Гісторыя

Памёр гісторык Карла Гінзбург, які пісаў пра жыццё тых, каго звыклі не заўважаць

Карла Гінзбург — адзін з заснавальнікаў «мікрагісторыі». Яго ўвага канцэнтравалася на тых бяздольных, а часта і гнаных, што існавалі па-за коламі палітычных, сацыяльных і культурных эліт. Вывучаў Гінзбург эпохі Сярэднявечча і Адраджэння.

Карла Гінзбург, 4 лютага 2026 года, Балоння. Photo by Roberto Serra — Iguana Press / Getty Images

У Балонні, Італія, на 88‑м годзе жыцця памёр гісторык, адзін з заснавальнікаў кірунку мікрагісторыі, Карла Гінзбург. Ён паходзіў з яўрэйскай сям'і з Турына, у 1961 годзе атрымаў ступень доктара філасофіі (PhD) у Пізанскім універсітэце. Пасля гэтага займаўся навуковымі даследаваннямі, захапляльна пісаў і выкладаў. Сярод яго прац — «Начныя бітвы», «Сыр і чарвякі», а таксама «Экстазы: разгадка ведзьмінага шабашу».

У сваёй кнізе «Сыр і чарвякі» (1976) ён даследуе гісторыю фрыульскага млынара XVI стагоддзя, якога звалі Менокіа і які двойчы паўставаў перад судом каталіцкай інквізіцыі: у першы раз яго прысудзілі да пажыццёвага зняволення (пазней ён быў вызвалены па памілаванні з-за дрэннага стану здароўя і гаротнага эканамічнага становішча яго сям'і), а на другі раз яго спалілі на вогнішчы як нераскаянага і зацятага ерэтыка. У гэтай кнізе Гінзбург, на аснове аналізу судовых дакументаў, вылучае розныя аспекты дзіўна разнастайнага свету культурных, філасофскіх, палітычных і рэлігійных поглядаў Менокіа, якія толькі ў мінімальнай ступені можна патлумачыць уплывам «высокай» культуры.

«Бываюць аўтары з такім статусам класікаў, што нязменна здзіўляешся, калі даведваешся, што, аказваецца, яны жывыя і актыўна пішуць. Так у мяне было з Карла Гінзбургам: у гады шкалярства яго імя ўключалася ў гістфакаўскія праграмы і пералічалася недзе побач з Брадэлем, Фуко і яўна само належала гісторыі.

Пасля, у гады больш дарослыя, я здзівіўся яшчэ раз, апынуўшыся на ягонай лекцыі. Класік працягваў быць жывым і бадзёрым, а мне ўсё здавалася, што я праціснуўся ў нейкую шчыліну ў часе і бачу тое, што чалавек майго пакалення бачыць не павінен.

Зараз вось яго сапраўды не стала. Што б сказаў пра гэта млынар Менокіа? Напэўна, тое, што памерлі і яго цела, і ягоная душа, што застаюцца толькі напісаныя ім кнігі, а чытанне кніг можа даваць сапраўдную радасць у жыцці, але і быць небяспечным. І што ёсць вялікая насалода ў разуменні свету — ад нябесных сфераў да самых простых і сціплых яго праяваў. І што сіньёр прафесар тое добра ведаў і іншых гэтаму вучыў», — напісаў у развітальным слове пра Гінзбурга ў сябе ў фэйсбуку гісторык Сяргей Грунтоў. 

Каментары

Цяпер чытаюць

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы

Усе навіны →
Усе навіны

Сабака моцна пагрыз буйную купюру, але яе ўсё адно прынялі. У якіх выпадках не варта адчайвацца?3

Што такое рабатызаваныя турэлі, якія павінны выратаваць Кіеў ад рэактыўных «шахедаў»1

Кіеў пачаў аддзяляць беларусаў ад Лукашэнкі. Калі гэта зменіць жыццё беларусаў ва Украіне?11

Рамзану Кадыраву далі ордэн ад РПЦ7

Падпалкоўніка з факультэта вайсковай разведкі судзяць за «здраду дзяржаве» па справе, якая выглядае палітычнай. Што пра яго вядома?8

Расія ўдарыла дронамі па турэцкім судне з кукурузай

Беларус сабраў грыбы ў Чарнобыльскай зоне і аднёс у лабараторыю. Якія вынікі?12

Беларуская футбольная федэрацыя паскардзілася на хейт Лукашэнкі падчас матча зборнай у Фінляндыі8

У Расіі вайсковы дэзерцір забіў і расчляніў трох жанчын11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы

Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць