Кіно44

Зорка «Шэрлака» ззяе ў чорнай камедыі — будзе шмат брытанскага гумару і рамантыка наадварот

Калі вы сумавалі па добрай камедыі, надышоў ваш час. У беларускі пракат выходзіць стужка «Сужэнцы Роўз» (The Roses), і гэта кіно, якое не пакіне абыякавым.

Кадр з фільма. Фота: Searchlight Pictures

Мы сустракаем Тэа і Айві Роўз, калі іх шлюб ужо развальваецца. У спробе захаваць адносіны сужэнцы ідуць да псіхолага, дзе начыста правальваюць, здаецца, простае заданне — напісаць дзесяць добрых рэчаў адно пра аднаго. Збянтэжаная тэрапеўтка вырашае, што гэты шлюб асуджаны на разрыў, чым выклікае рогат у сваіх кліентаў.

Далей нам усё ж расказваюць гісторыю з самага пачатку. Тэа і Айві — брытанцы, яны знаёмяцца ў рэстаране, дзе Айві працуе кухарам, а Тэа сустракаецца з калегамі-архітэктарамі. Абое захраслі ў руціне і таму вырашаюцца разам з’ехаць за акіян, каб пачаць новае жыццё.

Праз дзесяць гадоў сужэнцы Роўз жывуць з двума дзецьмі ў Каліфорніі. Знешне ўсё добра: ён, архітэктар, праектуе амбіцыйны будынак для мясцовага музея, яна рэалізуе свае кухарскія мары ў рэстаранчыку, падораным ёй мужам, і на сямейнай кухні. Але той будынак развальваецца на часткі, калі горад накрывае шторм, і Айві бярэ на сябе ролю карміцелькі сям’і.

Тое, што здарылася потым, заводзіць іх шлюб у тупік.

Фота: кадр з трэйлера

«Сужэнцы Роўз» — рымейк трагікамедыі 1989 года «Вайна сужэнцаў Роўз» з тагачаснымі зоркамі Майклам Дугласам і Дэні дэ Віта. Стужка, заснаваная на аднайменным рамане Уорэна Адлера, не мела ў сябе нічога брытанскага і распавядала пра амерыканскую сям’ю, што праходзіць праз цяжкі развод. Сужэнцы Роўз вагаюцца паміж жаданнямі разысціся, памірыцца і забіць адно аднаго. Нечакана аказваецца, што такія акалічнасці могуць стаць фонам для цудоўнай чорнай камедыі.

У новых «Сужэнцах Роўз» таксама зняліся зоркі. Гаворка, перш за ўсё, пра Бенедыкта Камбербэтча (Тэа Роўз), якога вы маглі бачыць у культавым серыяле 2010-х «Шэрлак», а таксама ў серыі праектаў пра доктара Стрэнджа. Кампанію яму склала менш вядомая ў рускамоўнай прасторы брытанка Алівія Коўлман (Айві Роўз), уладальніца «Оскара» 2019 года за ролю ў «Фаварытцы» і зорка серыяла «Карона» пра жыццё брытанскай каралеўскай сям’і.

Фота: кадр з фільма

І калі Коўлман доўгі час лічылася менавіта камічнай актрысай, Камбербэтча хутчэй ведалі па драматычных ролях — згадайце хаця б яго цудоўную працу ў стужцы 2014 года «Гульня ў імітацыю», дзе Камбербэтч геніяльна сыграў матэматыка Алана Цьюрынга са складаным лёсам. Але ў «Сужэнцах Роўз» ён не менш дакладны і пераканаўчы за сваю больш дасведчаную ў камедыях партнёрку.

Гэта стужка пра брытанцаў у ЗША, і ў ёй не абышлося без жартаў пра сутыкненне культур. У адным з эпізодаў Тэа і Айві сустракаюцца з амерыканскімі сябрамі ў ціры. У ЗША дазволена валодаць зброяй, і амерыканскія героі з усмешкай размахваюць зброяй, у той час як брытанцам страшна да яе дакрануцца. Шкада, што на фоне брытанцаў амерыканскія акцёры выглядаюць менш пераканаўча.

Крытыкі паставіліся да стужкі з асцярожным аптымізмам: напрыклад, на рэсурсе IMDB «Сужэнцы Роўз» маюць рэйтынг у 7 балаў з 10. Але шмат хто адзначае, што праца Камбербэтча і Коўлман ужо вартая таго, каб не прайсці міма. Ды і сцэнар моцны — за яго ўзяўся аўстраліец Тоні Макнамара, аўтар сцэнарыя да «Небаракаў» (Poor Things), фільма з Эмай Стоўн, які быў сярод асноўных кандыдатаў на «Оскар» у 2024-м.

У яго атрымалася не проста чорная камедыя, але ў пэўным сэнсе і рамантычная стужка наадварот. Калі звычайныя фільмы пра каханне расказваюць, як два чалавекі знаходзяць адно аднаго, то «Сужэнцы Роўз» — гісторыя пра тое, як некалі закаханыя знаходзяць у сабе, па словах Тэа Роўза, перыядычную нянавісць адно да аднаго, а потым і вырашаюць справіцца з ёй радыкальным чынам. 

Магчыма, гэта не так глянцава і аптымістычна, як у класічных рамантычных камедыях, але затое жыццёва і дасціпна. Гэта разумнае і трапнае кіно, хаця і з трохі зацягнутай першай часткай. У ім не будзе вялікіх сюрпрызаў і кіношных хітрыкаў, гэта гісторыя сям'і, дзе многія пазнаюць саміх сябе. І добра, што і для такіх неідэальных гісторый знаходзіцца месца ў пракаце.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Ў
    01.09.2025
    Данный сериал — один из самых слабых, что вышел в этом году. Пустая трата таланта двух неплохих актёров в главных ролях, поскольку между ними совершенно не было химии. Фильм не смешной, с довольно пошлыми шутками, излишне откровенной сценой секса, кучей нецензурной брани (даже в адрес детей), несколькими словами на букву «С», курением марихуаны, распитием спиртного и насилием. Мусор.
  • Ў
    01.09.2025
    Ж, три назову сходу. Да и остальные семь, если немного подумать.
  • Ж
    01.09.2025
    Ў, гэта, калі сябе самога падманваць, а калі рэальна, без самападману - ніхто 10 добрых рэчаў пра сваю жонку не набярэ.
    Дзесяць благіх рэчаў таксама ніхто не назьбірае, бо занадта.
    Ідыёцкая прапанова, выключна для кіна...

У мінскім метро праходзяць выпрабаванні новыя цягнікі ФОТЫ3

У мінскім метро праходзяць выпрабаванні новыя цягнікі ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

Ці можна забраць рогі, якія знайшлі ў лесе? Можна, але леснікі просяць гэтага не рабіць — вось чаму22

Міністр унутраных спраў Літвы абураны перавозчыкамі: Пасля паездкі ў Беларусь яны вяртаюцца з прамытымі мазгамі31

Дзе ў Мінску будуць працаваць елачныя базары — спіс адрасоў

«Дажыліся. У Беларусі забараняюць выступаць на беларускай»14

Трамп пра дапамогу ўкраінцам: Я ім нічога не даю, а краіны НАТА купляюць узбраенне ЗША за поўную цану10

Paramount, узначалены блізкім да Трампа мільярдэрам, уступіў у барацьбу з Netflix за Warner Bros

6 спосабаў насіць штучнае футра стылёва

М’янма выйшла ў сусветныя лідары па вытворчасці метамфетаміну і опіуму5

Кіроўцу, які гуляў у анлайн-казіно за рулём маршруткі, знайшлі і пакаралі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У мінскім метро праходзяць выпрабаванні новыя цягнікі ФОТЫ3

У мінскім метро праходзяць выпрабаванні новыя цягнікі ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць