Вільню» — Сахашчык
Сахашчык — пра Залужнага, Хрэніна, Пракоп’ева і пра тое, як ледзь не загінуў пад «Іскандэрам». Новы «Ток»
Каментары
Няма чаго беларусаў зліваць.