Свет

Братоў Менендэсаў, якія забілі сваіх бацькоў і зноў праславіліся дзякуючы серыялу, могуць вызваліць

Забойства 30 гадоў таму скаланула ўсю Амерыку.

Браты Менендэсы ў судзе ў 1994 годзе. Фота: Getty Images

Двое братоў, якіх асудзілі за забойства іх бацькоў у межах справы, якая скаланула Амерыку больш за тры дзесяцігоддзі таму, на крок наблізіліся да вызвалення. Акруговы пракурор Лос-Анджэлеса Джордж Гаскон рэкамендаваў суддзі перагледзець прысуд Эрыку і Лайлу Менендэсам і вызваліць іх умоўна-датэрмінова, бо з'явіліся новыя доказы, піша Бі-бі-сі.

Забойства Кіці і Хасэ Менендэсаў у 1989 годзе ў іх асабняку ў Беверлі-Хілз лягло ў аснову новага серыялу Netflix, які зноў прыцягнуў увагу да гэтай справы.

Для таго каб браты выйшлі на волю, з рэкамендацыяй пракурора павінен спачатку пагадзіцца суддзя, а затым іх вызваленне павінна зацвердзіць камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленні.

53-гадовы Эрык Менендэс і 56-гадовы Лайл Менендэс цяпер адбываюць пажыццёвае зняволенне без права ўмоўна-датэрміновага вызвалення ў Каліфорніі. Яны забілі сваіх бацькоў 13 стрэламі, калі тыя глядзелі тэлевізар.

«Я лічу, што браты раслі ў надзвычай нездаровай атмасферы і моцна пацярпелі ад распусты», — сказаў галоўны пракурор Лос-Анджэлеса. Ён дадаў, што хоць забойству няма апраўдання, ён лічыць, што яны «сплацілі свой доўг грамадству».

Падчас крымінальных працэсаў у 1990-х гадах пракуроры прадставілі братоў як багатых дзяцей, якія метадычна планавалі забойствы, каб атрымаць доступ да маёмасці сваіх бацькоў. У той жа час іх адвакаты сцвярджалі, што браты шмат гадоў былі ахвярамі эмацыйнага, фізічнага і сэксуальнага гвалту і дзейнічалі выключна з мэтай самаабароны.

Гаскон заклікаў перагледзець прысуд Менендэсам пасля з'яўлення новых доказаў у справе, звязаных з заявамі пра сэксуальны гвалт.

Адзін з гэтых доказаў — ліст ад Эрыка Менендэса да іншага члена сям'і, датаваны 1988 годам, які змяшчае дэталі магчымага гвалту з боку яго бацькі Хасэ. Іншыя доказы паступілі ад непаўналетняга ўдзельніка пуэрта-рыканскага бойз-бэнда 1980-х гадоў Menudo. Удзельнік гурта сцвярджаў, што Хасэ Менендэс, які на той час працаваў выканаўчым дырэктарам гуказапісвальнай кампаніі RCA, накачаў яго наркотыкамі і згвалціў у сябе дома.

Справу адкрылі пасля таго, як 20 жніўня 1989 года браты, якім тады было 18 і 21 год, патэлефанавалі ў паліцыю і паведамілі, што знайшлі целы сваіх бацькоў пасля вяртання дадому.

Ці выйдуць браты Менендэсы на волю?

Гаскон сказаў, што яго офіс плануе падаць у суд рэкамендацыю аб змяненні прысуду ў пятніцу. Яна будзе ўключаць дэталі і доказы на карысць больш мяккага пакарання. Затым адбудзецца слуханне, якое павінна быць прызначана ў бліжэйшыя 30—45 дзён, дзе суддзя абмяркуе і заслухае аргументы наконт вызвалення братоў. Самі яны таксама могуць прысутнічаць на гэтым слуханні.

Слуханне, верагодна, выкліча спрэчкі. Пракурор адзначыў, што гэта справа падзяліла яго офіс, і некаторыя супрацоўнікі могуць выступіць супраць яго ў судзе. Прынамсі адзін з членаў сям’і Менендэсаў, брат Кіці Менендэс Мілтан Андэрсэн, таксама рэзка раскрытыкаваў акруговага пракурора за тое, што той «гуляе ў палітыку» ў гэтай справе.

Калі камісія па ўмоўна-датэрміновым вызваленні зацвердзіць вызваленне братоў, губернатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам усё адно можа адмовіць ім. У маі 2023 года браты Менендэсы падалі хадайніцтва, у якім падрабязна выклалі новыя доказы ў сваёй справе і папрасілі адмяніць іх прысуды.

Пракурор абвясціў сваё рашэнне за 12 дзён да таго, як павінна адбыцца яго перавыбранне, але ён аспрэчыў, што яго заклік да перагляду прысудаў меў палітычны характар. Рашэнне пракурора пракаментавала Кім Кардаш'ян — яна падзякавала Гаскону ў інстаграме за «выпраўленне значнай памылкі». Паводле яе слоў, гэтая справа «падкрэслівае важнасць аспрэчвання рашэнняў і пошуку праўды».

Што зрабілі браты Менендэсы? Хасэ і Кіці Менендэсаў знайшлі мёртвымі ў іх асабняку ў Беверлі-Гілз з агнястрэльнымі раненнямі ў жніўні 1989 года. Іх сыны — Эрык і Лайл — патэлефанавалі ў паліцыю і паведамілі, што вярнуліся дадому і знайшлі сваіх бацькоў мёртвымі.

Спачатку ўлады не падазравалі братоў у забойстве. У мужа і жонкі Менендэсаў зрабілі 13 стрэлаў з двух стрэльбаў, і такая жорсткасць злачынства прымусіла ўлады падумаць, што гэта было нападзенне крымінальнай групоўкі. Але браты сталі прыцягваць увагу сваімі паводзінамі: яны трацілі грошы на прадметы раскошы, уключаючы гадзіннікі Rolex, азартныя гульні і вечарынкі.

Да іх выкрыцця прывяло прызнанне ў злачынстве псіхолагу. Дзяўчына доктара перадала ўладам аўдыёзапіс іх сеансу.

У сакавіку 1990 года паліцыя выставіла братам абвінавачанне. Яны паўсталі перад судом у 1993 годзе, прызналіся ў забойствах, але сцвярджалі, што дзейнічалі з мэтай самаабароны, бо баяліся, што іх бацькі заб'юць іх першымі.

Браты распавялі, што шмат гадоў зведвалі эмацыйны, фізічны і сексуальны гвалт з боку іх бацькі Хасэ, які быў вядомым кіраўніком у Галівудзе. Лайл і Эрык засведчылі, што калі яны выступілі супраць сэксуальнага гвалту, у іх сям'і пачаліся канфлікты, і браты верылі, што іх бацькі планавалі іх забіць.

Члены сям'і сведчылі аб жорсткім абыходжанні, сведкамі якога былі браты, але ніхто не заяўляў, што бачыў сексуальны гвалт на ўласныя вочы. Пракуроры сцвярджалі, што іх матывам забойства былі грошы, а менавіта маёмасць бацькоў у памеры 14 мільёнаў даляраў. Яны прадставілі братоў як распешчаных дзяцей, якія думалі, што ім усё можа сысці з рук.

Падчас першага судовага працэсу прысяжныя не здолелі вынесці аднагалосны вердыкт, але падчас другога ў 1995 годзе братоў Менендэс асудзілі за забойства першай ступені на пажыццёвае зняволенне без права датэрміновага вызвалення.

Каментары

Цяпер чытаюць

Орбан разгромна прайграў выбары ў Венгрыі. Апазіцыя атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце35

Орбан разгромна прайграў выбары ў Венгрыі. Апазіцыя атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце

Усе навіны →
Усе навіны

Чаму Расія атакуе Украіну «шахедамі» ўдзень: змена тактыкі з мэш-сістэмамі і палёты «статкамі»1

Віцебскі заапарк перанясуць у іншае месца

Украіна спрабавала ўдарыць па расійскім касмадроме Плясецк3

Камала Харыс можа зноў балатавацца ў прэзідэнты ЗША8

У Венгрыі асвоілі еўрапейскія паўтара мільёна даляраў, пабудаваўшы аўтаразвязку каля чыгункі, якой не існуе22

У Беларусі адзін за адным адмяняюць фестывалі. У чым прычына?6

У Ірландыі мужчына з сякерай атакаваў амерыканскі вайсковы самалёт ВІДЭА4

Дзесяцігадовая дзяўчынка папрасіла гендырэктара NASA зноў лічыць Плутон планетай. Ён ёй адказаў3

Памёр Ігар Ціткоўскі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Орбан разгромна прайграў выбары ў Венгрыі. Апазіцыя атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце35

Орбан разгромна прайграў выбары ў Венгрыі. Апазіцыя атрымала канстытуцыйную большасць у парламенце

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць