Здароўе1010

Ужо не 36,6. За 150 гадоў людзі сталі халаднейшымі

За паўтара стагоддзя сярэдняя тэмпература цела ў людзей знізілася на паўградуса. Чаму так адбылося і якую тэмпературу цяпер лічыць нормай?

Фота: R Yuliana / Vecteezy

У сярэдзіне XIX стагоддзя нямецкі доктар Карл Вундэрліх на падставе замераў тэмпературы пад пахай прыкладна 25 тысяч пацыентаў вызначыў, што ў здаровага дарослага чалавека яна ў сярэднім складае 37 °C. Пры гэтым ваганні нормы ляжаць паміж 36,2 і 37,5 °C.

Як піша Interia.pl, у 2020 годзе даследчыкі са Стэнфардскага ўніверсітэта вырашылі праверыць, ці так гэта дагэтуль. З розных баз яны сабралі больш за 677 тысяч замераў тэмпературы, зробленых у амерыканцаў з 1862 па 2017 год. Найстарэйшыя з іх — медыцынскія запісы ветэранаў Грамадзянскай вайны ў ЗША (1861—1865), якіх дактары абследавалі на працягу дзесяцігоддзяў. Найноўшыя — даныя пацыентаў стэнфардскай клінікі.

Высветлілася, што тэмпература цела амерыканцаў з кожным пакаленнем, народжаным праз дзесяць гадоў пасля папярэдняга, падала прыкладна на 0,03 °C. У выніку ў мужчын, народжаных у канцы XX стагоддзя, яна ў сярэднім стала на 0,59 °C ніжэйшая, чым у тых, хто нарадзіўся ў пачатку XIX стагоддзя. У жанчын розніца меншая, 0,32 °C.

Першае тлумачэнне, якое прыходзіць у галаву, гэта недакладнасць старых тэрмометраў ці спосаб вымярэння. Даследчыкі праверылі гэта на ветэранах Грамадзянскай вайны. Сярод іх былі людзі, народжаныя і ў 1820-я, і ў 1840‑я гады, але тэмпературу ўсім мералі аднолькава. І нават унутры гэтай групы выявілася тая ж заканамернасць: чым пазней чалавек нарадзіўся, тым ніжэйшая ў яго тэмпература. Калі б справа была толькі ў тэрмометрах, такой розніцы сярод ветэранаў не было б.

Яшчэ больш красамоўныя даныя прыйшлі з Балівіі, дзе з 2002 па 2018 год антраполагі назіралі за цімане — народам, які жыве ў амазонскіх лясах. На пачатку назіранняў сярэдняя тэмпература цела цімане была блізкая да 37 °C, а за 16 гадоў знізілася прыкладна да 36,5 °C. Тое, на што ў амерыканцаў пайшло каля двух стагоддзяў, у цімане адбылося менш чым за два дзесяцігоддзі.

Чаму мы «астываем»

Чаму ж тэмпература цела людзей зніжаецца? Адназначнага адказу навукоўцы пакуль не маюць, але ёсць некалькі праўдападобных тлумачэнняў.

Найперш змены тлумачацца тым, што мы сталі менш хварэць. У XIX стагоддзі людзі гадамі жылі з нявылечанымі інфекцыямі, і на барацьбу з імі арганізм увесь час траціў лішнюю энергію. Вакцыны, антыбіётыкі, чыстая вада і гігіена значна паменшылі гэтую нагрузку. Аднак цімане паказваюць, што справа не толькі ў гэтым: інфекцыі ў іх па-ранейшаму вельмі распаўсюджаныя, а тэмпература ўсё роўна ўпала.

Другая версія звязаная з камфортам. Калі ў доме цёпла зімой і прахалодна летам, арганізм траціць менш энергіі на тое, каб сагравацца ці астуджацца. Паводле гіпотэзы аўтараў, гэта магло запаволіць абмен рэчываў, а разам з ім знізіць і тэмпературу цела. Цімане ні ацяплення, ні кандыцыянераў не маюць, але за апошнія дзесяцігоддзі ў іх стала больш цёплага адзення і коўдраў, а жытло — цяплейшым. Даследчыкі мяркуюць, што і гэта магло адыграць ролю.

Дык якая тэмпература нармальная?

Спецыялісты даўно даводзяць што «нармальная тэмпература» — гэта дыяпазон, а не адна лічба. У здаровага дарослага яна можа быць ад прыкладна 36,1 да 37,2 °C.

У пажылых з-за больш павольнага метабалізму і меншай фізічнай актыўнасці яна звычайна ніжэйшая. Жанчыны ў сярэднім маюць крыху вышэйшую тэмпературу за мужчын. Мае значэнне і час сутак. Самая нізкая тэмпература бывае а 3‑ 5‑й гадзіне раніцы, самая высокая — пад вечар. Так што 37 °C па-ранейшаму можа быць цалкам нармальнай тэмпературай для канкрэтнага чалавека, як і значна ніжэйшая. Важней ведаць, якая тэмпература звычайная менавіта для вас.

Каментары10

  • Žvir
    04.11.2026
    Asabliva žančyny... Duža astudzilisia niejak.
  • рептилоиды
    04.11.2026
    давно есть теории, что среди нас живут рептилоиды, а они холоднокровные. От смешанных браков появляются более холоднокровное потомство
  • анекдот
    04.11.2026
    - нейкі, унучак, ты гарачы, - бабуля мацае ўнука лоб
    - не, бабуля, гэта ты астываеш

Цяпер чытаюць

«Пакінулі на некалькі гадзін аднаго на вакзале». Мужчына памёр пасля падзення з вышыні на працы

«Пакінулі на некалькі гадзін аднаго на вакзале». Мужчына памёр пасля падзення з вышыні на працы

Усе навіны →
Усе навіны

Арт-менеджара Алега Ларычава судзяць за прыналежнасць да «Вейшнорыі»1

У Depo ля Плошчы Перамогі пачалі прадаваць кватэры ў доме на пешаходнай вуліцы. Адна з іх каштуе амаль $1 мільён2

У Беларусі выбралі расліну наступнага года5

Пяты дзень маўчыць канал Z-ваенкара Раманава, які расказаў пра колькасць аўтобусаў з Алешак у Расію і Украіну4

Крышціяну Раналду завяршыў кар’еру ў зборнай Партугаліі1

Беларускія ўлады адмовіліся выдаць Літве Кандротаса-Цэлафанаса, які ад суда на радзіме ўцёк у Беларусь6

У Італіі штучны інтэлект адшукаў скрадзеную карціну, на якой злодзеі старанна замалявалі німб і ягня. Зараз алгарытм пачне паляванне на нарабаваныя расіянамі скарбы Украіны

Трэці дзень запар у Еўропе масава паведамляюць пра бомбы на авіярэйсах. Праз гэта сёння экстранна селі шэсць пасажырскіх самалётаў1

У Сербіі затрымалі дзевяць паліцэйскіх за гвалт над пратэстоўцамі4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пакінулі на некалькі гадзін аднаго на вакзале». Мужчына памёр пасля падзення з вышыні на працы

«Пакінулі на некалькі гадзін аднаго на вакзале». Мужчына памёр пасля падзення з вышыні на працы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць